Домой Аляксей Ненадавец Верлівы характар дамавіка

Верлівы характар дамавіка

Пачатак тэмы: http://babruysk.by/tayamnichy-damavik/

Аляксей Ненадавец, блог, міфалогія, верлівы характар дамавіка

Дамавік паўстае ўвогуле незгаворлівай істотай, якая што толькі пажадае, тое і вырабляе. Ствараецца уражанне, што ў двары гэтага гаспадара жыў не ахоўнік, не памочнік, а вораг: «Раззлаваны «гаспадар» насылае падзеж на скаціну, чарвей на агарод, у засекі пацукоў і утварае поўную разруху ва ўсіх справах нелюбімага мужыка, пасяляе разлад у сямейных і грамадскіх яго адносінах».

Паводле народных перакананняў, у любы будынак, была гэта хаціна ці хлеў, гумно або проста асець, мог забрацца злыдзень, які потым бы рабіў там свае гнюсныя справы. Дзеля гэтага і  прымаліся усялякія захады, каб неяк засцерагчыся ад уздзеяння нячысцікаў. Таму і ў самім будынку, і вакол яго, імкнуліся размясціць нейкія своеасаблівыя абярэгі, якія нібыта магічна ўздзейнічалі на ўсялякіх непажаданых наведвальнікаў.

Заклінальныя дзеянні пачыналіся ўжо пры будаўніцтве до­ма, падчас выбару месца пад забудову.

В. Багданаў сцвярджаў, што беларусы ў XIX ст. асвячалі раней абраную для хаціны пляцоўку такім чынам: «На ўсёй мясціне будучай сядзібы малявалі на зямлі (праводзілі) вялікі квадрат; яго крыжападобнай фігурай падзялялі на чатыры часткі. Стараліся, каб яны атрымаліся роўнымі. Потым гаспадар ішоў «на чатыры бакі» і  прыносіў з чатырох бакоў камякі, якія клаліся ў цэнтры ма­лых квадратаў. У выніку на месцы будучай сядзібы з’яўлялася тая ж самая ідэаграма пладароддзя, якая вядома даследчыкам пачынаючы з часоў неаліту і ажно да пачатку XIX стагоддзя» .

Этнографы зафіксавалі мноства магічных абрадаў і павер’яў звязаных з пабудовай дома. Для будаўніцтва хаты выбіраліся ў лесе асобныя дрэвы, якія не адносіліся да «буйных». Пачатак будоўлі трэба было прымеркаваць да той часткі калі «напаўняўся месяц».

Пад  вуглы першага вянка бярвенняў клалі з магічнай мэтай крыху поўсці, жменю зерня, ладан і воск.

Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што часам пад вугал хаціны клалі конс­кую галаву. Магчыма, з гэтым звычаем звязаны матыў старажытнаславянскай  казкі пра дзяўчынку-сямігодку,  сірацінку, якая звярталася за парадаю-дапамогай да «кабылячай галавы». Не выключана, што «гэты сюжэт мог узнікнуць і пад уплывам веры ў чароўную сілу «коніка» (ад слова «кон» — пачатак, аснова), свяшчэннага пячнога слупа, якому даволі часта ў выніку сугучча з назвай кабылы прыдавалася форма конскай галавы.

П. Дземідовіч адзначае іншае: «У гэтых адносінах (паміж дамавіком і гаспадаром. — А. Н.) немалаважную ролю адыгрывае месцазнаходжанне пабудоў у гаспадара, асабліва дома. Каб пазбегнуць магчымай сваркі па гэтай прычыне між дамавіком і гаспадаром дома, апошні перад пабудовай яго павінен зрабіць наступную спробу: у чатырох месцах, дзе прыблізна прыйдуцца вуглы дома, насыпаецца жыта. Калі праз ноч жыта акажацца некранутым, то гэта верная прыкмета, што дамавіку падабаецца абранае месца. У выпадку, калі жыта акажацца разгрэбленым, гэта значыць, што дамавік супраць пабудовы дома на абраным месцы. Тады гаспадар павінен насыпаць чатыры кучы жыта на іншым месцы і гэтак працягваць да таго часу, пакуль пасярод ночы жыта не застанецца некранутым. Калі гаспадар выпадкова пабудуе дом на месцы, якое не пада­баецца дамавіку, то ён будзе ўночы з трэскам і грукатам раз­гульваць па дому і псаваць у ім рэчы».

Часам інфарматары згадвалі зусім, здавалася б, нечаканае, бо пра такое гавораць не паўсюдна на Беларусі «Паколькі дом не можа існаваць без дамавіка, то ў кожным новым доме хтосьці павінен памерці, і ў хуткім часе: дом без нябожчыка не бывае. Сталыя людзі не любяць будавацца, прытрымліваючыся прыкметы: «Як пачнеш пад старасць будавацца, так і памрэш, дом абновіш».

Цікава і тое, як выглядаў дамавік. С. Максімаў пісаў: «Ва Уладзімірскай губерні дамавік апрануты ў шапку… і заўсёды носіць вялізную касматую шапку; валасы на галаве і на барадзе ў яго доўгія».

Карэспандэнт таго ж вучонага з Пензенскай губ., сцвярджаў, што гэта «старэнькі маленькі  дзядулька, падобны на цурбалак ці камель, але з вялікай сівой барадой». Менавіта такімі выглядалі дамавікі і ў Ноўгарадзе Вялікім і таксама былі апрануты ў шапкі. У Арлоўскай губерні наадварот, «гаспадар» — здаравенны і магутны, як мядзведзь, а на галаве насіў даволі-такі прыгожую шапку.

 

Працяг – будзе. 

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя