Домой В мире Значныя падзеі за тыдзень з 1-га па 8-е ліпеня (Агляд «БК»)

Значныя падзеі за тыдзень з 1-га па 8-е ліпеня (Агляд «БК»)

падзеі, за тыдзень, агляд "БК"Пратэсты ў Ганконгу, радыёактыўны Каліфорній, Каліфарнійскія землятрусы, зварот Зяленскага — аб гэтым і іншым чытайце ніжэй. Сусветныя навіны, якія мы палічылі найважнейшымі за мінулы тыдзень.

 

Уначы з 1-га на 2-е ліпеня ў Ганконгу некалькі соцень пратэстоўцаў захапілі Заканадаўчы савет і вывесілі на трыбуне сцяг Ганконга часоў брытанскага панавання. Пратэсты распачаліся праз спробу прыняцця закону аб экстрадыцыі асоб, якіх падазраюць у парушэнні закону, мацерыковаму Кітаю яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня. Крытыкі законапраекту лічаць, што пасля яго прыняцця у рукі кітайскай судовай сістэмы будуць выдаваць дысідэнтаў і несправядліва пераследуемых людзей. Праз пратэсты прыняццё паправак было адкладзена на невызначаны тэрмін. У сваю чаргу праз англамоўнае выданне «China Daily» была выказана пазіцыя, што брытанскія і амерыканскія ўдады маюць непасрэднае дачыненне да арганізацыі беспарадкаў. Афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Кгэн Шуан заявіў:

«Гэтыя дзеянні <…> даюць магчымасць людзям яскрава ўбачыць, як знешнія сілы пад маркай абароны правоў і свабод чалавека спрабуюць разбурыць у Сянгане (кітайская назва Ганконга — заўв. БК) палітыку «адна краіна – дзве сістэмы», і імкнуцца стрымліваць развіццё ўсяго Кітая».

 

4 ліпеня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сутрэўся ў Ватыкане з папам рымскім Францыскам. Размова адбывалася за зачыненымі дзвярыма. Пра дэталі гутаркі невядома. Ёсць толькі сцвярджэнне Крамля, якое прагучала напярэдадні паездкі, што Пуцін і Францыск абмяркуюць сітуацыю ва Украіне і Сірыі. Пасля гутаркі кіраўнікі абмяняліся падарункамі. Прэзідэнт Расіі аддаў пантыфіку ікону з выяваю апосталаў Пятра ды Паўла і дыск з фільмам «Грэх» рэжысёра Андрэя Канчалоўскага. Папа рымскі ў сваю чаргу падарыў гравюру з выглядам плошчы Святога Пятра, пасланне да Сусветнага дня міру і ўзнагародзіў Пуціна медалём, які прысвечаны стагоддзю заканчэння Першай сусветнай вайны з надпісам: «Нічога не губляецца з мірам. Усё можна страціць у вайне». Сустрэча Пуціна і Францыска адбыла ў межах афіцыйнага візіта расіскага прэзідэнта ў Італію.

 

На мінулым тыдні ў Каліфорніі адбыўся наймацнейшы землятрус за апошнія 20 год. Усё пачалося яшчэ 4 ліпеня. Раніцай на поўдні Каліфорніі каля Рыджкрэста трасенне зямной паверхні склала 6,4 магнітудаў паводле шкалы Рыхтэра. У выніку гэтага ад зламаных газавых трубаў загарэліся два дамы. Пасля здарэння некалькі афтэршокаў скалыхнулі поўдзень штата яшчэ раз. І ўжо на наступны дзень — 5 ліпеня — адбыўся землятрус магнітудай 7,1 адзінак. Згодна з дадзенымі Геалагічнай службы ЗША, штуршкі адбыліся ў 8:20 вечара каля таго ж горада Рыджкрэст. За імі з’явілася, як мінімум, 16 афтэршокаў з магнітудай у 4 адзінкі і вышэй. Вынікам здарэння сталі пажары, разбураныя дарогі, пашкоджаныя будынкі, а некалькі чалавек былі траўмаваныя. Сейсмолагі папярэдзілі, што днямі можа адбыцца яшчэ адзін землятрус у 6 адзінак і вышэй. Апошні раз падобная актыўнасць фіксавалася ў 1999 годзе. Тады значных пашкоджанняў нанесена не было.

 

Радыёактыўны Каліфорній на 72 мільёны даляраў знайшлі ў турэцкай правінцыі Балу падчас вобшуку аўтамабіля. Такая знаходка стала магчымай праз спецаперацыю, якую праводзіла тутэйшае ўпраўленне бяспекі па барацьбе з кантрабандай і арганізаванай злачыннасцю. Машына рухалася па аўтамагістралі, якая цягнецца з захаду на ўсход Турцыі. Яна выклікала ў сілавікоў падазрэнне. Падчас вобшуку транспартнага сродка знайшлі 18,01 грама радыёактыўнага каліфорнія. Рыначная вартасць такой колькасці рэчыва дасягае 72 мільёнаў даляраў. Яго выкарыстоўваюць пры вырабе ядзерных боегаловак і падчас працы атамных электрастанцый. Знаходка накіраваная ў нацыянальнае Агенцтва па атамнай энергіі Турцыі, а ў дачыненні да пяцярых падазроных узбуджана крымінальная справа.

 

7-га ліпеня грузінскія авіякампаніі Georgian Airways і MyWay Airlines паведамілі пра выкананне імі апошніх перад забаронай рэйсаў у Расію. Таксама і самалёты расійскіх авіяперавознікаў выканалі свае апошнія рэйсы ў Грузію. Такая сітуацыя склалася праз крыўду Крамля на пратэсты ў Тбілісі, што адбыліся 20 чэрвеня. На наступны дзень Пуцін падпісаў указ пра разрыў прамых авіязносін.

 

Прэзідэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапанаваў Пуціну правесці перамовы ў Мінску. «Кампанію для размовы прапаную наступную, –  сказаў сёння ў сваім відэазвароце ўкраінскі лідэр, – я, вы, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, прэм’ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон». У сваю чаргу, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ініцыятыву Зяленскага разгледзяць, але зазначыў, што прапанаваны фармат з’яўляецца новым, бо дагэтуль амерыканскі бок не ўдзельнічаў у мінскіх перамовах. Лукашэнка ж падтрымаў прапанову ўкраінскага калегі.

 

Менавіта гэтыя падзеі, на наш погляд, вызначылі мінулы тыдзень. Сачыце й надалей за абнаўленнямі «Бабруйскага Кур’ера».

 

Яўген Глаголеў-Васьковіч