Домой Аляксей Ненадавец Вуж і Узвіжанне

Вуж і Узвіжанне

Аляксей Ненадавец, блог, міфалогія, вуж і Узвіжанне, змяіны царКалі га́ды накіроўваюцца ў «вырай», то наперадзе іх выступае змяіны цар. У беларускім фальклоры існавала павер’е, што чалавек, які выпадкова сустракаў такую працэсію, павінен 6ыў хуценька разаслаць перад змяіным царом чыстую белую хусцінку. У знак падзякі цар пакідае на хусцінцы карону. Чалавек жа з падобнай спадчынай становіцца празорцам.

А. Афанасьеў пісаў: «На Беларусі і Літве расказваюць пра незвычайную прыгажосць змяінага цара, аб цудоўных пералівах фарбаў на яго скуры і аб алмазным грабеньчыку на галаве; калі яго праследаваць, то ён пачынае пагрозліва шыпець, і ў момант з усіх бакоў імчацца натоўпы вужоў на абарону, і тады гора зневажальніку.

На Украіне думаюць, што цар-вуж ці цар-змей адрозніваюцца ад простых рэптылій сваёй аграмаднасцю, больш таго, маюць на галаве залатыя рожкі. Пры сустрэчы з ім у лесе патрэбна пакласці на дарозе чысты чырвоны пояс ці хусцінку. Убачыўшы чырвоны колер, ён скідае свае залатыя рожкі, і хто здолее іх захапіць, – той будзе і здаровы, і шчаслівы, і багаты. Багаты – таму што яму будуць бачны ўсе схаваныя скарбы.

Расказваюць яшчэ, што ў цара-вужа два залатыя рагі, авалодаўшы якімі патрэбна іх закапаць пад двума дубамі, якія яшчэ не распусціліся; адзін дуб засохне, а другі пакрыецца зелянінай; рог, які закапаны пад першым дрэвам, нешчаслівы, мярцвяцкі, а закапаны пад другім –  шчаслівы, ажыўляючы».

Што датычыць «залатой кароны» на галаве вужа, то сёння гэтую з’яву можна лёгка растлумачыць. Два-тры разы за лета вужы ліняюць. Перад лінькай яны труцца мордачкай аб зямлю да таго часу, пакуль скура не трэсне. У выніку з’яўляецца дзве поласці: адна на верхняй частцы, а другая – на ніжняй. Менавіта яны і ствараюць гэтак званую «карону», што некаторыя людзі зрэдку бачылі, а калі ўлічыць, што ў роснай траве «карона» сапраўды свеціцца і пераліваецца, то безагаворачна верылі, што гэта змяіны цар і яму абавязкова трэба пакланяцца і падпарадкоўвацца, інакш ён не даруе. Прыгадаем цудоўную літаратурную апрацоўку «Змяіны цар» М. Багдановіча.

Як бачым, прычыны абагаўлення вужоў трэба шукаць у тым, што далёкія першапродкі не маглі растлумачыць сам факт з’яўлення гэтых жывых істот на Зямлі.

Урадлівасць глебы, яе нязведаная цудадзейная сіла сталі для вужоў нараджальнай асновай. Лічылася, што вужы – пасланцы добрых багоў, якія з дажджом льюцца на зямлю і застаюцца на ёй назаўсёды.

Дождж быў выратаваннем для народа, і таму адлюстраванне вужоў стала сімвалам пладароддзя зямлі-карміцелькі. Адначасова гэтыя істоты з’яўляліся засцерагальнікамі дабрабыту і жылля чалавека, а таксама ахоўнікамі ад знішчальных стрэл Перуна – маланак.

Адсюль вера ў тое, што калі вуж жыве ў хаце, то гэтай сям’і пашанцавала.

Вужа шанавалі і за тое, што ён знішчаў мышэй. З цягам часу, асабліва пасля прыняцця хрысціянства, адносіны да гэтых рэптылій змяніліся ў адмоўны бок. Таму да нашых дзён захаваліся толькі паасобныя моманты былога абагаўлення і шанавання.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя