Домой В стране «Усходняе партнэрства» – магчымасьці і выклікі

«Усходняе партнэрства» – магчымасьці і выклікі

«Усходняе партнэрства» — гэта плян разьвіцьця адносінаў паміж Эўразьвязам і дзяржавамі Ўсходняй Эўропы ды Паўднёвага Каўказу, які дае апошнім магчымасьць паступова ўключацца ў палітыку і праграмы Эўразьвязу, а таксама інтэгравацца ў агульны рынак.

«Усходняе партнэрства», старт якому быў дадзены сёмага траўня 2009 года на нефармальным саміце Эўразьвязу ў Празе — гэта плян разьвіцьця адносінаў паміж Эўразьвязам і дзяржавамі Ўсходняй Эўропы ды Паўднёвага Каўказу, які дае апошнім магчымасьць паступова ўключацца ў палітыку і праграмы Эўразьвязу, а таксама інтэгравацца ў агульны рынак. У двухбаковым фармаце прадугледжваецца падпісаньне дамоваў аб супрацоўніцтве, а таксама стварэньне шырока разгорнутых і комплексных сфэраў свабоднага гандлю. УП робіць таксама магчымым шматбаковае супрацоўніцтва ўсходніх суседзяў Эўразьвязу, ахопленых Эўрапейскай палітыкай суседзтва. Сярод іншага яно ўключае рэгулярныя сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, міністраў замежных спраў, высокіх чыноўнікаў і экспэртаў. Гэта мае быць пляцоўка абмену інфармацыяй і досьведам партнэрскіх краін, якая выконвае функцыю мэханізму выпрацоўкі даверу. Рэалізацыя Ўсходняга Партнэрства азначае сярод іншага прыкладаньне намаганьняў дзеля ліквідацыі візавага рэжыму ў адносінах з паасобнымі партнэрскімі краінамі і разьвіцьцё супрацоўніцтва ў сфэры энэргетычнай бясьпекі. У гэтай апошняй галіне найбольшыя чаканьні, аднак, патрэбна было б зьвязваць з роляй УП як правадніка рынкавых мэханізмаў, які падтрымлівае ліквідацыю непразрыстых гаспадарчых структураў. Эўразьвяз абавязаўся больш інтэнсіўна падтрымліваць рэфарматарскія дзеяньні ў суседзкіх дзяржавах, сярод іншага праз спрыяньне паляпшэньня іх адміністрацыйных магчымасьцяў, перадачу добрай практыкі ў галіне гандлю і гаспадаркі, а таксама пабудову і ўзмацненьне дэмакратычных інстытутаў.

«Усходняе партнэрства» — не стратэгія пашырэньня, але ня выключана, што дзяржавы, ахопленыя ім, могуць некалі стаць сябрамі Эўразьвязу. Мадэль разьвіцьця адносінаў з Эўразьвязам, акрэсьленая ва «Ўсходнім партнэрстве», падаецца настолькі элястычнай, што можа задаволіць як дзяржавы, зацікаўленыя толькі блізкім супрацоўніцтвам з ЭЗ (Арменія, Беларусь), так і тыя, якія імкнуцца да эўрапейскай інтэграцыі (Украіна, Грузія). Удзел Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве» мусіць стварыць прастору пастаяннага дыялёгу зь ніжэйшымі і сярэднімі структурамі беларускага істэблішмэнту, спрычыняючыся да пераменаў у дзяржаве. Якасьць палітычных элітаў — гэта, аднак, праблема іншых партнэрскіх дзяржаў, таму Эўразьвяз адкрыты для падтрымкі няўрадавых асяродкаў, якія выступаюць за ўвядзеньне эўрапейскіх стандартаў кіраваньня. Інаў-гурацыя Грамадзянскага форуму «Ўсходняга партнэрства» напярэдадні саміту Эўразьвязу ў Празе павінна засьведчыць, што адрасатамі «Ўсходняга партнэрства» зьяўляюцца таксама ўсходнеэўрапейскія грамадзянскія супольнасьці. Ідучы насустрач іхным чаканьням, «Усходняе партнэрства» будзе падтрымліваць разьвіцьцё міжчалавечых кантактаў, пабудову грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных інстытутаў.

«Усходняе партнэрства» — гэта дапаможны інструмэнт, а не пакет, з дапамогай якога Эўразьвяз будзе разьвязваць усе праблемы ўсходняга суседзтва. Напаўненьне канкрэтным зьместам рамак супрацоўніцтва, якія акрэсьлівае «Ўсходняе партнэрства», будзе ў значнай ступені залежаць ад дзяржаў, на якія яно скіраванае, ад іх палітычнай волі, гатоўнасьці і посьпехаў ва ўмацаваньні сувязяў з ЭЗ. Згода ўсіх сяброў Эўразьвязу на рэалізацыю «Ўсходняга партнэрства» — гэта палітычны імпульс, які група дзяржаў, асабліва зацікаўленых у разьвіцьці ініцыятывы, павінна належным чынам выкарыстаць. Гэтую групу ствараюць дзяржавы Вышаградзкай групы, балтыйскія дзяржавы і Швэцыя. Ад здольнасьці іх сумеснага дзеяньня зь Нямеччынай будзе таксама ў будучыні залежаць захаваньне палітычнай падтрымкі ЭЗ для гэтай ініцыятывы, атрыманьне сродкаў на яе фінансаваньне, а таксама падтрымка ўсходніх суседзяў у правядзеньні неабходных палітычных і эканамічных рэформаў.

Выклікам для ЭЗ застаецца таксама вызначэньне адносінаў паміж сябрамі УП і адносінамі ЭЗ з Расеяй, а таксама ўключэньне Турцыі і Расеі ў некаторыя праекты і практычная рэалізацыя сумяшчальнасьці УП і іншых рэгіянальных ініцыятываў. Выклікам зьяўляецца пачатак разьвіцьця «Ўсходняга партнэрства» ва ўмовах эканамічнага крызісу. Цяжкасьці партнэрскіх дзяржаў могуць мець вынікам больш павольную адаптацыю іх эканомік да эўрапейскіх патрабаваньняў. Несумненна, ЭЗ павінен каардынаваць дзеяньні ў рамках УП з тымі дзеяньнямі, якія прадпрымае Міжнародны валютны фонд, які даў крэдыты Арменіі, Беларусі, Грузіі і Ўкраіне. Асаблівае эканамічнае значэньне можа мець барацьба з карупцыяй. ЭЗ павінен распачаць супрацоўніцтва з Радай Эўропы і недзяржаўнымі арганізацыямі, якія займаюцца гэтай праблематыкай, каб пасьпяхова ўзьдзейнічаць у гэтай справе на дзяржавы, ахопленыя «Ўсходнім партнэрствам».

Каб напоўніцу выкарыстаць патэнцыял дзяржаў-сябровак, павінны быць створаныя ўмовы для фармаваньня групаў дзяржаў, якія цесна супрацоўнічаюць паміж сабой і больш ангажуюцца ў рэалізацыю канкрэтных праектаў «Усходняга партнэрства». Гэтая ідэя зьявілася ў польска-швэдзкай прапанове, а Эўрапейская камісія зьвярнула ўвагу ў сьнежаньскім камюніке сярод іншага на асаблівую ролю дзяржаў-сябровак, якія маюць досьвед у працэсах трансфармацыі. У сувязі з пачаткам рэалізацыі УП нялішнім будзе каардынаваньне разьвіцьцёвай дапамогі, якая накіроўваецца краінамі-сяброўкамі ўсходнім суседзям, каб фінансавыя сродкі траціліся як мага больш эфэктыўна. Выклікам застаецца таксама паляпшэньне каардынаваньня дзеяньняў Камісіі і паасобных дзяржаў у сфэры разьвіцьцёвай дапамогі, якая даецца краінам УП. Дзеля вялікай рознасьці дзяржаў-партнэраў ня трэба пераацэньваць шматбаковага фармату супрацоўніцтва і рабіць залежным ад яго посьпех усёй канцэпцыі «Ўсходняга партнэрства». Крокам у добрым напрамку можа быць больш блізкае ўзаемадзеяньне тых бэнэфіцыянтаў «Усходняга партнэрства», якія найбольш зацікаўленыя канкрэтнымі праектамі. Шматбаковае супра-цоўніцтва павінна толькі дапаўняць двухбаковыя адносіны паміж ЭЗ і дзяржавамі ўсходняга суседзтва.

Аrche.by

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя