Домой Аляксей Ненадавец Усе як у людзей

Усе як у людзей

Заканчэнне. Пачатак тут: http://babruysk.by/tayamnichy-lesavik/

лесавік, блог, міфалогія, Аляксей Ненадавец

Вярнуўшыся крыху назад, да таго часу, калі лесавік гуляе сваё вяселле з маладой жонкай і запрошанымі на яго гасцямі, трэба падкрэсліць, што і вяселле было звязана з усемагчымымі павер’ямі і прымхамі: «У лешых ёсць свае (забавы. — А. Н.), сярод якіх вылучаюцца вяселлі лешых. На іх, як і на кумаванні нячысцікі любяць пагуляць, разгарнуцца на ўсю чартоўскую шырыню. Дзе відаць паласа паваленага лесу, ляжыць ламачча, там, несумненна, праімчаўся вясельны поезд лешых, але той самы поезд любіць лясныя дарожкі і сцежкі, абавязкова спыняецца для бясчынстваў на лясных скрыжаваннях.

Лешаму ў гэтым вясельным руху папярэднічае вецер, па якім можна дазнацца, куды накіроўваецца лешы, адзін ён ці ў кампаніі, але той самы вецер і віхор замятае сляды лешага. Па гэтай прычыне асцярожны лясны падарожнік не ходзіць па такіх дарогах і сцежках, не садзіцца на іх, як і на скрыжа­ваннях, для адпачынку, бо рызыкуе быць знішчаным ці зганьбаваным».

I ўсё ж асноўнае прызначэнне лесавіка, паводле народнага ўяўлення, заключалася ў тым, каб палохаць людзей, пацяшацца над імі.

А. Кіркор адзначаў: «Але не заўсёды такім жорсткім бывае лешы. Часцей ён любіць забаўляцца, палохаючы чалавека, асабліва ўночы. У таго, хто едзе ці ідзе ў начной летняй цемры, ёсць звычайна свае прыкметы, дарожныя знакі, каб не заблукаць. Лешы пацяшаецца, калі перастаўляе гэтыя знакі з аднаго месца на другое. Дзе-небудзь на перакрыжаванні дарог стаяў магутны дуб, там праезджы раптам бачыць невялікі куст; вось тут была палянка, бач, а тут ужо невялікае возера і дарогі няма. Гэтымі штукамі ён збівае з дарогі, прымушае блукаць, давядзе да роспачы і тады рагоча, як шалёны. А то раптам прытворыцца добрым знаёмым падарожніка, завядзе з ім размову і просіць трошкі падвезці. Той згаджаецца праехалі крыху, раптам сані пераварочваюцца ў раўчук, а спадарожнік знікае, і толькі дзесьці ўдалечыні чуваць яго свіст і плясканне.

Здараецца і так, што праезджы чуе збоку енк, які разрывае ду­шу, ці плач дзіцяці, ці бачыць перад сабою раку. Вопытны беларус ведае, што гэта азначае, яго не разжаляць гэтыя стогны і плач, не спалохаецца ён і ракі –  ідзе ён ці едзе, не прыпыняючыся і не паварочваючы ўбок.

Але гора таму, хто паверыць і прыме за сапраўднасць хітрыкі лешага. Яму не пазбегнуць смерці альбо ён трапіць у такую багну, што толькі ўдзень, пры дапамозе людзей вызваліцца з яе».

У лесавіка свае дарогі, па людскіх сцяжынках ён увогуле не ходзіць. Улюбёны час –  змрок і ноч, але можа непрыкметна з’яўляцца і днём.

Калі ненарокам чалавек ці звер ступяць на лесавікову сцяжынку, то адразу страцяць арыентацыю на мясцовасці (у некаторых выпадках –  і ў часе). Такога парушальніка гаспадар лесу можа адкінуць далёка ў бок, напалохаць, пакалечыць.

Увогуле, ён паводзіць сябе надзвычай шумна: свішча, стукае, пляскае ў далоні, крычыць птушкай ці зверам, чым нечакана, напалохвае людзей. Можа проста жартаваць з чалавека, надакучаць яму сваімі размовамі, хаваць шапку ці кошык («якія, вось толькі што, тут ляжалі»).

Лесавік запроста заводзіць падарожнага ў балота, укладвае яго спаць на мурашнік, узбірае яго на вершаліну высачэннага дрэва, прымушае есці шышкі, пераконваючы быццам бы гэта «смачныя піражкі».

Але ў некаторых выпадках падкрэслівалася, што пазбавіцца ад уздзеяння лесавіка на дарослых, дзяцей і свойскіх жывёл значна прасцей, дастаткова толькі звярнуцца да крыжа, абраза, малітвы: «На думку селяніна, пасля вячэры трэба маліцца, кладучыся спаць, трэба перахрысціцца і дзяцей на ноч трэба перахрысціць, трэба быць акуратным і ахайным гаспадыні і гаспадару.

Муку для хлеба трэба прасейваць, з хлебам рэкамендуецца абыходзіцца беражліва і з асаблівай пачцівасцю: расчыняючы хлеб, не лішне працадзіць ваду; хлеб трэба класці на стале, але не на лаўцы. Рэкамендуецца ў засеках накрываць зерне накрыўкаю, каб яно не запылілася. Калі страва згатавана смачна і ахайна, лесавік, бадай, пакаштуе яе, ад кепскай стравы ён адвернецца, скрывіць морду і пойдзе…

Лесавік часам прымае блізкі і непасрэдны ўдзел у смутках чалавека –  ён закалыхвае хворае дзіця, каб супакоіць схіленую над ім маці і даць ёй адпачыць. Лесавы прадбачыць будучыню, і яму наперад вядомы лёс чалавека; іншы раз з’яўляецца ў ролі прадказальніка».

Вярнуць дзяцей, якіх украў ці звёў лесавік, раілі таксама даволі проста –  пры дапамозе падарункаў ці паднашэнняў: «Вяртанню ўкрадзеных лесавікамі дзяцей садзейнічаюць ахвяры. Яны кладуцца на скрыжаваннях дарог, дзе збіраюцца лесавікі. Ахвяраю можа служыць кавалак сала, гаршок з кашай, хлеб з соллю, а то бабы напякуцъ бліноў ці пірагоў, загорнуць з соллю ў чыстую анучку, перавяжуць чырвонай нітачкай, занясуць усё гэта ў лес і пакладуць на перакрыжаванні лясных дарог.

Знесеныя лесавікамі дзеці пасля вяртання з цяжкасцю прывыкаюць гаварыць і дзічацца людзей. Лесавікі самі выносяць іх і кідаюць на тое месца, адкуль узялі…

Многія, пачуўшы ад лесавіка ўсялякай прамудрасці, робяцца знахарамі і знахаркамі падтрымліваюць сувязь з лесавікамі, дамавікамі і рознай нячыстай сілай».

У М. Нікіфароўскага пра гэта ска­зана крыху па-іншаму. Прычым акцэнт робіцца на тое, што «характар», паводзіны, звычкі ў лесавіка не такія ўжо і благія: «Лешы надзейна і няспынна служыць таму, хто яго паклікаў; гоніць яму дзічыну, паказвае дарогу да борцей, ягадных і грыбных мясцін, падказвае месцазнаходжанне скарбаў і ўсялякіх таямніц, адводзіць шкоду сапернікаў, якіх прымушае блукаць падманнымі шляхамі, палохае лютымі звярамі… Акрамя прамой службы, лешы дапамагае ўскосна: да такога чалавека стануць звяртацца пры пошуках скаціны, што заблудзіла ў лесе, прасіць назваць прыбытковыя мясціны там жа і інш. Да свойскай жывёлы лешы не мае варожасці, ён добра ставіцца да сабак, якім ахвотна дазваляе бегаць па лесе ў любы час. Калі ж ён заманьвае ў лес і губіць там якую-небудзь хатнюю жывёлу, то робіцъ гэта толькі таму, што ловіць выпадак, каб адпомсціць гаспадару ці даць узбагачэнне свайму апекуну».

Да лесавіка, здаралася, прама звярталіся вяскоўцы з просьбаю дапамагчы вярнуць згубленую жывёлу: «Гаспадар згубленай жывё­лы кладзе на скрыжаванні дарог дзесятак яек, кавалак хлеба і сала і становіцца да ахвяраванага задам; знахар абводзіць яго і заклікае духаў рознымі галасамі, пасля чаго гаспадар, не паварочваючы галавы, вяртаецца назад дадому».

Трэба адзначыць таксама і тое, што даволі часта ў народзе гаварылі пра магчымасць перацягваць лесавіка да сябе на службу. Рабілі гэта звычайна людзі, якія зайздросцілі іншым, мелі як казалі ў народзе, «чорныя вочы»: «дзеля згубнай нажыўной мэты лешы мог быць прыцягнуты чалавекам на служ­бу. Робіцца гэта асаблівым заклікам у Купальскую ноч: той, хто выклікае, становіцца на асінавы пень, тварам на поўнач і кліча прыблізна так: «Акажыся не ваўком-зверам, не воранам-птушкаю, не дрэвам іглістым, а такім, як я сам!»

Лешы адразу паўстае ў чалавечай постаці і, згаджаючыся на здзелку, патрабуе за будучую працу адну толькі душу таго, хто выклікае, пасля непазбежнай яго смерці ў лесе…»

Трэба адзначыць, што, бясспрэчна, першаснае значэнне лесавіка страчана назаўсёды, а тыя рысы, уласцівасці, якія дайшлі да нашага часу, найбольш поўна захаваліся ў празаічных жанрах фальклору.