Домой Главные новости «Вяртацца ў Беларусь не планую». Гісторыі бабруйчан, якія паехалі на заробкі ў...

«Вяртацца ў Беларусь не планую». Гісторыі бабруйчан, якія паехалі на заробкі ў Еўрасаюз

 гісторыі бабруйчан, якія паехалі на заробкі, у ЕўрасаюзНашыя суразмоўцы – кваліфікаваныя спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Яны працавалі на буйных бабруйскіх прадпрыемствах. Але пракарміць сям’ю на заробак у 300 USD аказалася немагчыма. Як працуецца за мяжой – аповеды з першых вуснаў.

«У Беларусі – жабрацкі заробак і нуль перспектываў»

Ігар, 35 гадоў, сёлета з’ехаў у Польшчу, цяпер працуе ў Гданьску:

«Я працаваў на адным з Бабруйскіх прадпрыемстваў інжынерам. Калі сыходзіў, мой заробак складаў 600 рублёў. З Бабруйску я не паехаў адразу ў Польшчу, паспытаў шчасця ў Менску. Але ў выніку зразумеў, што паўсюль у нас прыкладна аднолькавая сітуацыя – жабрацкі заробак, а самае галоўнае – нуль перспектываў. Таму пачаў шукаць вакансіі ў Польшчы.

Мая вялікая перавага – тое, што маю карту паляка. Гэты дакумент насамрэч адкрывае шмат якія дзверы ў Польшчы. Першае і самае галоўнае – карта дазваляе афіцыйна працаваць у Польшчы. Табе не трэба афармляць дазвол, рабіць працоўную візу. Калі маеш сталую працу, адразу можаш падавацца на від на жыхарства. Прасцей і хутчэй атрымаць грамадзянства.

Знайсці працу ў мяне атрымалася даволі хутка. Магчыма, мне сапраўды пашчасціла, бо ведаю больш складаныя гісторыі. Я зараз працую аператарам станка з лічбавым праграмным кіраваннем.

Стаўленне палякаў да мяне на прадпрыемстве добрае – як з боку калегаў, так і начальства. Тут, акрамя карты паляка, мае значэнне, што я – беларус. Бо бачу, напрыклад, што да ўкраінцаў палякі ставяцца крыху інакш. Так, вельмі часта там украінцы працуюць у сапраўды рабскіх умовах. Але зрэшты, яны самі ў гэтым таксама вінаватыя, самі сапсавалі сабе рэпутацыю. Бо едуць цяпер у Польшчу ўсе, без разбору, тыя, хто нічога не ведаюць, не ўмеюць, некваліфікаваная працоўная сіла. Яны не ведаюць польскай мовы, найчасцей увесь іхні працоўны досвед – гэта праца рукамі. Калі я выразна падкрэсліў, што я з Беларусі, адразу адчуў іншае да сябе стаўленне.

Мне падабаюцца ўмовы, на якіх я зараз працую. Планую ў хуткім часе перавезці да сябе сям’ю з Бабруйска. Вяртацца ў Беларусь пакуль планаў няма. Бо ўвогуле не бачу там нейкіх перспектываў. Галоўнае для мяне пытанне – што беларус можа даць сваім дзецям? Узровень школы, агулам сістэмы адукацыі ў нас – ніжэй за плінтус. Ахова здароўя – там жа. Асабліва ў Бабруйску. Ну добра, я ячшэ дацягну да пенсіі як-небудзь. А дзеці? Што я дам ім? А яшчэ што непакоіць і робіць жыццё ў Беларусі не вельмі камфортным – дык гэта Расея пад бокам, і людзі, якія гатовыя хоць заўтра стаць адміністрацыйнай адзінкай Расейскай Федэрацыі.

У Польшчы мне камфортна. Тут меньш агрэсіі ў людзей, агулам людзі больш добразычлівыя, спакайнейшыя. Кошты на прадукты ніжэйшыя, чым у Беларусі. Харчавацца добрай,  якаснай ежай – увогуле не праблема.

Тым беларусам, хто таксама задумваецца пра пераезд, хачу параіць усё вельмі добра абдумаць, усе варыянты развіцця падзей. Працу лепш шукаць самастойна, наўпрост кантактаваць з палякамі, не звязвацца з пасярэднікамі. Найбольш шансаў на добрую працу ў тых, хто мае запатрабаваную прафесію, валодае мовай і мае карту паляка. Але ўвогуле, праца ёсць для ўсіх. У палякаў зараз страшэнная праблема – недахоп працоўных рук. Самі палякі з’язжаюць у Германію, Англію, Скандынаўскія краіны. Таму вельмі адчувальны недахоп працаўнікоў. Заробак, нават стартавы, тут такі, што можна нармальна жыць, асабліва калі ты без сям’і. Ніжэй за USD 1000 ты не будзеш атрымліваць. А ёсць яшчэ магчымась працаваць у выходныя і пасля сканчэння змены, што аплочваецца вышэй. У той час як у Бабруйску на буйных прадпрыемстваў максімальны заробак такіх адмыслоўцаў, як я, напрыклад – BYN 800-1000”.

«Тут трэба рабіць хутка і якасна, у Беларусі – хутка і абы-як»

Сяргей, 39 гадоў. З’ехаў у Чэхію, жыве і працуе пад Прагай:

«Я працаваў на адным з бабруйскіх заводаў. Да працы на заводзе яшчэ спрабаваў зрабіць бізнэс у Беларусі. Спрабаваў сябе ў двух розных сферах, але абодва разы ўсё правалілася. Праз некаторы час працы на заводзе пачаў сур’ёзна задумвацца пра ад’езд. Спачатку я хацеў у Аўстралію. Пачаў вучыць ангельскую мову. Але хутка зразумеў, што трэба рэальна глядзець на рэчы, і што ў мае амаль сорак дасканальна вывучыць ангельскую, да ўзроўню, неабходнага для пераезду ў Астралію, мне будзе вельмі цяжка і зойме шмат часу. Зразумеўшы гэта, я пачаў шукаць іншыя варыянты. І вось найбольш зручнай аказалася Чэхія. Дарэчы, тое-сёе, што я ўжо ведаў з ангельскай, мне вельмі прыдалося тут,  пакуль крыху не адаптаваўся да чэскай мовы. Ангельскую тут ведаюць усе, пачынаючы ад школьнікаў.

Працу тут я шукаў сам, да агенцый ці пасярэднікаў не звяртаўся. Ёсць вельмі зручны сайт Чэскага міністэрства працы, і там шмат вакансій. Мая прафесія – наладчык станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем. З такой спецыяльнасцю можна яшчэ знайсці працу ў Германіі, і я пачынаў шукаць там, але там паўсюль патрэбная нямецкая мова. Для мяне гэта быў не варыянт, бо я стаміўся ўжо ад вывучэння ангельскай, каб яшчэ нямецкую пачынаць. Тады я спыніўся на Чэхіі.

Праца знайшлася даволі хутка. Ужо трэці адказ на мой запыт быў з задавальняючымі ўмовамі.

На месцы я зразумеў, што, хоць і маю досвед ў сваёй спецыяльнасці, прыйдзецца ўсё пачынаць з пачатку. Таму што тут усё інакш. Першыя некалькі дзён я проста назіраў, як іншыя працуюць. Потым – працуеш пад наглядам кіраўніка праз некаторы час. Таму што тут адрозная ад нашай сістэма – тут трэба зрабіць хутка і якасна. У той час як у Беларусі – хутка і абы-як. Гледзячы на тое, як працуюць чэхі, я разумею, што Беларусь вельмі адстала. І ў бліжэйшы час у Беларусі мала шансаў дагнаць нават Чэхію. Змяняць трэба не толькі тэхналогіі, але і мысленне.

У Бабруйску мой заробак быў USD 300. Тут на пачатку – у тры разы больш. Потым, падвышаючы сваю кваліфікацыю, падвышаеш і свой заробак. Разлічваю на USD 1300 у сярэднім.

Што найперш кінулася ў вочы? Агульны культурны ўзровень людзей, ветлівасць. Я нават з сорамам пачаў адчуваць, што мне самому не стае гэтага – выхаванасці, культуры ўсмешкі, уважлівасці да іншага чалавека. Дома, у Беларусі я на гэта не звяртаў увагі. А тут людзі не такія смутныя, як у нас, таму адразу адчуваеш кантраст. Што яшчэ здзівіла – чэхі не пантуюцца. Яны не купляюць у крэдыт апошнія мадэлі айфонаў, ці самыя дарагія машыны. Для іх галоўнае – дом. Каб у доме было ўтульна. У свае дамы яны ўкладваюцца, так.

Пакуль што я жыву бясплатна – прадпрыемства дало жытло. Кошты на прадукты амаль такія ж, як у Беларусі, хоць некаторыя рэчы, напрыклад, крупы, даражэйшыя. Асабліва танна атрымліваецца, калі купляць па акцыі. Вельмі дарагія тут цыгарэты – разоў у пяць даражэйшыя, чым у Беларусі.

Што цяжка – адчуванне, што сумуеш па дому. Там засталіся дзеці, сябры, знаёмыя. Так, ёсць вайбер, скайп. Але гэта не тое. Я думаў, што гэты сум мяне не закране. Але ж не. Размаўляючы з іншымі, хто прыехаў гэтак жа, як я, разумею, што такі стан праз некаторы час будзе ва ўсіх, і да гэтага трэба быць гатовым. Галоўнае,  не заставацца аднаму, шукаць аднадумцаў. Землякоў, дарэчы, знайсці лёгка, бо эмігрантаў шмат. Трэба вучыць чэскую мову, каб мець магчымасць завесці сяброўствы з мясцовымі. Дарэчы, мова не такая й цяжкая. Я ўжо амаль усё разумею, калі суразмоўца кажа павольна.

Я прыехаў, бо хачу зарабіць для сваёй сям’і, хачу, каб яны ўбачылі, што можна жыць інакш, лепш, чым мы дагэтуль жылі. Вяртацца ў Беларусь я не планую».

Даведка: толькі паводле афіцыйнай інфармацыі дэпартаменту па міграцыі і грамадзянству МУС, за студзень-верасень бягучага года за мяжу на заробкі з’ехалі 9053 беларусаў. Гэта на 866 чалавек больш, чым летась. Самымі папулярнымі краінамі, у якіх беларусы шукаюць магчымасці зарабіць, становяцца Польшча і Літва. У Расею цяпер едуць меньш.

У Бабруйску за гэты год колькасць працоўных знізілася на 2,7 тысяч чалавек. Занятасць у горадзе паменьшылася на 3%. Гэта самае значнае зніжэнне колькасці працоўных у Беларусі.

 

Размаўляла Марына Міхневіч