Домой В регионе «У рэгіёнах шмат цікавых грамадскіх ініцыятыў, але ніхто не ведае пра іх»

«У рэгіёнах шмат цікавых грамадскіх ініцыятыў, але ніхто не ведае пра іх»

 ініцыятыва, «Фаланстэр», «Мапы», БабруйскЗрабіць грамадскія арганізацыі заўважнымі імкнецца ініцыятыва «Фаланстэр» з дапамогай «Мапы заўтрашняга дня». З праектам пазнаёміліся слухачы курсаў «Мова нанова» у Бабруйску 25-га кастрычніка.

Сацыяльная сетка для грамадскіх арганізацый

«Фаланстэр» https://falanster.by/be – гэта супольнасць «сацыяльных людзей», якія праз ІТ-тэхналогіі паляпшаюць грамадскае узаемадзеянне. Так арганізацыю прадстаўляе Юлія Сакалоўская, фатограф і сябра ініцыятывы «Мапа заўтрашняга дня».

«Наша задача – матываваць айцішнікаў аддаваць пэўную частку свайго часу на нейкія грамадскія ініцыятывы, валанцёрыць. Таксама мы пашыраем выкарыстанне адкрытых крыніц і адкрытага коду», – распавяла дзяўчына.

Зараз «Фаланстэр» працуе над двума буйнымі праектамі: модулем прыёму ахвяраванняў Doika, і ўласна над «Мапай», якую сябры арганізацыю прэзентавалі ў Бабруйску.

 ініцыятыва, «Фаланстэр», «Мапы», Бабруйск

«Мапа заўтрашняга дня» – гэта інтэрактыўная пляцоўка, на якую кожны грамадзянін, актывіст ці грамадская ініцыятыва могуць дадаць сябе ці знайсці кагосьці «для супрацы, натхнення і паляпшэння света».

Паводле Юліі Сакалоўскай і Марыі Колб, адміністратаркі «Мапы», гэта нямецкі праект. Ідэя інтэгравацца ў яго нарадзілася мінулай вясной. Актыўная праца па запаўненні мапы распачалася з лета бягучага года.

«Чаму мы гэта робім? Мы зараз шмат ездзім па Беларусі, і сутыкнуліся з тым, што гарады ў рэгіёнах варацца ў сваім саку. Ёсць супольнасці, нейкія актыўныя грамадскія арганізацыі, але яны не выходзяць за межы свайго горада. Яны не бачныя нікому ў Беларусі, а тым больш – у замежжы, – распавяла Юлія Сакалоўская пра мэты праекта. – Наша праца накіраваная на тое, каб гэтыя людзі і ініцыятывы сталі бачнымі і змаглі знаходзіць аднадумцаў, партнёраў у іншых гарадах ці краінах, і ствараць з імі нейкія крутыя супольныя рэчы».

«Мапа заўтрашняга дня» – цалкам некамерцыйны праект. Зараз ён толькі для актывістаў і грамадскіх арганізацый і ініцыятыў. Хутка будзе магчымасць дадаваць падзеі. У нямецкай версіі ёсць яшчэ сацыяльны бізнэс. Але на беларускай мапе гэтай опцыі пакуль няма. «Магчыма, у будучым калісьці дададзім», – кажа Марыя Колб.

Дзяўчаты з «Фаланстэра» спадзяюцца, што «Мапа» перарасце ў нешта накшталт сацыяльнай сеткі для грамадскіх арганізацый.

Мікрагалактыкі Беларусі

Зараз Марыя з Юліяй ездзяць па Беларусі, нават у самыя малыя мястэчкі, каб знайсці актывістаў і распавесці, як дадацца на пляцоўку. Каля 100 беларускіх арганізацый ужо нанеслі сябе на «Мапу».

«Мы імкнемся пакрыць усю Беларусь, дакрануцца да самых патаемных ініцыятыў, вядомых толькі ў сваім раёне. Мы хочам іх выцягнуць, каб яны таксама карысталіся з мапы і каб пра іх усе ведалі», – кажа Юлія.

У выніку знаёмства з рэгіянальнымі ініцыятывамі, удзельніцы праекта змаглі абазначыць агульную праблему для большасці беларускіх актывістаў – узаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі. Шмат складанасцяў з атрыманнямі дазволаў на праекты, актыўнасці. Часта мясцовыя ўлады незацікаўленыя ў працы грамадскіх арганізацый. Гэта таксама можна паспрабаваць змяніць, калі казаць пра сябе.

Шукаючы арганізацыі і актывістаў, Марыя з Юліяй наноў адкрылі для сябе Беларусь.

«Такія вандроўкі паказваюць Беларусь у зусім іншым разрэзе, – дзеліцца ўражаннямі Юлія. – Гэта процьма мікрагалактык у адной краіне. Кожнае мястэчка мае сваю асаблівасць, сваю дзвіжуху. І калі мы бачым гэта і разумеем, што часцей за ўсё, яны самі па сабе, то ўпэўніваемся, што трэба рабіцца бачнымі, каб муціць яшчэ больш крутых справаў».

Пасля прэзентацыі «Мапы» слухачы курсаў «Мова нанова» прынялі ўдзел у так званым «мапатоне» – майстар-класе па дадаванні інфармацыі пра сябе на пляцоўку. Цяпер на «Мапе заўтрашняга дня» з’явіліся чатыры бабруйскія грамадскія арганізацыі і ініцыятывы: моўныя курсы «Мова нанова», тайм-клуб «1387» як пляцоўка для рэалізацыі ідэй, цэнтр дапамогі ў развіцці асаблівага дзіцяці «Уключайся», ініцыятыва «Новае жыццё ў абмен на вечкі». Марыя з Юліяй заклікаюць актыўных бабруйчан заходзіць на «Мапу»  і дадаваць звесткі пра сябе.

 ініцыятыва, «Фаланстэр», «Мапы», Бабруйск

 ініцыятыва, «Фаланстэр», «Мапы», Бабруйск

 ініцыятыва, «Фаланстэр», «Мапы», Бабруйск

 

Марына Міхневіч