Домой В регионе Вайна і каханне пад стрэхамі: героі Алеся Адамовіча “ажылі” падчас тэатралізаванай экскурсіі

Вайна і каханне пад стрэхамі: героі Алеся Адамовіча “ажылі” падчас тэатралізаванай экскурсіі

10 лістапада ў вёсцы Глуша пад Бабруйскам прайшла экскурсія-спектакль па выбраных творах Адамовіча. Праект перамог сёлета ў конкурсе “Social weekend” і атрымаў фінансаванне ад “Беларусбанка”.

Тэатралізаваная экскурсія – частка вялікага праекта па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча і турыстычным развіцці пасёлка Глуша. Ідэю распрацавала і абараніла яшчэ ў траўні на конкурсе “Social weekend” ініцыятыўная група маладых людзей з Бабруйска. Праект назвалі – “Глуша Адамовіча”. Летась і ў рамках сёлетняга “Фэсту экскурсаводаў” сябры ініцыятыўнай групы ладзілі звычайныя экскурсіі на малую радзіму Адамовіча. І падчас такіх выездаў нарадзілася ідэя не проста паказаць мясціны, дзе жыў наш вялікі зямляк, а пазнаёміць экскурсантаў з героямі ягоных твораў.

Эпізод з аповесці «Нямко». Арцём Чарнабылаў і Марыя Дарабагед у ролі Франца і Паліны.

Сцэнар для экскурсіі напісала маладая беларуская драматург Вольга Прусак (ейнай п’есай “Сіртакі” адкрываўся сёлета 75 сезон у бабруйскім тэатры). У герояў твораў Адамовіча пераўвасобіліся акторы беларускага тэатра ім. Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча: Марыя Дарагабед, Таццяна Дарагабед, Ігар Буряк, Арцём Чарнабылаў, Вольга Мацвеева, Віталіна Лебедзева, Уладзіслаў Санаценка, Вольга Гурына. Экскурсанты пабачылі эпізоды з такіх аповесцяў, як “Нямко”, “Хатынская аповесць”, “Вайна пад стрэхамі”, “Венера, альбо як я быў прыгоннікам”.

Эпізод з аповесці «Нямко».

Акторы гралі вельмі эмацыйна. Некаторыя экскурсанты казалі, што часам было цяжка стрымаць слёзы. Настаўнікі, якія былі сярод удзельнікаў экскурсіі, прасілі арганізатараў паўтарыць гэты праект. Яны зазначалі, што на гэткіх рэчах варта выкладаць дзецям літаратуру, бо менавіта такі, жывы візуальны фармат ім цікавы і зразумелы.

Эпізод з «Хатынскай аповесці».

Экскурсія скончылася каля помніка Алесю Адамовічу, які ўрачыста адкрылі 9 лістапада.

Гідам была кіраўніца бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” Марына Маўчанава. Значны ўнёсак у арганізацыйную частку працы над экскурсіяй належыць Наталлі Халанскай і ейнаму тайм-клубу “1387”.

Эпізод з аповесці «Вайна пад стрэхамі».

Сябры ініцыятыўнай групы “Глуша Адамовіча” спадзяюцца, што ўвесну атрымаецца яшчэ правесці тэатралізаваны шпацыр па творах Алеся Адамовіча.

Падрабязней пра экскурсію-спектакль глядзіце ў нашым відэасюжэце.

Марына Міхневіч
відэа Віктара Масаловіча,
фота Марыны Міхневіч і Віктара Масаловіча.