Домой Аляксей Ненадавец Выявы дамавіка

Выявы дамавіка

Пачатак тэмы: http://babruysk.by/tayamnichy-damavik/

Аляксей Ненадавец, блог, выявы дамавіка, міфалогіяЛюдзі былі ўпэўнены ў тым, што дамавік можа паказвацца ценем на сцяне, ці катом, сабакам, ласкаю, мышшу, змяёю, вужом, жабай.

Адзін і той жа дамавік мог спакойна змяніць воблік і паўставаць, то вужом, то змяёю, ці як кот і змяя, або меў выгляд гаспадара дома ці кагосьці з нядаўна памершых яго родных.

Можна сустрэць яшчэ сведчанні і пра і тое, што дамавік меў усяго адно вуха і быў лахматым. Адносна адмоўнай рысы дадавалі чым  больш лахматы, тым гаспадар больш заможны.

Дамавік мог раззлавацца за нешта на гаспадара і тады помсціў яму за гэта або проста здзекаваўся. Е. Раманаў адзначаў, што «пры апякунстве дамавіка ў доме ўсё ідзе спраўней; у адваротным выпадку ён стараецца шкодзіць гаспадару: уночы  б’е посуд, кідае качэргі, нават спрабуе душыць гаспадара, калі той спіць; у доме ўсё не ладзіцца і галоўным чынам не вядзецца скаціна».

У А. Багдановіча чытаем: «Гаспадар любіць дружную сям’ю, ён не церпіць сварлівых баб і часам строга  карае зачыншчыкаў сямейных нязгод: ноччу, у час сну, ён  навальваецца зачыншчыку на грудзі і душыць яго.

Калі ўсе  справы ідуць добра і добра прадбачыцца ў будучым, тады ён  скача на лаве ў хаце, ці ў хаце, ці ў клеці, ці ў сенцах.

Калі ж сям’ю чакаюць няшчасці, ён у прадчуванні гэтага пачынае завываць па начах і тым папярэджвае гаспадара.

3 дамавым трэба жыць у  згодзе, трэба ўмець яму дагаджаць… Прагнявіш дамавога – і ён не толькі не будзе спрыяць, але нават можа нашкодзіць  у гаспадарцы».

М. Нікіфароўскі падкрэсліваў: «За ўсю бескарыслівую дапамогу дамавік патрабуе ад хатніх заўсёды пашаны і таго, каб яны не забывалі дабрадзея ва ўрачыстыя для сям’і дні. Удзячныя гаспадары шануюць дамавіка просьбаю з’явіцца  за стол (у памінальныя дні), пасцілаючы для яго чыстае палатно ад парога да стала; падобнае, але маўклівае запрашэнне робяць яны і збіраючы гасцей на хрэсьбіны, на вяселлі…

Дамавік капрызны, нават пераборлівы, і не мірыцца з тым, хто ідзе супраць яго волі густаў і звычак. Ён не церпіць у доме люстэркаў, масак, вясёлых зборышчаў; не любіць, калі ля парога ляжыць які-небудзь прадмет, а тым больш – жывая  істота, што перашкаджае яго пераходам з хаты у хату або з хаты ў сенцы і назад. Тады ён пачынае сваволіць і тым самым перасцерагае жыхароў ад свайго далейшага гневу: уночы скідвае посуд у балею, перастаўляе прадметы… ці звальвае грудаю пад лаву, у падпечча, прычым пакідае некранутымі абразы, хлеб і соль на стале».

В. Дабравольскі пакінуў нам такія «ўспаміны» пра дамавіка: «Дамавік любіць гаспадароў і гаспадынь працалюбівых, рахманых і цвярозых. Заўважана, што не ўсе дзеянні яму падабаюцца… Вынікам няміласці дамавіка лічыцца неўраджай на полі і разлад у сям’і… Калі хто з членаў сям’і не палюбіцца дамавіку, дамавік наганяе на яго сум, панурасць, нелюбімец захворвае, сохне… нарэшце памірае, паколькі быў нежаданы. Так знахары… тлумачаць родным прычыну яго смерці…

А што на дамавіка нападае дух гарэзлівасці і  дзікага шалу – таксама бывае.

У адным сялянскім двары дамавік раскідаў па двары ўсе рэчы і рассваволіўся  да таго, што хлопчыка, які спаў на возе, закінуў у бліжэйшую лагчыну і сухім галлём закідаў, але, зрэшты, зрабіў гэта надзвычай асцярожна: хлопчыка знайшлі ў ламаччы, калі ён спакойна спаў».

Часам сцвярджалася, што дамавік можа жыць з гаспадаром хаціны ў згодзе і ніколі не спрачацца. Але некаторыя людзі маглі пастаянна канфліктаваць з дамавіком. У М. Нікіфароўскага занатавана: «Сувязі з дамавіком не лічацца заганнымі ў той ме­ры, як з іншымі нячысцікамі, і атрыманае праз яго дабро не ідзе прахам. Аднак ад гэтай сувязі чалавек робіцца задумлівым, маўклівым ці гаворыць коратка, больш рыфмаю – тым больш бесталкова, чым глыбей сувязі; ён адасабляецца і заканчвае ці вар’яцтвам, ці самагубствам».

Некаторыя даследчыкі адзначаюць, дзе вельмі трэба баяцца дамавіка і паводзіць сябе пры гэтым надзвычай асцярожна. Згадваецца нават своеасаблівая часавая прастора, месца здарэння, сустрэчы, згадвання і г. д.: «Асабліва трэба асцярожна трымаць сябе ў хляве… апоўдні трэба асцерагацца лаянкі, буй­ных размоў, асабліва кляцьбы. Апоўдні збываецца кляцьба маці. Ці  не ад таго, што апоўдні дамавік моцна спіць, а калі пабудзіць яго і патрывожыць, то ён не ў настроі і  злуецца».

Як бачым, тут падкрэсліваецца і тое, як трэба абыходзіцца паважна са сваімі роднымі і блізкімі, у адваротным выпадку, і тых, каго клялі ўсялякімі праклёнамі, і таго, хто гэта ўсё рабіў магло чакаць пакаранне. Часам яно было даволі жорсткім і суровым, а часам проста толькі нагадвала пакаранне.

У. Дабравольскі адзначае: «Часам дамавік бывае вельмі  крыўдлівы: не спадабаецца яму якое-небудзь слова, ён у цемры, у небяспечным месцы штурхае пад калена, збівае з ног і робіць калекам. Хоць у час малітвы да дамавіка ніхто не хрысціцца. Дамавік цярпець не можа, каб яго называлі чорным іменем «чорт».

 

Працяг – будзе. 

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя