Домой Аляксей Ненадавец Як перакідваліся ў ваўкалакаў

Як перакідваліся ў ваўкалакаў

Пачатак у пазамінулым блоге.

 

Аляксей Ненадавец, блог, міфалогія, як перакідваліся ў ваўкалакаў

Станавiлiся ваўкалакамi ў пераважнай большасці прымусова цi, дакладней, пад уздзеяннем нейкiх звышнатуральных сiл, якiя моцна ўздзейнiчалi на патрыярхальнага чалавека.

П. Шпiлеўскi адзначаў: «Пад уздзеяннем нячыстай сiлы… чалавек можа быць ператвораны ў разнастайныя прадметы – адухоўленыя i неадухоўленыя».

Болей таго, перакiнуцца ў пярэваратня можна было i пры iншых абставiнах.

«Цераз нядзелю паехаў я з кумам на млiн. Пабулi на млiне, едам назад. І сталi мы коней папасуваць. І мне стала так на сэрцы тошна, так нудна, i захацелася мне вот небеспераменна цераз хамут пралезцi. Як я пралез, так i стаў ваўком i пабег».

П. Шпiлеўскi дадаваў: «Каб ператварыцца ў адвольную жывёлiну, чалавек уторквае ў глухiм месцы лесу, аддаленай пусткi дванаццаць аднолькавых нажоў у зямлю, вастрыём угору, i тройчы куляецца праз iх, iмкнучыся не скрануць нажоў з месца. Пасля першага куляння чалавек трацiць дакладныя рысы свайго твару; пасля другога – застаецца бясформеннай  жывой  iстотай,  пасля  трэцяга – набывае  поўны  выгляд жывёліны, у якую пажадаў ператварыцца».

У гэтага ж даследчыка ёсць зафiксаванае меркаванне адносна таго, як можна пераўвасобiцца ў жывёлiну, якая валодае сілай i кемлiвасцю значна ў меншай ступенi, чым воўк, напрыклад, у лiсiцу або ў птушак: сароку, варону. Але ў некаторых выпадках i ў воўка тут жа пераўвасаблялiся i, што самае дзіўнае, пры тых жа самых умовах, проста мянялася колькасць уторкнутых нажоў, праз якiя павiнен быў перакульвацца будучы ваўкалак.

«Для пераўтварэння ў воўка, лiсу, тхара цi ласку дастаткова сямi нажоў, праз якiя адбываецца тое ж трохразовае кулянне. Але каб ператварыцца ў дробную птушку, у паўзуна цi ў кузурку, можна абысцiся i без нажоў, толькi з дапамогаю асiнавага пня, якi, калi ссякуць дрэва, не хрысцяць: чалавек хапаецца за верхнi край пня i імклiва куляецца праз яго – на другiм баку ён адразу робiцца жаданай жывёлiнай».

На думку старадаўнiх беларусаў iснавала два вiды ваўкалакаў: ваўкалакi-знахары i няшчасныя ахвяры, ператвораныя ў ваўкоў.

Першых нашы продкi надта ж ужо баялiся, а другiх, наадварот, шкадавалi.

Ваўкалакi-чараўнiкi – гэта самыя страшныя з пярэваратняў. Паводле народных перакананняў, у iх засвойваюцца злыя i сквапныя людзi, якiя пастаянна каму-небудзь зайздросцiлi i з-за гэгага не мелi спакою.

Стаць ваўкалакамi – гэта iхняе свядомае памкненне, адзiнае на усё жыццё, бо ў воўчай шкуры можна беспакарана рабiць зло людзям, вымяшчаць на iх уласную помсту i незадавальненне. Гэта з аднаго боку, а з другога – нiхто цябе не паспее заўважыць, тым болей злавiць, каб звесцi рахункi. Такое можа здарыцца хiба што толькi выпадкова. Пераўвасабляючыся ў ваўкоў, такiя людзi-чараўнiкi iмкнулiся засвоiць звярыныя звычкi, iхнюю драпежнасць i крыважэрнасць, каб быць такiмi ж лютымi i раз’юшанымi, як i сапраўдныя звяры. Болей таго, лясныя драпежнiкi часцей за ўсё нападалi на хатнiх жывёл i толькi ў рэдкiх выпадках iхнiмi ахвярамi станавiліся людзi.

Ваўкалакi-чараўнiкi, засвоiўшы пажаданыя ім рысы ды ўласцiвасцi ваўкоў, яшчэ i выдатна ведалi паводзiны людзей, iхнiя слабыя моцныя бакi. Таму падпiльноўвалi толькi выключна вясковых жыхароў, а сярод iх – жанчын i дзяцей, бо з iмi можна было расправiцца без асаблiвых перашкод i цяжкасцей.

Нават ужо калi ахвяра была нежывая, то ваўкалакi не проста елi яе, а рабiлi гэта надзвычай жорстка, бязлiтасна. Напрыклад, з дзiцяцi цi жанчыны дашчэнту выпiвалi кроў, высмоктвалi мозг, а само цела пакiдалi на месцы злачынства, тым самым нiбы сцвярджаючы астатнiм вяскоўцам, што нiчога не баяцца i будуць вырабляць гэтакiя штукарствы i надалей.

У некаторых легендах i паданнях, павер’ях i былiчках тлумачыцца, што ваўкалакамi чараўнiкi станавiлiся не толькi для помсты, але i для таго, каб узбагацiцца, перакiнуўшыся ў воўчую шкуру. Iснавала нават агульнавядомае павер’е, паводле якога вынiкала, што чараўнiк-чалавек мог вельмi лёгка зрабiцца ваўкалакам, так як ён ужо знаходзiўся ў непасрэднай сувязi з нячыстай сiлай, што гэтую сувязь заставалася толькi замацаваць.

Рабiлася гэта наступным чынам. Такi будучы пярэварацень распiсваўся ўласнай крывёй на паперы, якую падсунулi яму пасланцы нячысцiкаў.

Здаралася, што нават адзначалася, куды ваўкалакi-пярэваратнi зносiлi здабытыя каштоўнасцi. Праўда, падкрэслiвалася таксама, што пярэварацень-чараўнiк ужо не толькi адшукваў скарбы, але i нападаў дзеля гэтага на багатых падарожных, гандляроў i г. д. Ён мог распраўляцца ў адзiночку з цэлым абозам. За сабою, звычайна, не пакiдаў слядоў цi, калi дзейнiчаў, то рабiў усё так iмгненна, што нiхто не паспяваў яго заўважыць. Характарызуючы ваўкалакаў гэтакага плана, iнфарматары паведамлялi пра iх вялiзны рост, густую поўсць i нечуваную сiлу.

Часта згадвалi таксама, што ваўкалакi-чараўнiкi не толькi ўзбагачалiся i дапамагалi рабiць гэта ўсялякiм нячысцiкам, але i маглi значна паўплываць на гаспадарчы працэс; з-за іх не было ўраджаю, здаралiся засухi i лютыя маразы, усялякiя пошасцi i нечаканыя пажары. У гэтым можна бачыць i тое, што патрыярхальныя продкi не заўсёды маглi правiльна растлумачыпь з’явы прыроды, сiлы стыхii, якiя даволi часта турбавалi iхняе жыццё, i таму iмкнулiся знайсцi вiнаватых сярод людзей са свайго бліжэйшага асяроддзя.

Пра ваўкалакаў – няшчасных ахвяр – у фальклоры захавалася зусiм iншая, адваротная, памяць.

Справа ў тым, што iх, у пераважнай большасцi вуснапаэтычных твораў, шкадавалi, бо яны ж пераўвасобiлiся ў воўчую шкуру не па ўласнаму жаданню. Яны да ўсяго гэтага ўвогуле не iмкнулiся. Iх заклялi злыя чараўнікi, яны ўхапiлi нейкiя заклятыя прадметы, цi, не ведаючы, што гэтак рабiць нельга, зрабiлi нешта (пераступiлi, пераскочылi, пералезлi i г. д.).

Недарма П. Шпiлеўскi пiсаў: «Зусiм iнакш глядзяць у Беларусi на ваўкалакаў другога вiду, г. зн. на ахвяр знахарскiх ператварэнняў… Кажуць, што гэтыя ваўкалакi зусiм ручныя, як хатнiя жывёлы, – выюць вельмi жаласна цi то па-воўчы, цi то па-сабачы, а часта глуха стогнуць, як цяжка хворыя людзi, таму што, нягледзячы на ператварэнне ў ваўкоў, яны не трацяць чалавечых пачуццяў i нават, у некаторай ступенi, разумнай свядомасцi. З выгляду гэтыя ваўкалакi – зусiм як ваўкi, толькi большай часткаю бываюць аднавокiя i нават сляпыя на абодва вокi».

 

Працяг – будзе.  

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя