Домой Общество Уладальнікаў маршрутных таксі вымушаюць ставіць GPS (Відэа)

Уладальнікаў маршрутных таксі вымушаюць ставіць GPS (Відэа)

Транспартная праблема можа паўстаць у Бабруйску. Уладальнікаў маршрутных таксі мясцовыя ўлады абавязалі ўжо з 1 верасня ўсталяваць у машынах прыборы навігацыі GPS. У выпадку невыканання патрабавання існуе пагроза скасавання дамовы. Пакуль жа ніхто з прыватнікаў не “ўзброіўся” спадарожнікавым навігатарам. Як сітуацыя мае выглядаць далей?

Маршруткі — адносна танны, камфортны, а галоўнае — хуткі від транспарту. Адсюль — вялікі попыт на іх у бабруйцаў.

ЖЫХАРЫ БАБРУЙСКУ
“Спяшаешся — маршрутка ідзе — сеў ды паехаў. Яна хутчэй атрымоўваецца і прасцей дабірацца”.
“Не заўсёды бывае аўтобус, таму карыстаемся маршрутнымі таксі”.
“Без маршрутак, як раней людзі жылі, я не ведаю”.

Аднак, магчыма, неўзабаве давядзецца навучыцца жыць, можа, не без маршрутных таксі, але з меншаю іх колькасцю. Калі іх ўладальнікі не ўсталююць навігатараў, якія патрабуюць улады, то страцяць ліцэнзіі.

АНАТОЛЬ ПІСКУН, ІНДЫВІДУАЛЬНЫ ПРАДПРЫМАЛЬНІК
“Калі б мы ўхіляліся ад працы, тады б нам ставілі гэтую GPS. Мы, паглядзіце, чарга стаіць, пасажыраў чакаем. Толькі загрузіцца!”

Неабходнасць GPS мясцовыя ўлады тлумачаць жаданнем палепшыць якасць паслугаў. Але…

СЯРГЕЙ ШЫРОКІ, ІНДЫВІДУАЛЬНЫ ПРАДПРЫМАЛЬНІК
“Мільён выкінуць, а як ён будзе працаваць, яшчэ невядома! Дырэктар аўтобуснага парку казаў, што раз у месяц здараюцца праблемы з гэтымі прыладамі і іх даводзіцца рамантаваць”.

Да таго ж, чамусьці абсталяванне прыватнікам прапанавалі набываць у той арганізацыі, якую раяць улады. Пасля незадаволення ўладальнікаў маршрутак можа быць саступка, але не адмена рашэння.

МІКАЛАЙ ПЛЕХ, НАЧАЛЬНІК УПРАЎЛЕННЯ ЖКГ БАБРУЙСКУ
“Ёсць іншыя прапановы, якія трохі таннейшыя, мы іх разглядаем. Мы працуем разам з прафсаюзам “Садружнасць” Магілёўскай вобласці. Калі нас задаволіць гэтая сістэма, магчыма, мы будзем працаваць з імі. А яна танней!”

Аднак кіроўцы лічаць, што татальны кантроль за рухам маршрутак з боку мясцовых уладаў пагражае ім банкруцтвам.

ЮРЫЙ КОЛБАС, КІРОЎЦА
“Сэнсу працаваць ужо не будзе. Нас паставяць пад графікі і абавяжуць — 8-гадзінны працоўны дзень. А за 8 гадзінаў на маршруце практычна нічога не заробіш”.

І цяпер уладальнікі маршрутных таксі стаяць перад выбарам: ці адмовіцца ад навігатараў і страціць бізнес, ці пагадзіцца і згубіць грошы.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя