Домой Общество Зiнаiда Бандарэнка: «Вядучыя на тэлебачаннi думаюць аб тым, як не зрабiць шкоду...

Зiнаiда Бандарэнка: «Вядучыя на тэлебачаннi думаюць аб тым, як не зрабiць шкоду адной асобе…»

Зiнаiда Бандарэнка — жывая легенда айчыннага тэлебачання. Яна прапрацавала на тэлебачаннi каля 40 гадоў. Вяла ўсе праграмы — ад выпускаў навiн да «Калыханкi». Яе запрашалi на ўрадавыя вечарыны. Пасля сустрэчы з бабруйчанамi, якая адбылася ў нядзелю, знакамiтая вядучая адказала на некалькi нашых пытанняў.

— Чаму i як вы прыйшлi ў палiтыку?
— Я не лiчу сябе вялiкiм палiтыкам. Я проста сумленны чалавек, у якога душа балiць за радзiму, сваiх дзяцей, блiзкiх. Магчыма, у самым пачатку, маё рашэнне было i не зусiм чаканым. Я памятаю, як Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да тэлежурналiстаў дзякаваць, што мы яго падтрымалi, хаця я ў той лiк не ўваходзiла. Ён сказаў прыкладна так: «Вось выступала Зiна, размаўляла на беларускай мове. За гэта яе i любiць народ. А што вы да мяне прычапiлiся з гэтай беларускай мовай? Хай мне пiшуць на беларускай мове тэксты, i я таксама буду на ёй размаўляць». Я яму адказала, што мова наша — родная, чаму на ёй не размаўляць?
Потым мне на тэлебачаннi перасталi даваць часы, сталi чынiць iншыя перашкоды. Я сышла з тэлебачання i пайшла працаваць з Нацыянальным аркестрам сiмфанiчнай i эстраднай музыкi пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга.
Я бачыла, што ўлады нiчога не робяць. Для дзяржаўных кiраўнiкоў нормай станавiлiся нахабства, хамства. Аляксандр Лукашэнка не выконваў сваiх абяцанняў, якiя даваў, калi быў кандыдатам ў прэзiдэнты. Потым у газеце «Народная Воля» з ’явiўся артыкул аб маўчаннi интэлiгенцыi, маўляў, яна не выказвае крытычных меркаванняў да ўлады. I я вырашыла, што маўчаць не буду.
«Народная Воля» выйшла з маiм артыкулам, у якiм я выклала сваю пазiцыю аб уладзе, аб спрадвечнай беларускай нацыi, працавiтасцi, дабрынi, сумленнасцi беларусаў.

— Адна вядомая асоба выказала меркаванне, што жанчыны павiнны не на плошчы хадзiць, а на кухнi варыць боршч. Цi згодны вы з гэтым?
— Лепш бы спадарыня Ярмошына сама варыла боршч i не перашкаджала беларусам будаваць cваё жыццё. Яна прышлы чалавек — не ведае нашай гiсторыi, мовы, людзей. Яна прынесла столькi гора сваiмi дзеяннямi на пасадзе старшынi Цэнтрвыбаркама, сваiмi салдафонскiмi паводзiнамi. Але за гэта ёй калiсьцi абавязкова прыйдзецца трымаць адказ перад Госпадам Богам.

— А вы не баiцеся, што за свае погляды ўлада вам будзе помсцiць?
— За сябе — не, а за сваiх дзяцей, унукаў — баюся. Мне ўжо губляць няма чаго.
Я лiчу сорамам для краiны, якая знаходзiцца ў цэнтры Еўропы, наяўнасць палiтзняволеных. Каб гэта дапамагло, я б на каленi ўпала перад суддзямi, якiя прыгаворвалi iх да турмы…

— Вы былi вядучымi шматлiкiх канцэртаў. А хто ваш кумiр на эстрадзе?
— Ведаеце, мне больш падабаюцца нашы сучасныя нацыянальныя выканаўцы, якi выступаюць цяпер — «Крамбамбуля» з Лявонам Вольскiм, Сяргей Мiхалок, Змiцер Вайцюшкевiч. А тыя мае калегi, якiх я калiсьцi прадстаўляла на канцэртах, выклiкаюць у мяне толькi пачуццё жалю i смутку. Я ведаю, што яны дагаджаюць уладзе не з-за патрабаванняў свайго ўнутранага стану, а таму, каб зарабiць грошы. Я ўспамiнаю часы, калi працавала на тэлебачаннi. Ганарары былi мiзэрнымi. Але я ўглядалася ў камеры, i мне прадстаўлялася, напрыклад, як ля тэлеэкрана сядзiць бабулька з Палесся, альбо старэнькi паляшук, i слухаюць, што я кажу…

— За час працы на тэлебачаннi, канцэртных пляцоўках цi здаралiся з вамi нейкiя камiчныя сiтуацыi, можа быць словы забывалi?
— Не, словы нiколi не забывала. Аднойчы была сiтуацыя, калi настаўнiкi тэлевядучых выступалi ў Палацы спорту разам са сваiмi вучнямi. I мая вучанiца забыла тэкст. Я ўважлiва сачыла за яе выступам, i, калi адчула гэта, нават не дала ёй зрабiць паўзу — расказала за яе тэкст да канца.
Я вельмi хвалявалася перад усiмi выступамi, але я заўсёды была добра падрыхтаванай. У савецкiя часы, таксама як i цяпер, панавала цэнзура. Не дазвалялася выказваць нiводнага лiшняга слова, нiякай имправiзацыi. Але на вучобе ў Маскве педагогi навучылi мяне майстэрству адхiляцца ад сляпога паўтарэння падрыхтаваных слоў. I я стала дазваляць сябе разыходжаннi з тэкстам, прытрымлiвалася толькi асноўнага зместу.

— Чаму беларускае тэлебачанне такое нецiкавае?
— Я выкажуся толькi як вядучая, якая шмат гадоў працавала на тэлебачаннi. Яно сухое, шэрае, акадэмiчнае таму, што вядучыя знаходзяцца далёка ад тых людзей, на якiх працуюць, бо яны не думаюць аб iх. Яны думаюць толькi аб тым, як не зрабiць шкоду адной асобе. Таму столькi засяроджанасцi на iх тварах.

— Як вы падтрымлiваеце такую добрую форму?
— Два разы на тыдзень я хаджу ў басейн Палаца чыгуначнiкаў, побач з якiм жыву. «Вiнаваты» i гены — мая мацi была вельмi рухавай i эмацыйнай. А яшчэ я любiла людзей, якiя знаходзiся побач са мной — мужа, дзяцей, сяброў…

Васiль КУЛIКОЎ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя