Домой Видео Уладзімір Арлоў прэзентаваў у Бабруйску сваю маляўнічую «Айчыну»

Уладзімір Арлоў прэзентаваў у Бабруйску сваю маляўнічую «Айчыну»

Першая частка шчодра ілюстраванай кнігі распавядае гісторыю Беларусі ад старажытных часоў да паўстання Тадэуша Касцюшкі ў 1794 годзе. Праца над другой часткай яшчэ ідзе.

«Выхаду сваіх кніг радуюся як нараджэнню сыноў»

Прэзентацыя кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» праходзіла ў рамках заняткаў курсаў «Мова нанова» у тайм-клубе «13:87». Уладзімір Арлоў не ўпершыню ў Бабруйску. Але  заўсёды ёсць тыя, што бачаць беларускага пісьменніка ўжывую ў першы раз. Таму напачатку сустрэчы спадар Уладзімір распавёў, як распачынаўся ягоны творчы шлях. Бабруйчане даведаліся, што ў дзяцінстве ён марыў стаў кім заўгодна – вадалазам, патолагаанатамам, шпіёнам, нават дзяўчынкай, але не гісторыкам ці пісьменнікам. Але лёс склаўся так, што, атрымаўшы гістарычную адукацыю, Уладзімір Арлоў стаў прафесійным пісьменнікам.

Папрацаваўшы на розных пасадах, у 1997 годзе спадар Уладзімір апынуўся ў «вольным плаванні» – яго звольнілі з выдавецтва «Мастацкая літаратура» з фармулёўкай «за выпуск гістарычных кніг сумнеўнага зместу».  З таго часу, за 20 год атрымалася выдаць больш за 20 кніг, зазначыў пісьменнік.

Да кожнай сваей новай кнігі Ўладзімір Арлоў дагэтуль ставіцца з вялікай пяшчотай.

«Сваю радасць ад выхаду новай кнігі я магу параўнаць з радасцю ад нараджэння маіх сыноў», – кажа пісьменнік.

Як нарадзілася «Айчына»

«Аднойчы я прачнуўся зранку з цвёрдай упэўненасцю, што больш чакаць нельга, што трэба выдаць сваю галоўную кнігу, для тых, хто будзествараць будучыню нашай краіны, бо дзяржава не займаецца гістарычнай адукацыяй дзяцей», – распавёў пісьменнік пра пачатак «Айчыны».

Праца над кнігай настолькі захапіла Ўладзіміра Арлова, што героі гістарычных апавяданняў пачалі прыходзіць да яго у сне. Сафія Слуцкая прасіла яго правільна напісаць, за каго яна выйшла замуж. А Уршуля Радзівіл снілася ў эратычных снах, пажартаваў пісьменнік.

Уладзімір Арлоў распавёў, што ён быў шакаваны хуткасцю, з якой разышоўся першы тыраж кнігі. Тры тысячы кніг раскупілі за два тыдні.

«Я думаю, што прычына тут не толькі ў цікавасці самой кнігі, – зазначыў пісьменнік. – Справа ў зменах у грамадстве, што адбываюцца. Усё больш нашых суайчыннікаў хочуць мець сваю айчыну, хочуць аднавіць гістарычную памяць, канал сувязі з папярэднімі пакаленнямі».

Кніга мае 42 развароты на пачатку кожнага апавядання з дэталёва прапрацаванымі гістарычнымі рэканструкцыямі. Увогуле ў «Айчыне» больш за 200 ілюстрацый, 65 партрэтаў гістарычных асобаў. Усё гэта – праца мастака Паўла Татарнікава, якую ён рабіў цягам шасці гадоў. Уладзімір Арлоў пісаў тэксты  да кнігі чатыры гады.

Пакуль што выйшла толькі першая частка «Айчыны», якая скончваецца паўстаннем Тадэуша Касцюшкі ў 1794 годзе. Над другой часткай пісьменнік яшчэ працуе. Яна будзе ахопліваць час ад уключэння Беларусі ў склад Расейскай імперыі да аднаўлення беларускай незалежнасці на пачатку 1990-х гадоў.

Пасля прэзентацыі  бабруйчане маглі задаць пытанні,  а таксама набыць «Айчыну» з аўтографам аўтара.

Уладзімір Арлоў нарадзіўся ў 1953 годзе ў Полацку. У 1975 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у Наваполацке настаўнікам гісторыі, карэспандэнтам, намеснікам рэдактара гарадской газеты «Хімік», рэдактарам мінскага выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Зараз – віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра, член рады Саюза беларускіх пісьменнікаў.  Аўтар больш 20 кніг паэзіі, прозы, гістарычных нарысаў, эсэ.

Уладзімір Арлоў, прэзентаваў, Бабруйск, "Айчына"

Уладзімір Арлоў, прэзентаваў, Бабруйск, "Айчына"

Уладзімір Арлоў, прэзентаваў, Бабруйск, "Айчына"

Уладзімір Арлоў, прэзентаваў, Бабруйск, "Айчына"

 

Марына Міхневіч

 

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя