Домой Аляксей Ненадавец Зялёны Багнік-балотнік, ці Беларускія нячысцікі буйным планам

Зялёны Багнік-балотнік, ці Беларускія нячысцікі буйным планам

(Працяг. Глядзіце папярэдні блог на гэтую тэму)

Некаторыя даследчыкі адносяць гэтага дэманалагічнага персанажа да чарцей і пры гэтым небеспадстаўна ўказваюць на тое, што багнік-балотнік жыве ў балоце. А раз там, то адпаведна месца яму сярод нячысцікаў.

Аляксей Ненадавец, багнік-балотнік, тарфяное балота, гнілыя балаціны, дэманалагічныя істоты, міфалогія

Мабыць, гэтага персанажа трэба разглядаць крыху ў іншым ракурсе, бо па сваёй сутнасці ўсе дэманалагічныя істоты… нячысцікі займаюць нячыстыя мясціны. Багніку-балотніку дасталася ў «спадчыну» тарфяное балота, гнілыя балаціны.

Праўда, у паасобных выпадках згадваецца, што ўвогуле над усімі балотамі гаспадарыць балотнік. Таму мы і аддаем яму тое, што належыць ад веку.

М. Нікіфароўскі слушна адзначыў: «Багнік туліцца ў тарфяным балоце, якое ніколі не пакрываецца расліннасцю, якое мае выгляд чорнай бруднай лужыны. Ён ніколі не паяўляецца над паверхнасцю сваёй багны і прысутнасць у ёй выдае толькі бурбалкамі на паверхні ды зрэдку – дробненькімі агеньчыкамі там жа: тыя і другія суправаджаюцца асаблівым «пуктаннем» – нязначным уздрыгваннем паверхні.

Гэта дыхае і пыхкае вечна бяздзетны багнік, які не падымаецца з мяккага ложа і тады, калі ахвяра трапіла ў багну і гіне ў гразі. Ён упэўнены, што ёй не пайсці адсюль і што ахвяра сама падыдзе сюды».

Але нам здаецца, што абасабляць багніка і балотніка не мае асаблівага сэнсу. І адзін, і другі «жывуць» у адной і той жа прасторы, выконваюць адныя і тыя ж функцыі.

Болей таго, ні першага, ні другога людзям не ўдавалася ўбачыць, бо акрамя таго, што яны абодва былі надзвычай лянотнымі, дык яшчэ і старанна хаваліся ад чужых, непажаданых для іх вачэй.

М. Нікіфароўскі падае абстрактны «партрэт» балотніка, што наводзіць на думку адносна аўтарскага стварэння (выканання) ім такой дэманалагічнай істоты. «Хоць нікому з людзей не даводзілася бачыць балотніка такім, які ён ёсць на самой справе, аднак … вядома, што ён страшэнны таўстун, зусім без вачэй, увесь у тоўстым слоі гразі, да якой наліплі ў беспарадку водарасці, мохавыя валокны, смаўжы, жукі і іншыя вадзяныя насякомыя. Усё гэта разам з непаваротлівасцю робіць балотніка найбольш пачварным з нячысцікаў».

Амаль тое ж самае сустракаецца і ў рускай міфалогіі, дзе балотнік выглядаў, як нерухомая, панурая істота, якая сядзела на дне балота. Ці жахлівым увогуле бязвокім таўстуном, цела якога было пакрыта гразёю, водарасцямі, ракушкамі.

У некаторых мясцінах лічылі, што балотнік выглядае як чалавек, але ўсё цела яго зарасло густой поўсцю, і ў яго даўжэйшыя рукі і хвост, закручаны мудрагелістым крукам.

Можна толькі ўявіць сабе, як жа яшчэ страшней выглядаў багнік, бо, паводле сцверджанняў даследчыка, «з выгляду багнік яшчэ бруднейшы, чым балотнік».

Гэтыя балотныя дэманалагічныя персанажы адрозніваліся ад іншых нячысцікаў тым, што іх у балоце ніколі не забіваў (нават не чапаў!) Пярун-Ілля. Тут ягоныя вогненныя косы былі бяссільныя і бясшкодныя.

Прыгадваючы беларускі міф адносна засялення Зямлі (Сусвету), можна ўспомніць, што Богам ім адразу было наканавана жыць на гэтай тэрыторыі. Значыцца, паводле народнага ўяўлення, яны заставаліся непаражальнымі па той простай прычыне, што ніколі не парушалі гэтага табу і не пакідалі свайго спрадвечнага месца. Яно было ім адведзена і яны былі вольныя рабіць тут усё, што пажадаецца. Такое своеасаблівае тлумачэнне бяскрыўднасці (бязгрэшнасці) чорта ўвогуле цяжкатлумачальнае, бо з іншымі нячысцікамі Усявышні, святыя абыходзіліся куды больш бязлітасна.

Зыходзячы з усяго гэтага, можна было зрабіць выснову, што такія дэ­маналагічныя персанажы будуць жыць вечна, калі іх ніхто не забіваў.

Аднак М. Нікіфароўскі знайшоў і тую прычыну, ад якой і багнік і балотнік лёгка знаходзілі сваю смерць. «Балотнікі, багнікі, аржавеннікі і лознікі не паражаюцца грамавымі стрэламі, якія губляюць забойную сілу пры першым судакрананні з паверхняю іх жытла, і нячысцік бясстрашна, з сатанінскаю насмешкаю падхоплівае гэтыя стрэлы». Але для ўсіх гэтых нячысцікаў ёсць непазбежная найвялікшая небяспека – асушэнне іх жытла правядзеннем каналаў: «раз адсюль сыходзіць вада і асела, згусціўшыся, зямля, – нячысцік гіне, бо не ў стане выбрацца з жытла, якое цяпер робіцца яму магілаю. 3 цягам часу астанкі нячысціка зліваюцца з зямлёю і служаць угнаеннем – і адным нячысцікам робіцца меней, таму што ўсе яны вечна самотныя халасцякі».

Болей таго, застаючыся непаражальным ад нябеснай (боскай) сілы, такі нячысцік для людзей быў вельмі каварны тым, што не меў магчымасці адпалохваць ад сябе, нават выпадкова, пачварным выглядам, бо быў для іх нябачным, але, з іншага боку, у яго было надзвычай многа памочнікаў, якія з асаблівай стараннасцю прыслужвалі гаспадару.

Таму нашых продкаў заўсёды палохала багна (багнавіска), бо хоць, здавалася, там і не сустракалі ў адкрытую нячысціка, аднак праявы нячыстай сілы існавалі заўсёды і даволі часта вяскоўцы болей не вярталіся адтуль дамоў.

Здаралася сустракаць сведчанні адносна таго, што балотнік умудраецца псаваць лес, які расце паблізу. Калі няведаючыя гаспадары ўжываюць такія бярвенні пры будаўніцтве, то потым яны аб гэтым вельмі моцна пашкадуюць: у хаце будуць часта хварэць і, без дай прычыны, паміраць людзі, а ў хлявах стане падаць жывёла, якую нельга будзе ні ў якім разе развесці.

Цікава тлумачылася народнымі дарадцамі і тое, як багнікі-балотнікі распраўляліся са сваімі ахвярамі.

Справа ў тым, што не раз людзям даводзілася быць сведкамі смерці ў балоце род­ных, блізкіх, аднавяскоўцаў, проста незнаёмых.

Усё зводзілася да аднаго – чалавек правальваўся ў багну і паволі пачынаў тапіцца. Адбывалася гэта не ад таго, што ён не мог рухацца ці не супраціўляўся, а ад таго, што яму нельга было супраціўляцца. Густая багна «вязала» ногі, не давала магчымасці лішні раз варухнуцца і тым самым усё глыбей і глыбей і цягну­ла няшчаснага на дно.

У таго, хто ўсё гэта бачыў на ўласныя вочы, магло скласціся ўражанне, што на самой справе ахвяру нехта моцна трымае за ногі, паступова паралізуючы ўсё яе це­ла.

Здзіўляла і тое, што пасля таго, як багна засмоктвала чалавека назаўсёды, мясціна смерці зноў зацягвалася зверху балотнай тванню і нішто не нагадвала ўвогуле пра трагедыю, якая зусім нядаўна тут адбылася.

Да таго месца баяліся проста падступіцца, каб і самім не пазбавіцца жыцця.

Балотнік і багнік заўсёды пільнавалі неасцярожных ды няўважлівых людзей, каб пазбавіць іх жыцця, але нельга забывацца і на тое, што як бы гэтым нячысцікам не хацелася заставацца вечнымі, такое ім не ўдавалася. Нягледзячы на непаражальнасць агнём і маланкамі. Смерць іхняя залежала ад прыроднай стыхіі – ад страшэннай засухі, якая, праўда, далёка не кожны год надаралася ў балоцістых мясцінах, і ад лю­тых, траскучых маразоў.

Тут усё зразумела, усё на паверхні. Калі пачне бязлітасна паліць сонца, то яно прыносіць страты і бядоты не толькі чалавеку, але і балотным нячысцікам таксама. Усё навокал высыхае, торф-багна ашчэрваецца сваім страшэнным дном, якое ўсё ў глыбокіх-глыбокіх расколінах і толькі дзе-нідзе невялічкія мачажыны з вадою.

Вядома, утапіцца ў такіх лужынках было проста немагчыма. Болей таго, селянін спакойна хадзіў па балотах, разам з канём забіраўся ў такія глухія мясціны, куды раней дайсці нават ніколі і не марыў. Касіў там, сек дровы, вывозіў торф на палеткі.

Балотным чарцям было не да яго, бо ім самім у такіх неспрыяльных умовах рэдка ўдавалася выжыць, а калі і выжывалі, то былі нагэтулькі стомленыя, змарнелыя, што ўжо ні на каго амаль не рэагавалі.

У лютыя маразы іх падсцерагала іншая небяспека –  навокал усё дачыста вымярзала, зямля прамярзала на вялікую глыбіню, а балоты, за выключэннем хіба што тых самых «чортавых вокнаў», таксама скоўваліся. Адпаведна месцажыхарствы багнікаў і балотнікаў былі звужаны да вельмі абмежаваных памераў, і калі яны не паспелі заранёў, паводле народнага ўяўлення, выбрацца ў балоцістыя глыбіні, то таксама гінулі і, што самае цікавае, гэткай жа пакутніцкай і маруднай смерцю, як і іхнія папярэднія ахвяры.

Ратавацца ад праказаў балотніка раілі наступным чынам: ні ў якім разе не паддавацца на яго зменлівыя і падманлівыя галасы, і кіраваць туды, куды ён кліча-запрашае; а, па-другое, самым моцным абярэгам выступаў крыж (малітва, згадванне Бога, Святой Маці, святых).

Калі ж чалавек, у прызначаны тэрмін, не вяртаўся з балота, то родныя на ўсю ноч пакідалі на стале вячэру для аднаго чалавека, «каб балотнік ноччу прыбег, добра пад’еў і адпусціў няшчасную ахвяру».

Такім чынам, калі некаторыя з дэманалагічных істот маляваліся нашымі продкамі падобнымі на людзей ці на звяроў-жывёл, то ў гэтым выпадку атрымалася адваротнае – і багнік, і балотнік ім уяўляліся нечым міфічным, «безаблічным», ні на што не падобным.

 

Працяг – будзе

 

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя