Домой В стране Зварот з’езду «Беларускай асацыяцыі журналістаў» да прэм’ер-міністра

Зварот з’езду «Беларускай асацыяцыі журналістаў» да прэм’ер-міністра

Прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь Сідорскаму Сяргею Сяргеевічу

Паважаны Сяргей Сяргеевіч!
VII з’езд ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртаецца да Вас у сувязі з эканамічнай дыскрымінацыяй недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў, якая асабліва выразна праяўляецца ў сферы іх распаўсюду.

З канца 2005 года паўтара дзесятка недзяржаўных грамадска-палітычных СМІ выключаныя з дзяржаўнай сеткі распаўсюду па падпісцы, якую ажыццяўляе РУП «Белпошта». Шматлікія звароты да абласных філій і ў РУП «Белпошта», Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (у сістэму якога «Белпошта» уваходзіць), ні да чаго не прывялі. Зыскі рэдакцый і чытачоў газет беларускія суды адмовіліся разглядаць.

Аналагічным чынам сітуацыя складваецца і з продажам газет прадпрыемствамі «Саюздруку». Больш за дзесяць беларускіх недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў з розных нагодаў не прадаюць праз раздробную сетку прадпрыемстваў «Саюздруку», у той час як не толькі дзяржаўныя, але і выключна забаўляльныя выданні знаходзяць сваё месца на вітрынах кіёскаў.

У канцы 2008 года ў дзяржаўныя сеткі распаўсюду вярнулі газеты «Народная воля» і «Наша Ніва». Дэлегаты VII з’езду ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» вітаюць гэты крок, аднак звяртаюць увагу, што 13 недзяржаўных СМІ па-ранейшаму не могуць распаўсюджвацца праз сістэмы «Саюздруку» і «Белпошты».

Адмовы на распаўсюджанне недзяржаўных газет, як правіла, тлумачаць эканамічнымі прычынамі. Аднак шмат якія з выданняў, што выключаныя з падпісных каталогаў і не прадаюцца ў кіёсках «Саюздруку», уваходзілі ў лік лідэраў продажу ў сваіх рэгіёнах. Адмова прадпрыемстваў «Белпошта» і «Саюздрук» ад рэальных грошай ва ўмовах эканамічнага крызісу выклікае неразуменне, як і спроба спаслацца на свабоду суб’ ектаў гаспадарання ў заключэнні дамоваў.

Тое, што адбываецца, прыводзіць да высновы пра свядомую эканамічную і прававую дыскрымінацыю недзяржаўнай грамадска-палітычнай прэсы і замах на грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды грамадзян, у тым ліку на свабоду выказвання меркавання, права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю (арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах). Такія абмежаванні не грунтуюцца на законе і не могуць быць прызнаныя ў дэмакратычным грамадстве.

Забяспечыць роўныя правы ўсім СМІ шляхам зняцця забароны на распаўсюд незалежных друкаваных масмедыя праз дзяржаўныя сеткі распаўсюду — «Саюздрук» і «Белпошта» — заклікаў у сваёй рэзалюцыі ад другога красавіка Еўрапейскі парламент. Ён назваў гэта адным з накірункаў, прагрэс па якіх можа стаць індыкатарам зменаў да лепшага. Лічым неабходным, каб ва ўмовах распачатага перамоўнага працэсу паміж Беларуссю і Еўразвязам гэты зварот быў пачуты Урадам Рэспублікі Беларусь, міністэрствамі і ведамствамі.

VII з’езд ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заклікае Вас вярнуць сітуацыю ў прававое поле, дамагчыся спынення прававой і эканамічнай дыскрымінацыі недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў і забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь на атрыманне і распаўсюджанне інфармацыі і выказванне свайго меркавання.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя