Домой Права человека Зацемкі з няволі. Пра інтэлектуальны супраціў

Зацемкі з няволі. Пра інтэлектуальны супраціў

З ліста Алеся Бяляцкага ад 7 студзеня 2013.

Уладзімір Някляеў даслаў мне кніжку «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» ягоны менскі раман. А за тыдзень перад гэтым па падпісцы я атрымаў часопіс «Дзеяслоў», і там таксама ёсьць тэкст «Аўтамату з газіроўкай». Я не марночуся, бо кніжка з аўтографам аўтара, і я ўспрымаю яе як каляднае, навагодняе віншаваньне. Чытаць раман я буду ў часопісе, а кніжку з аўтографам адашлю дадому. У дароўчым надпісе Уладзімір Пракопавіч піша: «Гэтая кніга ўдзячнасьці Менску і ўсім тым, хто разам з Менскам увайшоў у маё жыцьцьцё». Раман гэты вельмі цікавы для мяне. Таму што, па-першае, напісаў яго страшэнна таленавіты і непераўзыйдзены Уладзімір Някляеў, а па-другое, што апісвае ён інтэлектуальны супраціў у Менску ў 60-х гадах. Той перыяд і тых людзей, пра якіх мы амаль што нічога ня ведаем.

І гэта ўжо другая кніжка за 2012 год, якая распавядае пра нонканфармісцкае жыцьцё ў Менску за саветамі. Першая была таксама выдатная «Майстроўня» Сяргея Дубаўца, якая распавядала пра пачатак 80-х, пра пачатак хвалі новага беларускага адраджэньня.

Уладзімір Някляеў напісаў пра інтэлектуальны дысідэнцкі супраціў, Сяргей Дубавец пра пачаткі нацыянальна-дэмакратычнага руху. Гэтыя дзьве кніжкі дапаўняюць адна другую. Яны важныя для разуменьня тых працэсаў, якія адбываліся ў беларускім грамадзтве за саветамі, хаця і зьяўляюцца толькі вяршынямі айсьбергу. Пасля прачытаньня гэтых кніжак наўрад ці хто зараз скажа, што тыя імклівыя зьмены, якія адбыліся ў Беларусі ў канцы 80-х пачатку 90-х гадоў, нечакана зваліліся нам на галаву.

__________

Пад агульнай назвай «Зацемкі з няволі» сабраныя рознага кшталту ўспаміны, развагі, лірычныя адступленні з лістоў Алеся Бяляцкага, дасланых з бабруйскай калоніі.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя