Домой Общество «Веды» – гэта асвета працоўнага класа

«Веды» – гэта асвета працоўнага класа

Усесаюзнае таварыства па распаўсюду палітычных і навуковых ведаў было заснаванае навукоўцамі і грамадскімі дзеячамі СССР у ліпені 1947 года. А ўжо ў снежні 1947-га было створана беларускае рэспубліканскае аддзяленне таварыства. У 1963 годзе таварыства атрымала назву «Веды». Грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства «Веды» ўнесла значны ўклад у развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі, папулярызацыю навуковых ведаў.

Першага кастрычніка 2007 года беларускае таварыства «Веды» атрымала статус рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання. У ліпені мінулага года быў афіцыйна адкрыты офіс грамадскага аб’яднання ў Бабруйску. Ён размясціўся ў гатэлі «Бабруйск». Таварыства «Веды» ставiць перад сабой мэту весці асветніцкую працу і інфармаваць насельніцтва аб дасягненнях навукі, асветы і культуры. Каб дасягнуць гэтых мэтаў, грамадскае аб’яднанне праводзіць семінары і лекцыі для працаўнікоў прадпрыемстваў на разнастайныя тэмы. Для іх правядзення запрашаюцца лепшыя ў сваёй галіне прамоўцы з сталіцы. Сярод іх такія вядомыя дзеячы, як Святлана Манюк, Соф’я Галян, спадар Голубеў з Акадэміі МУС…

Семінары звычайна праводзяцца ў гарвыканкаме. Удзельнічаць у іх запрашаюць не толькі бабруйчан, але і жыхароў Бабруйскага, Глускага, Асіповіцкага і Кіраўскага раёнаў. Аднак людзей на семінарах усё роўна мала. І гэта з’яўляецца сапраўднай праблемай, бо для правядзення такіх мерапрыемстваў затрачваюцца грошы, а іх ніколі не бывае шмат…

Акрамя семінараў Беларускае таварыства «Веды» праводзіць разнастайныя лекцыі. Іх ладзяць мясцовыя лектары. Напрыклад, лекцыю для працаўнікоў бабруйскай чыгункі праводзіў святар з Свята-Нікольскага храма. Часта лекцыі праводзяць спецыялісты з БФ БДЭУ. Некаторыя лекцыі прымяркоўваюцца да дат.

Цяжкасці, з якімі сустракаецца таварыства «Веды», у асноўным з’яўляюцца матэрыяльнымі, сваімі асабістымі сродкамі ажыццяўляць дзейнасць арганізацыі вельмі цяжка. Актуальнай праблемай таксама з’яўляецца адсутнасць актыўнасці ў кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія не жадаюць прысылаць на мерапрыемствы сваіх работнікаў.

Бабруйская гарадская арганізацыйная структура рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства «Веды» складаецца з двух чалавек. Але ў арганізацыі ёсць свая лектарская група, якая дапамагае праводзіць асветніцкую дзейнасць. Арганізацыя спадзяецца, што ў будучым справы пойдуць угору і асветніцкая праца для работнікаў бабруйскіх прадпрыемстваў прынясе свой плён.

Яўген ВАСЬКОВІЧ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя