Домой Аляксей Ненадавец Вуж у гісторыі і фальклоры

Вуж у гісторыі і фальклоры

Аляксей Ненадавец, блог, вуж у гісторыі і фальклорыУ гістарычных дакументах захаваліся ўспаміны сучаснікаў аб свяшчэнных мясцінах, дзе старажытныя людзі пакланяліся вужам. Так, у «Жывапіснай Расіі» чытаем наступнае: «…у 1413 годзе Ягайла з Вітаўтам у сваёй прысутнасці загадалі патушыць нязгасны агонь, знішчыць вужоў і разбурыць алтар Перкунаса (Перуна)».

У ваколіцах Кобрына да нашых дзён забойства чорнага вужа сярод вяскоўцаў лічыцца грахом, які амаль немагчыма замаліць.

Беларусы, пакідаючы сваё жыллё, асабліва ў перыяд гадавых сезонных работ, калі дома амаль нікога не заставалася, іменна з вужамі звязвалі думку аб ахове невялікага нажытага дабра, якое заставалася ў хаце.

Прыгадаем, гэтае ж самае звязана і з выявамі вужоў на вокнах і тое, што даволі часта ў беларускім фальклоры вуж называў валадаром, а ў чэхаў, паводле А. Афанасьева, ён насіў мянушку «гад-господарик». Даследчык падкрэсліваў, што па чэшскаму павер’ю ў кожнай хаце ёсць свой дамавік, які зрэдку паказваецца людзям. Калі памірае гэты гад, то разам з ім памірае і гаспадар дома.

У некаторых вёсках таксама сцвярджаюць, што «ў кожнай хаце жывуць дзве вялікія змяі, яны з’яўляюцца таямнічымі прадстаўнікамі сям’і гаспадара. Калі будзе забіты змей-самец, то непазбежна памірае гаспадар дома, а калі самка – то смерць напаткае гаспадыню.

Змеі гэтыя аберагаюць дом і належачыя да яго пабудовы ад усялякага няшчасця і клапоцяцца, каб усё было захавана. Змей жыве пад печчу ці пад парогам дома».

Цікавая сама па сабе назва вужа-дамавіка ў славянскіх народаў: «домовик» (рус.), «стонанин» – гаспадар (балг.), «домакин», «гад-господарик» (чэшск.), «чувар» – ахоўнік і «чувар куча» – ахоўнік сям’і, хаты (серб.). У беларусаў, паводле дайшоўшых да нас звестак і занатаваных намі прыкладаў, былі наступныя назвы: «гаспадар», «дамавік», «хатнік», «сялібнік», «вуж-хатнік», «вуж-дамавік», «вуж-вартаўнік», «вуж-сялібнік».

Сувязь архетыпа вужа з вадою дазваляе нам наблізіцца да разумення яго першаснага значэння, месца і функцый у старажытным міфалагічным свеце.

Зямная вада ў міфалогіях розных народаў свету нярэдка супрацьпастаўляецца ці нават атаясамліваецца з падземным светам, у якім лакалізуецца свет памерлых ці выступае як падзел паміж светам жывых і памерлых. Паколькі вуж (Цар-вуж) часам жыве ў вадзе, то па гэтай прычыне ён мог выступаць істотай ніжняга (падземнага) свету, зрэдку нават зліваючыся з ім.

Калі міфалагічную мадэль усяго свету ўявіць у выглядзе Сусветнага дрэва, то месца вужа будзе знаходзіцца ля самых яго каранёў.

А ў гарызантальнай плоскасці вуж мог размяшчацца на «перыферыі» (за вадою). У тых жа сферах нярэдка лакалізуецца і свет памерлых. Болей таго, можна дапусціць, што менавіта архетып вужа з’яўляўся медыятарам паміж небам і зямлёю, дакладней, медыятарам з’яўлялася вада, якая лілася з неба на зямлю.

 

Працяг – будзе.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя