Домой Общество Уладзімір Някляеў: «Не трэба блытаць праўду пабытовую і праўду быцця…»

Уладзімір Някляеў: «Не трэба блытаць праўду пабытовую і праўду быцця…»

Уладзімір НякляеўУладзімір Някляеў

Дасье «БК»: Уладзімір Някляеў. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 года ў Смаргоні Гродзенскай вобласці. Скончыў Мінскі тэхнікум сувязі, аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута (Масква), філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Працаваў ў тэлевізійным атэлье радыёмеханікам, працаваў журналістам у газетах «Знамя юности», «Тэатральны Мінск», часопісе «Крыніца», штодыднёвіку «Літаратура і мастацтва», на Беларусскім тэлебачанні. З 1973 года сябра Саюза пісьменнікаў СССР. З 1998 па 2001 гады старшыня праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў). З 2005 па 2009 гады кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтра. Аўтар кніг «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979), «Знак аховы» (1983), «Местное время» (1983), «Наскрозь» (1985), «Галубіная пошта» (1987). «Дерево боли» (1989), «Прошча» (1996), «Выбранае» (1998), «Лабух» (2003), «Так» (2004), «Цэнтр Еўропы» (2009).

Вядомы беларускі літаратар Уладзімір Някляеў днямі наведаў наш горад. Нягледзячы на вельмі жорсткі графік сустрэч, ён знайшоў час завітаць у рэдакцыю газеты «Бобруйский курьер» і, нават, даць нашаму выданню інтэрв’ю.

Спадар Уладзімір, распавядзіце аб мэце вашага сённяшнягя візіту ў Бабруйск.

Я хачу сустрэцца з жыхарамі гэтага цудоўнага горада. Я і мае аднадумцы праводзім кампанію «Гавары праўду» і ў рамках яе сустракаемся з усімі грамадзянамі Беларусі, з якімі можна сустрэцца ў складаных сучасных умовах. Пускаюць нас не надта, ва ўсякім разе у дзяржаўныя ўстановы. Туды практычна немагчыма трапіць без нейкіх хітрыкаў. І паўсюдна, калі паспеем раней, чым не пусцяць, бягуць услед і малоцяць тых, хто нас пусціў. Мы не чакалі, што нас адразу пачнуць прэсаваць, вельмі хутка прыгледзеліся. І хоць колькі я не кажу пра тое, што наша кампанія не палітычная, што мы не звязаныя з апазіцыяй ўсё гэта ніхто не хоча чуць. Нас адразу паставілі ў нішу апазіцыйную, а значыць варожую, і суадносна з намі абыходзяцца. Але асабіста для мяне, як і для тых, хто даўно займаецца грамадзянскімі ініцыятывамі, гэтая сітуацыя звыклая.

Распавядзіце аб кампаніі «Гавары праўду» падрабязней

Кампанія «Гавары праўду» грамадзянская. Тое, што з яе робяць палітыку, гэта ўжо не мая віна. У чым яе сутнасць? Не тое, што мы прыпёрліся: да нас ніхто не казаў праўду, а сёння мы такія праўдалюбы і праўданосцы. Заўсёды была праўда і мана, заўсёды былі людзі, якія намагаліся давесці праўду, і заўсёды былі людзі, якія намагаліся яе спляжыць. Я думаю, што кожны, хто пражываў свой лёс, сваё жыццё, думаючы пра тое, як ён жыве, упіраўся ў тое, што праўда рэч не вельмі ўтульная. Лепш схітрыць, абыйсці праўду на рэзкім павароце У адной з нашых сустрэч з Васілём Быкавым, 12 гадоў таму, я спытаўся ў яго: «Вы ўсё жыццё змагаліся за гэтую праўду, маглі ж неяк і прыгнуцца недзе там і бокам стаць». І ён мне адказаў: «Валодзя, ухапіся за праўду, і калі нават ты з ёй будзеш ляцець у прорву, у цемру, у нішто, трымайся за яе! Яна з гэтай яміны, урэшце, выбярэцца, і ты выбярэшся з ёй. Адпусціш, яна проста адляціць у бок, а ты будзеш падаць далей». І я пераконваюся, што гэта так. У мяне часам пытаюцца: «Вось што асабіста дала табе гэта праўда і куды ты нас цягнеш. Ты ж ведаешь, у сям’і трэба іншым разам зманіць, і сябрам, і доктар маніць хвораму, што ён здаровы» Дык гэта блытаюць дзве рэчы праўду пабытовую і праўду быцця. Праўда быцця гэта ты, неба, Бог. А праўда побыту гэта іншае, насамрэч, гэта жыць па-чалавечы. Не заўсёды трэба гэту праўду пабытовую адзін адному ў вочы кідаць. Іншым разам можна і стрымацца, і не сказаць чалавеку жорсткае слова. Праўды пабытовыя могуць быць розныя, у залежнасці ад нашага характару, адносін да аднаго ці іншага чалавека. А праўда быцця адна. У Беларусі на сённяшні дзень трымаюцца крайніх грамадзянскіх пазіцый 30 40 адсоткаў. Прычым, не трэба верыць афіцыйнай прапагандзе, якая сцвярджае, што на тым краю, дзе ўлада, большасць катэгарычна «За» гэта непраўда. Мы правялі сваё даследаванне, і вышла, што прыкладна аднолькава: 20 адсоткаў там «За», і 20 адсоткаў «Супраць». А каля 60 адсоткаў гэта людзі, якія не вызначыліся. Пачынаючы размову непасрэдна пра палітыку людзі маўчаць, пра апазіцыю адразу насцярога, адтаржэнне, пра лідэраў апазіцыйных лепш не казаць, таму што рэйтынг у іх проста адмоўны. Папрацавала, канешне, наша афіцыйная прапаганда, каб з апазіцыі зрабіць вобраз ворага. Але людзі на нешта разлічваюць, як у адносінах да ўлады, так і ў дачыненні да апазіцыі. Ёй трэба аддаць належнае. Кажуць: ні пры чым тут Пазняк, ні пры чым апазіцыя, Беларусь усё-роўна была б незалежнай, такой, якая яна ёсць, таму што час прыйшоў такі» Не, апазіцыя вельмі істотна паўплывала на тыя працэсы, якія адбываліся на пачатку 90-х. Але пасля гэтага ўжо не адбывалася нічога. Таму і нямашака веры ў тое, што яна можа штосьці зрабіць.

У некаторых сродках масавай інфармацыі выказваюцца такія думкі, што гэтая кампанія створана пад ваш магчымы ўдзел у будучых прэзідэнцкіх выбарах

Яна не створана пад мой магчымы ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Першапачаткова гэта не рабілася, і ніхто ўнутры кампаніі аб гэтым не думаў. Іншая рэч, што мы ставім задачу, каб людзі пайшлі на выбары. Праблема ў тым, што тыя, хто за ўладу ходзяць галасаваць, чаму і выходзяць гэтыя адсоткі. А тыя, хто супраць, яны не ідуць, бо перакананыя, што яны нічога не могуць зрабіць, маўляў, сітуацыя вядомая ніхто нічога не лічыць, якія замовяць выніковыя лічбы, тыя і называюць Але палічыць, колькі насамрэч прагаласавала гэта не такая складаная тэхналогія. І мы хочам, каб людзі на гэтыя выбары пайшлі. У нашай кампаніі платформа рухомая, яна рухаецца, мы можам выставіць якога-небудзь кандыдата. Не нашага, але таго чалавека, які ў гэты момант для большасці грамадства падасца найбольш прыдатным. Некалькі людзей да нас прыходзілі, вялі перамовы на гэты конт, і я не выключаю, што калі вынікі кампаніі будуць паспяховымі, мы скарыстаем гэтую магчымасць. У перадвыбарны год грамадства трошкі прачынаецца, пачынае нешта думаць пра палітыку, разважаць, як жывецца. А між выбарамі яно проста спіць. Калі б мы кампанію пачалі два гады назад, маглі нікуды і не ехаць ніхто б нічога не пачаў рабіць.

Чаму ў 1999 годзе вы пераехалі жыць ў Польшчу, але, пражыўшы некалькі гадоў за мяжой, вярнуліся на радзіму?

Я стараўся праз Лукашэнку, з якім тады быў даволі блізка знаёмы, уплываць на ўладу ў тых накірунках, якія мне здаваліся найважкімі, гэта перш за ўсё накірунак гуманітарны культура, гісторыя. І людзі, ведаючы, што я з ім сустракаюся, плявузгалі, што я з ім ледзь не ў абдымку хаджу, ў лазнях мыемся разам, карацей, прадаўся. Некаторыя людзі наогул схільныя верыць ва ўсякую бязглуздзіцу. У тыя часы, у 1998 годзе, я ўзначаліў Саюз беларускіх пісьменнікаў. І я яшчэ больш наблізіўся да той фігуры, якая шмат што магла вырашыць. Але пачаліся гульні. Я насамрэч стаў уплываць на нейкія працэсы. Але мне сталі перакрываць магчымасць уплыву. Пачала працаваць улада, адміністрацыя, канкрэтна прыклаў да гэтага рукі Замяталін Уладзімір Пятровіч, які на той час быў, ні больш ні менш, віцэ-прэмьерам, які курыраваў сектар культуры, усё тое, чым я займаўся. Ён падключыў усе магчымыя спецслужбы, якія працавалі на Беларусі. І давялі справу да таго, што сабралі шмат каго з тых, хто быў са мною побач; каго ўгаворам, каго падманам, не буду казаць, што з мэтай мне здрадзіць, каб паступіліся сумленнем, нейкімі прынцыпамі, пазіцыяй: нешта абяцалі ім. І давялі сітуацыю да таго, што я яшчэ трымаць удары спераду мог, а вось ужо ззаду у мяне не было ніякіх сіл. Убачыў сам, што нічога з таго, што я ад гэтай улады хачу дамагчыся гэтым шляхам, якім я пайшоў «дайце мне, бо я харошы чалавек і завуць мяне Някляеў» немагчыма, і нічога не будзе. Яна мае на мэце толькі сваё Тады Лукашэнка меў на ўвазе Крэмль уладу імперскую. Хаця зараз ён кажа, што гэту ўладу не хацеў, насамрэч ён толькі пра гэта і сніў. Памятаеце, яго пералёты па Расіі, як раз у гэты час я разам з ім лятаў. Я бачыў, што адбывалася насамрэч. Натоўпы людзей сустракалі гэтага чалавека ў Расіі з плакатамі «Лукашэнка наш прэзідэнт!». І гэта ўсё выглядала абсалютна рэальна. На гэта была скіравана ўся яго палітыка. Таму ніякай размовы, натуральна, не магло быць пра культуру. І ўбачыўшы, што ўсё гэта безвынікова, а за гэта мяне яшчэ з усіх бакоў прадаюць ды пляжаць, я вырашыў не дамаўляцца ні з адным, ні з другім бокам, а проста рассекчы ўсё адным махам.
Год я быў у Польшчы, а пасля яшчэ жыў у Фінляндыіі. Вярнуўся я па той простай прычыне, што мне не 20 гадоў, а ўжо 50, і адчуванне за мяжой у гэты час было такое, што ўсё тваё жыццё засталося там, а ты ідзеш па вуліцы паміж прыгожымі дамамі, у якіх вокны, на вокнах вісяць шторы, гардзіны, у шторах ходзяць цені, і ты разумеешь, што гэты горад, няхай гэта будзе Стакгольм, які мне вельмі падабаўся, ці які заўгодна іншы, напрыклад, Хельсінкі, Прага, але ты ведаеш, што ні ў водным з гэтых дамоў, ні за водным акном, няма чалавека, з якім ты звязаны папярэднім тваім жыццём ці каханнем, ці сяброўствам, ці застоллем. І ніколі, нават, да твайго скону, гэтага не будзе. Там свае нормы паводзін, свае нормы адносін. Гэта не азначае, што яны горшыя за нашыя, яны проста такія. Там, штобы зайсці па-сяброўску ў госці, трэба за паўгода пра гэта дамовіцца. Маладзейшыя да гэтага звыкаюцца, яны больш прагматычныя, а ў мяне там наступіла класічная настальгія.

Над чым вы працуеце сёння, што ў вашых бліжэйшых творчых планах?

Нядаўна ў мяне выйшла кніга прозы «Цэнтр Еўропы». Пасля выйшла «Выбранае». Але гэта не сузім выбранае, таму што я туды ўключыў шмат новага, што не друкавалася. Напрыклад, «Знакі прыпынку» дзённікавыя запісы, якія сёння, па-мойму, выклікаюць найбольшую цікавасць. Толькі што выйшла з друкарні, яшчэ пахне фарбай, кніга «Кон». Друкуецца ў часопісе «Дзеяслоў» драма ў вершах «Армагедон», дзе я пастараўся напісаць не толькі аб тым, што адбываецца ў чалавечым жыцці, але і пасля яго. Усё гэта напісана хаця і на фантастычным, але беларускім матерыяле. Зараз пішу паралельна прозу і паэзію. Карацей, зараз бы мне пісаць і пісаць, але вось так выйшла, што я займаюся гэтай грамадзянскай кампаніяй, што забірае вельмі шмат часу. Але, мяркуючы па рэакцыі людзей, з якімі сустракаюся, я бачу, што не марна губляю час, бо людзі вельмі хочуць пагаварыць пра тое, як яны жывуць па праўдзе ці не па праўдзе. Ні пра што іншае яны, дарэчы, сёння размаўляць не згодны. Больш за ўсё людзей хвалююць эканамічныя пытанні: цяжка жыць, няма грошай, дорага ўсё, жыллё недаступна, няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. А другой самай галоўнай праблемай на сённяшні дзень у Беларусі людзі называюць несупадзенне таго, што ёсць насамрэч, з тым, што нам пра гэта распавядаюць па тэлевізіі, у друку, карацей, вось гэтая самая праўда і мана, яе суадносіны. А гэта не ёсць эканамічныя праблемы, гэта ёсць праблемы маральныя. А калі ў грамадстве ёсць мараль, значыць трэба мець і праўду. І толькі з гэтай прычыны мы распачалі гэтую кампанію, бо ёсць людзі, гатовыя нас у гэтым падтрымаць.

Віктар КАЧАН. Фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя