Домой Главные новости Вярнуць грошы – немагчыма. Што адбываецца з «падаткам на дармаедзтва»?

Вярнуць грошы – немагчыма. Што адбываецца з «падаткам на дармаедзтва»?

Беларусь, падатак на дармаедзтва, Бабруйск, Дэкрэт № 3, як вяртаць грошы

Яшчэ 9 сакавіка Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што законапаслухмяным «дармаедам» вернуць сплачаныя грошы. Аднак юрыдычна Дэкрэт № 3 працягвае працаваць, а як вяртаць грошы за «падатак на дармаедзтва» у падатковых інспэкцыях ня ведаюць.

«Можа, у 2018 годзе вернем грошы»

9 сакавіка 2017 года, калі па Беларусі пракацілася хваля пратэстаў супраць Дэкрэту прэзыдэнта № 3, Аляксандар Лукашэнка прыпыніў спрэчны закон. Дакладней, даручыў не зьбіраць падатак цягам года. Таксама ён паабяцаў вярнуць грошы тым «дармаедам», што пайшлі працаваць.

​«Хто аплаціў у 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён ня будзе працаваць. Калі ён паступіць на працу, мы зь бюджэту па яго патрабаваньні вернем гэтыя грошы», – казаў Лукашэнка.

Насамрэч, вярнуць сплачаныя за «падатак на дармаедзтва» грошы сёньня немагчыма. Ні пастаноў, ні законаў, аніякіх дакумэнтаў на гэты конт не існуе. Нешматлікія выпадкі, калі людзі спрабавалі атрымаць назад сплачаны падатак, скончыліся нічым.

Пра адзін такі выпадак Свабодзе распавёў Леанід Судаленка, праваабаронца і прававы інспэктар РЭП з Гомля. Да Судаленкі зьвярнулася кабета, якая заплаціла падатак, а пасьля заявы Лукашэнкі паспрабавала вярнуць яго.

«Я дапамагаў ёй рыхтаваць зварот у падатковую інспэкцыю, – кажа Судаленка. – Ёй штосьці няўцямнае там сказалі. Што зараз схемы вяртаньня няма. Калі яна будзе распрацаваная, то ў 2018 годзе яны вернуць грошы».

Пры тым, што падатак на дармаедзтва аплацілі больш за 40 тысяч чалавек, вельмі нямногія спрабавалі вярнуць сплачаныя грошы. А ў суд увогуле ніхто не зьвяртаўся.

«Людзі, што заплацілі падатак – гэта не байцы, – кажа Судаленка. Яны ня пойдуць судзіцца. Каб знайсьці чалавека байцоўскага характару, які б пагадзіўся пайсьці ў суд і запатрабаваў ад падатковай тыя грошы, я бы з задавальненьнем узяўся за такі кейс. Але няма такіх людзей».

Уладам лепш забыцца на гэты дэкрэт

Леанід Судаленка дапамагаў абскарджваць Дэкрэт № 3 многім жыхарам Гомельскай вобласьці. Ён кажа што зьменаў у заканадаўстве не было: быў толькі вусны загад Аляксандар Лукашэнкі.

«Дэкрэт дзейнічае ў тым выглядзе, што і ў студзені, калі падатковыя накіроўвалі „лісты шчасьця“, – кажа праваабаронца. – Ня норму закону выконваюць, а тое, што сказаў аўтар дэкрэту».

​Гэтую інфармацыю пацьвярджаюць у Міністэрстве па падатках і зборах. На пытаньне, як вярнуць сплачаныя па дэкрэце грошы, на гарачай лініі міністэрства адказваюць, што гэта немагчыма.

«Нічога не было прыпынена, дэкрэт дзейнічае на цяперашні час, – тлумачыць кансультант. – Пакуль няма магчымасьці вярнуць, бо ў нас няма дакумэнтаў, на падставе якіх вяртаць грошы. Створана працоўная група, якая разглядае варыянты, як вяртаць грашовыя сродкі, якія раней сплацілі. Яны рыхтуюць праект».

Насамрэч ня толькі праект, але і папраўкі ў дэкрэт мусілі быць гатовыя да канца сакавіка. Менавіта ў такі тэрмін Лукашэнка даручаў дэпутатам Нацыянальнага сходу перапрацаваць закон. І толькі 16 траўня ўрад стварыў міжведамасную рабочую групу, каб распрацаваць новую канцэпцыю дэкрэту № 3.

Улада зьліла гэты дэкрэт ва ўнітаз, і больш яна да яго ня вернецца ў тым выглядзе, у якім ён існаваў

«Пэрспэктывы дэкрэту? Казаў тады і зараз кажу: улада зьліла гэты дэкрэт ва ўнітаз, і больш яна да яго ня вернецца ў тым выглядзе, у якім ён існаваў, – кажа Судаленка. – Па-мойму, лепш забыцца на яго і стварыць новы дакумэнт».

Як варыянт ён прыводзіць ідэю страхавой мэдыцыны. Сэнс яе ў тым, што бясплатна трапіць у паліклініку ці шпіталь можа толькі той чалавек, які мае картку страхавых унёскаў.

«Такая цывілізаваная форма існуе ў Эўропе», – кажа Судаленка.

Да канца год ёсьць час

Да 20 лютага «падатак на дармаедзтва» мусілі заплаціць тыя, хто працаваў менш за 183 дні ў 2015 годзе. Раз дэкрэт працягвае дзейнічаць безь зьменаў, значыць павінны рыхтавацца сьпісы «дармаедаў» 2016 года. Але ці падлічваюць іх, так і не зразумела.

​У раённых падатковых інспэкцыях адмаўляюцца адказваць, ці рыхтуюць сьпіс леташніх «дармаедаў». Таксама, такой інфармацыі не ўдалося атрымаць і ў самім Міністэрстве па падатках і зборах.

«Па гэтым пытаньні я вам нічога сказаць не магу, – адказалі Свабодзе ў прэс-службе міністэрства. – Дэкрэт, ён дзейнічае. Яго ніхто не адмяняў. Што тычыцца зьменаў – гэта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Усё, што дэкрэтам прадпісана, мы выконваем, як адміністратары. Але мы не мэтадолягі дэкрэту».

У сваю чаргу, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, наадварот, раіць зьвяртацца да падаткавікоў.

«Інфармацыю зьбіраем ня мы, а падаткавікі, – сказала Свабодзе Вольга Шцін, прэс-сакратарка міністэрства працы і сацыяальнай абароны. – Зараз праводзіцца праца над канцэпцыяй. Прыходзяць прапановы ад грамадзянаў: нам і тэлефануюць, і пішуць. Да канца года яшчэ ёсьць час, і мы працуем».

 

Антон Трафімовіч

https://www.svaboda.org/

Фота з https://www.svaboda.org/

 

Ад рэдакцыі «БК». Між тым нашай рэдакцыі  сталі вядомы факты «збору інфармацыі» пра непрацуючых бабруйчан. Пакватэрныя абтэлефанаванні робяцца работнікамі сістэмы адукацыі, якім, як можна зразумець, «спушчаны» спісы з падатковай інспекцыі.

У нейкіх «складаных» і г.д. выпадках на кватэры неплацельшчыкаў гэтых пабораў, «адмоўнікаў», прыходзяць «зборныя каманды» ў складзе прадстаўніка мясцовай адміністрацыі і ўчастковага інспектара з УУС…
Такім чынам  улады «ўдакладняюць» спісы (як ім і было загадана «зверху»). А раз удакладняюць, значыць, дэкрэт № 3 дзейнічае…