Домой Общество Яўген Васьковіч: “Гэтае затрыманне лічу незаконным!”

Яўген Васьковіч: “Гэтае затрыманне лічу незаконным!”

Падзеі 19 снежня, якія адразу ж атрымалі назву “крывавай нядзелі”, ужо сталі адной з самых сумных старонак сучаснай беларускай гісторыі. Падчас іх кандыдаты ў прэзідэнты апынуліся жорстка збітымі, параненымі і арыштаванымі, а сотні мірных мітынгоўцаў і проста мінакоў былі схоплены і кінутыя за краты. 3 студзеня з-за кратаў выйшлі амаль апошнія з болей чым 600 затрыманых у тую ноч грамадзян Беларусі, сярод якіх былі і бабруйчане. З адным з іх — журналістам “Бабрускага кур’еру” Яўгенам Васьковічам — мы паразмаўлялі ў хуткім часе пасля вызвалення.

— Яўген, ты апынуўся на Плошчы ў якасці журналіста?

— Падчас мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў я не працаваў у якасці журналіста, а выконваў ролю дружынніка, як чалец штаба партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Дружына фармавалася з тых, каго мы ведалі асабіста. Нашай задачай было ахоўваць кандыдатаў у прэзідэнты і перадаваць міліцыі правакатараў і пьяных людзей, што мы і здзейснялі. Яшчэ на Кастрычніцкай плошчы мы вывялі некалькіх пьяных і аднаго правакатара. Мы перадалі іх міліцыі, але міліцыя іх не брала, да і яе там было не шмат… Калі мы прыйшлі з Кастрычніцкай плошчы, то адразу стварылі такое паўкола вакол помніка Леніна, дзе кандыдаты раіліся. А потым зрабілі калідор у тры шыхты з кожнага боку, каб кандыдаты ішлі на перамовы. Але міліцэйскае начальства закрылася ў Доме ўраду і ніхто не збіраўся перамаўляцца… Спачатку ўсё было спакойна, а потым нейкім чынам з’явіліся недзе чалавек сем правакатараў. Яны пачалі біць шкло і падбухторваць людзей да нейкіх гвалтоўных, супрацьзаконных дзеянняў. Адразу ж, гледзячы на іх, можна было казаць, што гэта — ніяк не нашыя.

— Я бачыў на відэа з Плошчы, як спадар Віталь Рымашэўскі сам спрабаваў адцягнуць аднаго з правакатараў ад дзвярэй Дома ураду, калі той пачаў іх выламываць. Ці былі яшчэ спробы спыніць правакацыю ў самым яе пачатку?

— Спробы былі, але гэта не ўваходзіла ў менавіта маю задачу. Мы стаялі ў гэты момант у ачапленні, каб не пускаць туды натоўп людзей і, магчыма, іншых правакатараў. Праз нас вывялі КДБіста, які здымаў, мы нават не пускалі ўсіх журналістаў, толькі калі начальнікі скажуць, што гэтых людзей можна прапусціць. Там былі дзве дружыны, якія павінны былі ахоўваць кандыдатаў. Чаму яны не зрабілі гэтага, я ня ведаю.

— Спачатку на відэа бачны магутны натоўп людзей, які рухаецца на Плошчу, людское мора — ўжо на самой плошчы. Але потым людзей на плошчы застаецца значна менш, магчыма, тысяч пяць… Калі людзі пачалі разыходзіцца і пакідаць плошчу?

— Я думаю, што ў той момант, калі пачалася неразбярыха паміж кандыдатамі. Яны пачалі па чарзе выходзіць, штосьці прапаноўваць, казаць нейкія прамовы. Дакладна сцвярджаць не магу, таму што быў у самым цэнтры і не мог бачыць таго, што адбываецца на перыферыі. Але, калі мы ішлі па прашпекце Незалежнасці і пыдыйшлі да Чырвонага Касцёлу, то я азірнуўся і не ўбачыў нават, дзе ўскраяк людзей.

— Як успрынялі людзі прапанову рухацца на плошчу Незалежнасці? І з пункту гледжання сённяшняга дня, ці былі, на твой погляд, дапушчаны з боку арганізатараў акцыі нейкія стратэгічныя памылкі?

— Лічу, што памылак было шмат… 24 лістапада адбылася так званая рэпетыцыя Плошчы. І тады таксама тым жа шляхам крочылі туды ж, рабілі ўсё тое ж самае. Магчыма, спецслужбы і паспяхова падрыхтавалі нейкія загатоўкі?!. Што тычыцца руху на плошчу Незалежнасці, то гэтую прапанову ўспрынялі неадназначна, некаторыя хацелі застацца і стаяць да пераможнага канца, некаторыя ўспрынялі гэта, як добрую навіну. На маю думку, каб мы там стаялі, то нас было б лёгка адсекчы, атачыць і г. д. Стратэгічна мы, напэўна, прагулялі, калі дружына прыбрала гэты калідор на плошчы Незалежнасці. То бок, дружына сама разыйшлася ў той момант, калі АМАПаўцы ад Дома ўраду сыйшлі. Шмат хто ў той час падумаў: “Усё, мы перамаглі!” Сапраўды, доўгі час не было бачна ні АМАПаўцаў, нікога іншага. Па-другое, не было пэўных пагадненняў, а быў толькі загад — слухацца двух чалавек, якія кіруюць агульнай дружынай. Іх жа потым папросту не было бачна. Яны, у сваю чаргу, падначальваліся толькі кандыдатам у прэзідэнты. Усё, што павінна далей адбывацца, аб магчымых зменах у планах ведалі толькі самі кандыдаты.

— Яўген, як ты апынуўся ў СІЗА на вуліцы Акрэсціна?

— У пэўны момант АМАПаўцы нас пачалі адразаць ад асноўнага натоўпу людзей на плошчы Незалежнасці. Зразумела, што гэта быў такі манэўр — яны адышлі ад Дома ураду, каб атачыць нас. Пасля таго, як яны нас абкружылі, яны пачалі нас ціснуць у бок помніка Леніна, з-за чаго пачалось цісненне паміж людзьмі. Дзякуй богу, што людзі амаль не падалі, а хто зваліўся, то удавалася хуценька яго падняць. Але на маіх вачах на прыступках адна дзяўчына ўпала, і на яе, як сабакі, накінуліся чатыры АМАПаўцы. Адразу ж пачалі збіваць дубінкамі, нагамі. Было вельмі непрыемна ад таго, што з-за ціснення нічога нельга было зрабіць, каб дапамагчы ёй. Ня ведаю, што з ёй сталася, але хтосьці казаў, што быццам бы ёй зламалі руку. Таксама бачыў, як АМАПаўцы збілі з ног і амаль не затапталі дзядулю год за 80. Ён быў на кастылях… Калі б яго адтуль не выцягнулі, то, напэўна, і затапталі б! АМАП ішоў, як нейкая бетонная сценка. Быццам бы там не людзі знаходзяцца, а рухаецца нейкая нежывая рэч.

Потым яны спыніліся і сталі, а калі пад’ехаў аўтазак, то раступіліся і зрабілі такі жывы калідор ад дзвярэй аўтазака, па якому пагналі людзей. Да гэтага яны пачалі біць дубінкамі па шчытах, ствараючы такую пагрозу. Мы з гэтага шчыра пасмяяліся, таму што выглядала ўсё гэта надта смешна, але каб не было так горка… Пакуль людзі ішлі ў аўтазак, міліцыянты з-за шчытоў білі іх дубінкамі па галовах, па спінах — не тымі, што з ручкамі, а больш цвёрдымі, прыкладна, як дрэва. Шмат каму галовы паразбівалі гэтымі дубінкамі, яны сцякалі крывёю, але ніхто ніякай дапамогі не аказаў. Мне дубінкай не трапілі, а калі я ўжо садзіўся ў аўтазак, то трапілі, выбачайце, сзаду ў пахавую вобласць. Гэта было ня вельмі прыемна, але трывацца можна было. У гэты аўтазак нас набілі больш за сорак чалавек.

— Падчас затрымання хтосьці супраціўляўся?

— Ніхто. Вялікая частка людзей пачала ўцякаць ад міліцыянтаў. Каму ўдалося гэта зрабіць, каму — не… Але, калі ланцуг замкнуўся і яны пачалі ціснуць, то аказаць супраціў ужо не было магчымасці. Тым больш, што там амаль не было дружыннікаў і людзі былі неарганізаванымі.

— У аўтазаку было цёмна? Як паводзілі там сябе людзі?

— Было цёмна, каму штосьці было патрэбна, падсвечвалі сябе мабільнікамі. Правялі пераклічку, хто хацеў, назваў сябе і арганізацыю… Прывезлі на Акрэсціна, дзе трымалі нас суткі на нагах — да суда і пасля яго — яшчэ гадзіны тры. Увесь гэты час нам не давалі піць і есць, схадзіць у прыбіральню. Там я пазнаў, што такое сапраўдная смага. Папіць я змог толькі на наступны дзень, пасля таго, як у мяне знялі адбіткі пальцаў, і я пайшоў мыць рукі.

— Хто апынуўся побач з табой, ці былі знаёмыя?

— Са мной побач у асноўным былі людзі ад 30-ці год і старэйшыя. Я быў самы малады. Жанчын і дзяўчын было нешмат, але дакладна казаць не магу, бо мы стаялі тварам да сцяны, рукі за спіной і нам нельга было паварочвацца і варушыцца. Праз 30-40 хвілін загадалі жанчынам і дзяўчынам выйсці, і іх некуды павялі. Быў пенсіянер, які сказаў, што ён — інвалід другой групы, яму выбілі зубы і што яму трэба прысесці. Але АМАПаўцы, якія вартавалі нас гэтыя суткі, яму адмовілі, пачалі казаць на яго рознымі бруднымі словамі, увогуле выказвалі непавагу да пенсіянера…

— Усе вытрымалі гэтае выпрабаванне?

— Не, шмат хто падаў — у асноўным, пенсіянеры.

— Як адбываўся суд?

— На наступны дзень. Нас набілі поўны аўтобус у павезлі нейкімі коламі ў Центральны суд. Пасадзілі ў камеру, кожны чакаў, пакуль яго выклікаюць. Суд адбываўся амаль што канвеерам. У мяне спыталі: “Быў?” …”Быў!” “А чаму не паслухаўся папярэджанняў міліцыі?” Я адказаў, што ніякіх папярэджанняў не было… Ну, яны напісалі, што віну сваю прызнаў часткова. Але, я не лічу сябе вінаватым, а гэтае затрыманне лічу незаконным! Паводле Канстытуцыі, мы можам выйсці і выказаць сваю нязгоду… Дарэчы, падчас складання пратаколу мяне спыталі: “Чаму пайшоў на Плошчу?”, я адказаў: “Каб выразіць сваю нязгоду з незаконным кіраваннем Аляксандра Лукашэнкі!” Потым папрасілі выйсці і выклікалі праз 5-7 хвілін, каб зачытаць прысуд.

— Якім чынам вас размяркоўвалі?

— Тых, хто меў пашпарт і вопіс рэчаў, павезлі ў Жодзіна. Я вопіса ня меў, таму застаўся на Акрэсціна.

— Як прайшлі для цябе гэтыя 12 дзён, якімі былі ўмовы ўтрымання?

— Калі нас раскінулі па камерах, то ў нашай камеры апынуліся 4 чалавекі. Акрамя брудных матрасаў на ложках нічога не было. Хто адразу заснуў, хто не спаў, знаходзячыся яшчэ ў шоку. Спалі ў вопратцы, таму што без яе было вельмі халодна. Я нават у першыя дні прастыў. Лекі не давалі ўвогуле, але камусьці з хлопцаў перадалі нейкім чынам таблеткі ад кашлю. Хоць у мяне кашлю не было, но таблеткамі я скарыстаўся, магчыма, яны крыху дапамаглі вылячыцца… Спачатку дазвалялі перадаваць толькі цыгарэты і ваду, потым прэса прыходзіла і кніжкі. У апошнія дні надакучыла ўсё: і чытаць, і ляжаць, і сядзець, і хадзіць. Нічога не хацелася!.. Кармілі тры разы на дзень, але неяк странна. Сняданак давалі дзесьці а 10-й гадзіне, абед быў а 5-й гадзіне і вячэра — а 6-й. Кожныя два-тры дні перакідвалі ў іншыя камеры, тусавалі. Адну ноч ночылі ўпяцёх, хаця былі 4 ложкі. Калі перавялі с першага на 4-ы паверх, то там ужо былі коўдра, бялізна — больш па-чалавечы. Там было цяплее, і мы ўжо распраналіся.

— Бачыў кагосьці яшчэ з бабруйчанаў?

— Ужо напрыканцы бачыў аднаго хлопца (здаецца, Віктар зваць), але я яго ня ведаю.

— Якія паміж вамі былі стасункі, ці падтрымлівалі адзін аднаго?

— Імкнуліся падтрымліваць і жыць гэтым момантам. У апошнія дні, калі ўжо перавялі ў стары корпус, дык увогуле жартавалі: “Вось хутка нас выпусцяць, а потым схопяць, завязут зноў у суд і дадуць яшчэ 15 сутак!..”

— Ці сустрэў у гэтыя дні кагосьці з міліцыянтаў, хто не згубіў чалавечае аблічча?

— Напэўна, толькі тыя, хто працуе на Акрэсціна. Падчас іхняга вартавання мы хоць на нейкі час маглі рукі з-за спіны прыбраць. Пра АМАП гэтага казаць немагчыма.

— Ты паспеў дадому, каб сустрэць Новы год?

— Так, паспеў, але я збіраўся застацца, каб адсвяткаваць Новы год на плошчы ў Менску… Выпусцілі мяне днем. Мяне сустрэлі знаёмыя і адвезлі да ўправы БНФ. Там падпісаў паперы, атрымаў кампенсацыю, частку зноў кінуў у скрыню для ахвяраванняў. З застаўшайся кампенсацыі 77 тысяч трэба яшчэ будзе заплаціць так званы штраф — за ўтрыманне ў СІЗА… Паехаў дамоў выпадкова, таму што адна дзяўчына прапанавала давезці да Бабруйска.

— Многія з беларусаў прызналіся, што ні краіна, ні яны самі ўжо не будуць ранейшымі… Які адбітак пакінулі на цябе падзеі 19 снежня і далейшыя падзеі?

— У грамадстве я асаблівых зрухаў, як апынуўся на волі, не назіраю. Што тычыцца мяне, магу сказаць, што я ўжо больш жорстка стаўлюся да рэжыму, да гэтых фашыстаў. Лічу, што трэба дзейнічаць так жа, як робяць яны. Інакш яны не сыйдуць, а беларусы, як нацыя, знікне, ці ператварыцца ў рабоў. Трэба спадзявацца і разлічваць толькі на сябе, таму што Захад і Ўсход, калі б хацелі, то маглі б зрабіць ўсё, каб адклікаць сваіх амбасадараў і зладзіць для Беларусі рэжым ізаляцыі. Максімум за год Лукашэнка б сыйшоў, або яго б скінулі тыя, хто за яго галасаваў.

Антон Пуціла.