Домой В регионе Як у Бабруйску прайшоў фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова»

Як у Бабруйску прайшоў фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова»

Уладзімір Арлоў, Валянціна Аксак, Сабіна Брыла, Таццяна Скарынкіна, Андрэй Хадановіч і іншыя – у суботу 14-га сакавіка ў тайм-клубе «1387» бабруйчане маглі пабачыць і пачуць адных з самых цікавых і знакамітых літаратаў краіны, а таксама набыць найноўшыя выданні на беларускай мове.

«Кожны народ варты таго, каб мець філасофію на сваёй мове»

Прадмова тайм-клубе «1387»
Павал Баркоўскі

Павал Баркоўскі, філосаф, кандыдат філасофскіх навук, каардынтар супольнасці «Беларуская філасофская прастора» прэзентаваў бабруйскім аматарам літаратуры кнігу «Уводзіны ў філасофію». Гэтае выданне, паводле яе ўкладальніка Баркоўскага – першы этап да паўстання ў Беларусі падручнікаў па філасофіі на роднай мове, а таксама ўвогуле да пераходу на беларускую мову ў навучанні ўсім дысцыплінам.

У кнізе сабраныя найбольш цікавыя філосафы за ўсю гісторыю чалавецтва. Ёсць там таксама і беларускія сучаснікі, як, напрыклад, Валянцін Акудовіч. Укладальнікі кнігі хацелі давесці гэтым выданнем, што вывучаць філасофію магчыма па-беларуску, што адмысловая тэрміналогія ёсць, і гэта можа быць цікава і зусім не складана.

«Кожны народ варты таго, каб мець філасофію на сваёй роднай мове», – падвёў рысу пад прэзентацыяй Павал Баркоўскі.

 Зоркі сучаснай беларускай літаратуры ў Бабруйску

На бабруйскай «Прадмове» перад гасцямі выступілі вядомыя паэткі Валянціна Аксак і Сабіна Брыла.

Прадмова тайм-клубе «1387»
Валянціна Аксак

Валянціна Аксак прэзентавала свой восьмы зборнік вершаў «Кава ў арліным гняздзе». Паэтка патлумачыла, адкуль такая назва – пайшла яна ад шлюбных танцаў арлоў, якія ў гэты перыяд выпісваюць у паветры сапраўдныя васьмёркі. Валянціна Аксак пабачыла ў гэтым сімвалізм, які супаў з часам выхаду і настроем ейнай кнігі – васьмёрка – каханне, бясконцасць, восьмая кніга…

Сабіна Брыла зачытала вершы са сваёй другой кнігі рускамоўных вершаў «Я і іншыя людзі». Сабіна – сапраўдны майстар верлібра. Ейная першая кніга «Толькі літары» была перакладзеная на літоўскую мову і выйшла ў Літве.

Прадмова тайм-клубе «1387»
Уладзімір Арлоў

Прадмова тайм-клубе «1387»Перад бабруйчанамі на «Прадмове» выступіў адзін з самых зорных беларускіх пісьменнікаў – Уладзімір Арлоў. Ён распавёў пра сябе, пра тое, як стаў пісьменнікам, прачытаў свае вершы, у чарговы раз прэзентаваў адну з найлепшых сваіх гістарычных кніг – багата ілюстраваную «Айчыну». Тры гады таму пісьменнік таксама прэзентаваў гэтае выданне ў Бабруйску, і таксама ў тайм-клубе.

Хайп падчас цэнзуры: свабода слова і этыка

Знайшлося месца на літаратурным фестывале і для дыскусіі пра журналістыку. Сабіна Брыла, паэтка, журналістка, Андрэй Бастунец, паэт, бард, старшыня «Беларускай асацыяцыі журналістаў», Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, Таццяна Нядбай, паэтка, намесніца старшыні беларускага ПЭН-цэнтра – спрабавалі высветліць, што ж такое свабода слова і дзе яе больш – у літаратуры ці журналістыцы. Суразмоўцы прыйшлі да высновы, што пісьменнікі больш свабодныя, бо яны могуць фантазаваць, журналісты ж мусяць заўсёды дакладна перадаваць факты, памятаць пра адказнасць перад грамадствам, і не маюць права ўставаць на чыйсьці бок, а даваць голас усім бакам спрэчкі.

Падчас яшчэ адной цікавай дыскусіі «Як пісаць, калі я – арганізацыя?» яе ўдзельнікі Андрэй Бастунец, Андрэй Хадановіч, Таццяна Нядбай разважалі пра межы ўласнай свабоды, калі ты, акрамя таго, што пісьменнік, прадстаўляеш нейкую арганізацыю і мусіш адказваць за ейны імідж.

Напрыканцы фестываля са сваімі песнямі выступіў бард Зміцер Бартосік.

Як праходзіла «Прадмова» у Бабруйску глядзіце таксама ў нашым сюжэце.

 

Марына Міхневіч
Фота Віктара Масаловіча,
Марыны Міхневіч
Відэа Віктара Масаловіча