Домой Аляксей Ненадавец Ваўкалак і вяселле

Ваўкалак і вяселле

(Заканчваем публікацыю. Глядзіце папярэднія блогі на гэтую тэму).

 

Аляксей Ненадавец, блог, ваўкалак і вяселле, ваўкалак, беларуская міфалогія Такi ваўкалак не здольны на вялiкую шкоду, адзiнае, што ён можа зрабiць назло сумленнаму гаспадару, дык гэта нанесцi ўрон хатнiм жывёлам i птушкам, – трэба ж нечым кармiцца. На людзей, – нi на жанчын, нi на малых, – ён нiколi не нападаў. Не таму, што баяўся, а таму, што ў яго будзённым жыцці таксама была свая сям’я i адпаведна дзецi.

Знаходзячыся ў воўчай шкуры, ваўкалак нiколi не быў пазбаўлены чалавечых пачуццяў i спагадлiвасцi. Часам ён нават у адкрытую дапамагаў бедным пастушкам, сваiм з’яўленнем папярэджваў аб нападзе ваўкоў.

У фальклорных творах адзначалася таксама, што даволi часта ваўкалакаў сустракалi зусiм побач з чалавечым жыллём, але нiякага пераляку цi страху ён не наганяў, наадварот, выклiкаў спачуванне сваiм выглядам i паводзiнамi.

Вельмi многае ў iм нагадвала воблiк бедалагi-жабрака ці падарожнага, якi шмат блукаў па белым свеце i нечым (або некiм) паранiўся цi захварэў па дарозе. Ляжаў на тым самым месцы i канаў, галосячы над уласным лёсам-доляю, клiкаў да сябе на дапамогу. У такiм становiшчы яго найболей i сустракалi людзi.

У вуснапаэтычнай творчасцi можна знайсцi шматлiкiя прыклады, у якiх гаворыцца пра няшчасных людзей, што былi ператвораны ў ваўкалакаў падчас вяселля. Гэта вельмi шырока вядомы сюжэт i карыстаўся ён папулярнасцю не толькi ў нас, але i ў суседнiх народаў таксама.

Пераўвасобiць маглi жанiха (маладая ў такiх выпадках увогуле чамусьці не згадваецца). Але найбольш часта матывы пераварочвання ў ваўкоў-ваўкалакаў датычыліся непасрэдна ўсяго вяселля, а не паасобных яго ўдзельнiкаў. Тут толькi ўжо ўдакладняецца нейкая пэўная колькасць, мабыць, магiчная лiчба, якой уласцiвы быў нейкi чароўны падтэкст.

Праўда, звычайна традыцыйная лiчба 13 адсутнiчае, як i 6 i 9, затое прысутнiчае 12 ці якая іншая цотная лiчба, найбольш верагодная 8 або 10.

М. Нiкiфароўскi таксама адзначаў: «Гвалтоўнае ператварэнне ў ваўкоў можа быць здзейснена над такiм вясельным поездам, дзе едзе 12 асоб. Зласлiвы чарадзей робiць гэта ператварэнне пры самым ад’ездзе: з вядомымi яму аднаму заклiнаннямi ён кiдае праз поезд гарошыну, узятую са струка з 12 зернямi; робiць гэта i ў час, калi едзе вяселле, перацягваючы нiтку цераз дарогу.

Часцей за ўсё магутны чарадзей ператварае вяселле моцным заклiнаннем –  што зручней зрабiць на месцы, дзе сустрэлiся і пабiлiся два вяселлi.

Дзе б не было зроблена ператварэнне, яно ўсё-такi часовае, i нi адзiн чарадзей не можа ператварыць на ўсё жыццё, як не можа зрабiць ператварэнне на цотную колькасць гадоў».

Бясспрэчна, што на любым вяселлi iмкнулiся хоць неяк засцерагчыся ад такiх непажаданых здарэнняў. Не запрашалi i не дапускалi ці, наадварот, вельмi шчыра запрашалi i надта ж палохалiся, калi людзi, якiх яны падазравалi ў сувязях з нячыстай сiлай, не прыходзiлi на ўрачыстасць.

Пачыналi гаварыць, што такiя зласлiўцы нечым пакрыўджаныя. І цi не рытуальнае водгулле мелi традыцыйныя, калi не сказаць абавязковыя, стрэлы падчас адпраўлення вясельнага поезда з аднаго двара да другога (ад дзяўчыны да жанiха)?

Нельга не заўважыць i таго, што пахаванне ваўкалака-чараўнiка вельмi нагадвае пахаванне самазабойцы: «Самазабойцаў хавалi нямытымi, у тым адзенні, у якiм яны сустракалi смерць. Труну рабiлi з абы-якiх дошак, клалi прадмет, якiм чалавек пазбаўляў сябе жыцця: нож, вяроўку.

Самым блiзкiм забаранялася быць пры пахаваннi. Цела закопвалi дзе-небудзь на ўзвышшах, у лесе, на балоце, на скрыжаваннi дарог цi на месцы самазабойства. Магiлу завальвалi каменнем цi ламаччам, заганялi асiнавы кол».

Адзначым, што пярэварацень як фантастычная iстота праiснуе яшчэ доўга. Напэўна, пакуль жывы яго асноўны кампанент – чалавек, iстота абсалютна фантастычная i непрадказальная. І толькi калi нянавiсць чалавека да чалавека падасца выдумкай, якую мы доўга – стагоддзяў сорак – прымалi за праўду, а недавер ператворыцца ў смешны перажытак, тады толькi фантазiя аб чалавеку-ваўкалаку стане нiкому не патрэбнай.

Беларуская народная мiфалогія – з’ява ў многiм унiкальная. У ёй шмат што незразумела да гэтага часу. Напрыклад, чаму ў такiх наiўных (фальклорных), здавалася б, творах уздымалiся надзвычай актуальныя праблемы, якiя i ў нашы днi не страцiлi сваёй надзённасці?

Дзе знайсцi першавытокi ўсяго гэтага? Чаму супрацьпастаўленне дабра i зла суправаджала людзей ад самага стварэння роду чалавечага i да нашых дзён? Больш таго, пытанне гэтае ўзрасло да агромнiстай глабальнасці цi здаецца нам і зараз увогуле невырашальным.

Нам бачыцца i такое тлумачэнне, – можа, яно ў нечым i надзвычай спрошчанае. Праблемы ўзнiкалi ў вынiку панiчнага страху перад прыродай, перад яе ўсёмагутнымi стыхіямi, з нараджэннем свядомасцi нашых далёкiх продкаў.

Не магло так быць што ўсе ўяўляліся роўнымі, аднолькавымі. Усё роўна нехта кіраваў, загадваў, а гэта, бясспрэчна, параджала зайздрасць, «чорную зайздрасць», як яе называюць у нашым народзе. Менавіта гэтая з’ява, як лічаць у большасці выпадкаў сучасныя інфарматары, i спрыяла рэзкаму, палярнаму супрацьпастаўленню дабра i зла.

Эпоха змяняла эпоху, фармацыя – фармацыю, а народная мiфалогiя, нiбы тая своеасаблiвая губка, усмоктвала ў сябе найбольш характэрныя рысы i асаблiвасцi пэўнага часу, дзякуючы мiфалогii i фальклору мы маем амаль дакладныя звесткi аб духоўных памкненнях старажытных беларусаў.

Менавiта ў вуснапаэтычных жанрах адлюстроўвалiся нават драбнейшыя зрухi ў свядомасцi народа, яго спадзяваннi i вера ў тое, што ўсё роўна ўсё лiхое мiне i чалавек дачакаецца такога жьщця, якога ён заслугоўвае сваёй самаадданай працай, пакутамi i шматлiкiмi выпрабаваннямi нядобразычлiўцы-лёсу.

Таму нядзiўна, што нават на бостваў i дэманалагiчных iстот пераносiлiся рысы людскiх характараў. Праўда, з цягам шматлiкiх стагоддзяў, у вынiку ўсемагчымых сацыяльных i эканамічных зрухаў многае з мiфалагiчных першавобразаў назаўсёды страчана.

Але трэба памятаць пра тое, што яшчэ жыве, захавалася, занатавана даследчыкамi i збiральнiкамi-аматарамi, якія таксама многа робяць для папулярызацыі мiфалагiчных i вуснапаэтычных шэдэўраў.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя