Домой Общество Зноўку затрыманы кіраўнік бабруйскага клуба «Патрыёт»

Зноўку затрыманы кіраўнік бабруйскага клуба «Патрыёт»

Кіраўнік бабруйскага вайскова-спартовага клуба «Патрыёт» Мікалай Міхалькоў быў зноўку затрыманы ў другой палове дня 24 сакавіка. Да яго прыйшлі двое супрацоўнікаў КДБ. Па словах брата затрыманага Сяргея Бульбы, ніякіх канкрэтных абвінавачванняў Мікалаю пакуль не прад’явілі.

«Баюся шанцаў, што яго адпусцяць – вельмі мала. Але мы будзем прыкладаць усе магчымыя высілкі. Відаць прад’явяць іншыя артыкулы, бо без яго рушыцца схема нацыяналістычнага падполля», – кажа Сяргей Бульба.

Ноч з 22 на 23 сакавіка Мікалай Міхалькоў правёў на допыце ў КДБ. Супрацоўнікі камітэта дзяржаўнай бяспекі праводзілі вобшукі ў яго доме, гаражы, нават на лецішчы. Відавочна, ім патрэбны былі хоць якія доказы, каб завесці справу.

А напярэдадані быў затрыманы сын кіраўніка клуба «Патрыёт» Ян Міхалькоў і яшчэ некалькі сябраў арганізацыі. Агулам па справе так званых «баевікоў» па ўсёй краіне затрымана больш як 20 чалавек.

Нагадаем, вайскова-спартовы клуб «Патрыёт» мае дзяржаўны статус – існуе на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ленінскага раёна Бабруйска ўжо больш за дзесяць гадоў. Галоўная адметнасць клуба – настаўнікі размаўляюць з падлеткамі выключна па-беларуску, выхоўваюць іх у рэчышчы любові да сваёй краіны і здаровага ладу жыцця.

 

Ганна Дусь