Домой В стране «Усходняе партнэрства»: разнастайнасьць у адзінстве

«Усходняе партнэрства»: разнастайнасьць у адзінстве

«Усходняе партнэрства»: разнастайнасьць у адзінстве. Пры рэалізацыі праграмаў у рамках «Усходняга партнэрства» Эўразьвяз зацікаўлены ў паглыбленьні адносінаў з кожнай з краін-удзельніц. Гэтыя адносіны будуць залежаць ад прагрэсу, дасягнутага партнэрамі пры рэалізацыі рэформаў, а агульны посьпех ініцыятывы будзе залежаць ад цьвёрдай палітычнай волі як дзяржаў-сябровак ЭЗ, так і краін-партнэраў.

Краіны, аб’яднаныя сёньня ва «Ўсходнім партнэрстве» ў якасьці партнэраў Эўразьвязу, значна розьняцца паміж сабой паводле самых розных паказчыкаў. Калі Грузія, Украіна і Малдова так ці іначай здаўна заяўлялі пра свае эўрапейскія памкненьні, то Азэрбайджан, Арменія і Беларусь падобных жаданьняў адкрыта, як правіла, ніколі не выказвалі. Беларусь і Арменія ўвогуле заўсёды лічыліся (і фактычна зьяўляюцца да гэтай пары) найбліжэйшымі саюзьніцамі Расеі, і толькі ў апошні час, асабліва пасьля расейска-грузінскай вайны ў жніўні 2008 г., у іх палітыцы пазначыліся новыя тэндэнцыі.

Дзеля гэтага Эўразьвяз вымушаны ўжываць у дачыненьні да сваіх партнэраў па праграме «Ўсходняе партнэрства» гнуткія і дыфэрэнцыяваныя падыходы, ставячы за канчатковую сваю агульную мэту дапамогу краінам-партнэрам у правядзеньні неабходных ім рэформаў і паступовай інтэграцыі ў Эўрапейскую супольнасьць у розных галінах, але адразу прадугледжваючы, што ступень інтэграцыі можа быць рознай і залежыць ад таго, наколькі сур’ёзна суседзі Эўразьвязу гатовыя рэфармавацца.

Не зьяўляецца таямніцай, што 6 краінаў Усходняй Эўропы і Паўднёвага Каўказу, пагаджаючыся на ўдзел у праграме «Ўсходняга партнэрства», мелі на ўвазе перадусім свае ўласныя інтарэсы, і менавіта ад іх задавальненьня будзе залежаць эфэктыўнасьць шматбаковага супрацоўніцтва.

Украіна разглядае «Ўсходняе партнэрства» перадусім як рамкі для далейшага разьвіцьця адносінаў з ЭЗ. На дадзены момант ня можа весьціся гаворка пра акрэсьленьне ЭЗ пэрспэктываў сяброўства для Ўкраіны, але ў будучыні, пасьля вырашэньня больш надзённых праблемаў ЭЗ можа зьвярнуць на гэта ўвагу. Украіне ж застаецца адзіная на сёньня магчымасьць як мага паўней выкарыстаць фармат «Усходняга партнэрства», каб рэалізаваць намеры эўрапейскае інтэграцыі, г. зн. збліжэньне да стандартаў ЭЗ да стану, калі можна будзе пачаць аргумэнтаваны дыялёг пра сяброўства.

Азэрбайджан, выказваючы ў цэлым пазытыўнае стаўленьне да «Ўсходняга
партнэрства», больш зацікаўлены ў разьвіцьці энэргетычнага складніка. Пры гэтым ня мае істотнага значэньня тое, будуць энэргетычныя адносіны з ЭЗ разьвівацца выключна ў фармаце «Ўсходняга партнэрства» ці будуць выкарыстаныя іншыя фарматы двухбаковых і шматбаковых узаемааадносінаў. Іншымі прыярытэтамі для Азэрбайджану зьяўляюцца бясьпека ў рэгіёне (урэгуляваньне праблемы Нагорнага Карабаху) і спрашчэньне ці нават скасаваньне візавага рэжыму. Для грамадзянскай супольнасьці Азэрбайджану важным прыярытэтам зьяўляецца абарона правоў чалавека.

Беларусь ва «Ўсходнім партнэрстве» мае двайны інтарэс. Беларускія ўлады працуюць над сваімі ўласнымі прапановамі Эўразьвязу, у першую чаргу эканамічнага характару. Зь іншага боку, прадстаўнікі незалежнай грамадзкасьці Беларусі настойваюць на першачарговай важнасьці ў фармаце «Ўсходняга партнэрства» абароны правоў чалавека.

Арменія ва «Ўсходнім партнэрстве» будзе падтрымліваць толькі тыя праекты і ініцыятывы, якія прынясуць краіне фінансавую дапамогу. Дзеля таго Арменія зацікаўленая ў стварэньні зоны свабоднага гандлю з ЭЗ. Не апошнюю для гэтай краіны ролю будзе адыгрываць таксама магчымасьць стабілізацыі сытуацыі на Паўночным Каўказе, чаму мае спрыяць урэгуляваньне праблемы Нагорнага Карабаху і нарамалізацыі адносінаў з суседнімі дзяржавамі.

Грузія надае ўсебаковую падтрымку «Ўсходняму партнэрству», прагнучы інтэграцыі з ЭЗ. Трэба чакаць, што Грузія будзе спрыяць усім праектам і ініцыятывам, якія будуць фармавацца ва «Ўсходнім партнэрстве». Але галоўны прыярытэт для Грузіі — усё ж такі бясьпека і стабільнасьць на Каўказе, перш за ўсё разьвязаньне праблемаў з Абхазіяй і Паўднёвай Асетыяй; энэргетычная бясьпека, уключаючы гарантаваньне бясьпекі энэргатранзыту, правядзеньне дэмакратычных пераўтварэньняў у краіне і разьвіцьцё вонкавых эканамічных адносінаў.

Малдова дэкляруе курс эўрапейскай інтэграцыі. Галоўнымі прыярытэтамі Малдовы ў супрацоўніцтве з ЭЗ зьяўляюцца: атрыманьне большага доступу да рынку ЭЗ; паглыбленьне эканамічнай інтэграцыі; спрашчэньне перамяшчэньня малдаўскіх грамадзян у ЭЗ. У той жа час малдаване выказваюць занепакоенасьць, што шматбаковы фармат «Усходняга партнэрства» можа паслабіць двухбаковы фармат адносінаў з ЭЗ, асабліва калі ўлічыць тое, што Рада ЭЗ 15 чэрвеня 2009 г. прыняла рашэньне пра пачатак перамоваў пра новае пагадненьне з Малдовай замест цяперашняга Пагадненьня пра партнэрства і супрацоўніцтва.

Такім чынам, краіны-партнэры падходзяць да «Ўсходняга партнэрства» з пункту гледжаньня ўласных нацыянальных інтарэсаў, і гэта цалкам натуральна. Каб такая дывэрсіфікацыя падыходаў ня стала перашкодаю для імплемэнтацыі ініцыятывы, патрэбна засяродзіць намаганьні, перадусім ЭЗ, на тых напрамках, у якіх існуе агульная зацікаўленасьць усіх краін-партнэраў. Да такіх сёньня належаць:

  • разьвіцьц эканамічнага супрацоўніцтва (пашырэньне магчымасьцяў для
  • збыту тавараў нацыянальнай вытворчасьці і прытоку інвэстыцыяў);
  • распрацоўкі сумесных праграмаў для вырашэньня наяўных неўрэгуляваных канфліктаў і папярэджаньня патэнцыйных (на тэрыторыі краін «Усходняга партнэрства» ёсьць чатыры канфліктныя рэгіёны: Прыднястроўе, Паўднёвая Асетыя, Абхазія і Нагорны Карабах);
  • тэрытарыяльная цэльнасьць і ўрэгуляваньне межаў;
  • гарантаваньне энэргетычнай бясьпекі, якая для вытворцы, г. зн. Азэрбайджану, заключаецца ў стабільным і прыбытковым збыце энэрганосьбітаў, а для іншых партнэраў — у стабільнасьці і прыбытковасьці транзыту і забесьпячэньні бесперабойных паставак энэрганосьбітаў для ўласных патрэбаў.

Arche

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя