Домой Общество Як улада ўмее рабіць недобразычліўцаў

Як улада ўмее рабіць недобразычліўцаў

Аднойчы (з тыдзень таму) жыхары найстарэйшага мікрараёна Магілёва «Юбілейны» выйшлі з дамоў і ўторкнуліся ў высокую агароджу, за якой грукатала тэхніка і чуліся галасы рабочых.

Аказваецца, тут пачалося будаўніцтва вышыннага дома дзеля «ўшчыльнення свабоднай тэрыторыі». Хто, што, калі, як, па чыім дазволе, па якой дакументацыі і г.д. — даведацца пра гэта рабочыя пасылалі жыхароў… да гарадскога начальства, піша «Тут i цяпер».

Жыхары мікрараёна абралі для такой місіі давераных асоб. Тыя, пабадзяўшыся па розных кабінетах, дазналіся толькі аб тым, што ўжо ведалі і так: тут паўстане, у адпаведнасці з генпланам горада, дванаццаціпавярховік, для чаго давядзецца спілаваць больш як 30 бяроз, што былі калісьці высаджаны жыхарамі, а ў перспектыве (таксама па генплане) тут падымуцца яшчэ тры такія ж дамы.

Аднак ні дакументацыі на будаўніцтва, ні зацверджанага праекта, ні рашэння гарвыканкама наконт «ушчыльнення» — нічога, што ў такіх выпадках справядліва цікавіць людзей, ні ў адным кабінеце гарвыканкама не паказалі. «Чакайце», — сказалі, — прыедзем на месца, патлумачым».

І прыехалі. Але не прадстаўнікі гарвыканкама (іншымі словамі, не ўлада), а прадстаўнікі забудоўшчыкаў: дырэктар ААТ «Домабудоўля» Канстанцін Кожыч і дырэктар Магілёўскага домабудаўнічага камбіната Руслан Пархімовіч, генпадрадчык. Яны толькі паўтарылі тое, што людзі ўжо ведалі: пра генплан, у прыватнасці.

Вось і адказ на тое, чаму не ўлада вядзе сёння перамовы з людзьмі. Той генплан быў распрацаваны і зацверджаны на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Ажыццявіць яго тады не хапіла ні сродкаў, ні імпэту. Потым нават і краіна супольная знікла, новая ж наша яшчэ толькі нараджалася. Тады і парадкаў такіх не было, як сёння: зацвердзілі што захацелі, не пытаючыся ў людзей — і рабі. А цяпер іначай, цяпер такія рэчы трэба ўзгадняць з «народам», ладзіць розныя «грамадскія слуханні». Вось іх і пастаралася абмінуць магілёўская ўлада, накіраваўшы на перамовы з жыхарамі «Юбілейнага» хоць і высокіх службовых асоб, але ад будаўнікоў, а не ад сябе. Бо размова «ад сябе» адпачатку мусіла б быць іншай…

І вось яшчэ дэталь, на якую звярнулі ўвагу незалежныя журналісты. На пытанне пра дэталі будоўлі (на беларускай мове, натуральна), адрасаванае дырэктару той самай «Домабудоўлі», сп. Кожыч адказаў коратка і дакладна: «Я па-беларускі не панімаю». Так і хочацца дадаць: не ён адзін, на жаль. Ці разумее (гэта значыць, ці ўмее разважаць) па-беларуску ўлада гэтай краіны, калі дазваляе сабе рабіць тое, што адбываецца сёння непадалёк Курапатаў? Ці разумее ўлада па-беларуску, калі здолела пасварыцца з усім цывілізаваным светам? Ці разумее яна па-беларуску, калі… (кожны можа прадоўжыць гэты пералік сам).

PS. Што тычыцца новабудоўлі, то, як любяць гаварыць чыноўнікі, пытанне пакуль што не закрыта. Капаць у катлаване працягваюць, павесіць на агароджы неабходную ў такіх выпадках інфармацыю абяцалі, аднак людзі вырашылі прадоўжыць барацьбу за сваю праўду, пачаўшы, у прыватнасці, з адстойвання бярозавага гаю і права на абмеркаванне праблемы, што ўзнікла. Таму мы яшчэ пачуем пра Магілёў у сувязі гэтым…


Віктар ВОЙТ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя