Домой Аляксей Ненадавец Вуж і вада

Вуж і вада

Аляксей Ненадавец, блог, міфалогія, вуж і вадаУ якасці пасрэдніка паміж зямлёю і падземным светам таксама выступала вада, бо яна «лілася ўніз», а вуж жыў у гэтай самай вадзе.

У якасці медыятараў паміж адпаведнымі сферамі гэтыя элементы ў даўнія часы ігралі важную ролю ў звычаях, асабліва пахавальных, многіх народаў свету, з імі звязана і карціна царства мёртвых, якое часта размяшчалася за вадою, за воднаю перашкодаю (ракою, возерам, морам) ці агнём (вогненным морам).

Памерлых тапілі, пускалі ў чаўнах-душагубках па цячэнні ці спальвалі, – здаралася, што і разам з чаўнамі.

Паводле гістарычных, археалагічных і іншых першакрыніц, старажытныя беларусы ў розныя перыяды свайго існавання спальвалі трупы нябожчыкаў, прычым месцы для пахавання нярэдка выбіраліся за ва­дою (нейкай невялічкай мясцовай воднай прасторай: возерам, рачулкай, балацінай, але нярэдка і на берагах тых жа самых азёраў, рачулак, балацін, пераважна на ўзвышшах). Гэткі ж самы звычай праглядаўся і ў старажытных літоўцаў.

Ці не з’яўляецца прамым водгуллем гэтай медыятыўнай сувязі паміж зямлёю і падземным светам вада ў беларускіх казках, дзе архетып вужа, уладальніка свету памерлых, асацыіруецца са Змеем (трох-, шасці-, дзевяці- і дванаццацігаловым). Нават пасля таго, як гэтага Змея герой казкі забівае, паабсекшы яму галовы, то: «тулава як шыбнуў, дык аж на мора дзесь заляцела, такі сілён ужо быў».

Матыў архетыпа вужа, цесна ўзаемазвязанага з падземным светам, канкрэтней – з падводным светам (царствам), у беларускім фальклоры шырока вядомы. На тэрыторыі Беларусі зафіксавана больш за 50 казак з такім сюжэтам (маецца на ўвазе і варыянтаў). Асноўная канва казак гэтага напрамку прыкладна такая: дзяўчына ідзе купацца, да яе ў вопратку залазіць вуж і прапаноўвае ёй стаць ягонай жонкай, інакш не аддасць вопратку, тая згаджаецца і вымушана выйсці замуж за вужа. Вуж гэты не звычайны, а зачараваны хлопец-прыгажун, цар падводнага свету і г. д.

Але самая вялікая колькасць павер’яў у беларускім фальклоры, звязаных з архетыпам вужа, адносіцца да рэлігійнага свята Узвіжання. У гэты дзень змеі «ў вырай ідуць» – г. зн. вужы, гадзюкі і іншыя гады спаўзаюцца звычайна ў дубовыя лясы, ствараюць агромністыя клубкі, пераплятаюцца так цесна, што амаль немагчыма разабрацца, дзе галава, а дзе хвост кожнага з іх.

Ад іншых інфарматараў даводзілася запісваць, што вужы і гадзюкі ў гэты дзень (Узвіжанне) запаўзалі на дрэвы, звісалі з галінак цэлымі шышакамі, забіраліся ў пустуючыя птушыныя гнёзды, залазілі ў дуплы. Некаторыя сцвярджалі, што бачылі вужоў, якія хадзілі на хвасце, і былі гэтыя вужы незвычайнай велічыні і сілы. Іх называлі не інакш, як царамі.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя