Домой В регионе У Глушы прайшла прэзентацыя «Прыпынка Адамовіча»

У Глушы прайшла прэзентацыя «Прыпынка Адамовіча»

Дзеля гэтай падзеі на Бабруйшчыну завіталі дачка пісьменніка Наталля, скульптар, што працуе над бюстам Адамовіча, Генэк Лойка, бард, пісьменнік Зміцер Бартосік, палітык Таццяна Караткевіч.

«Героі сённяшняй падзеі – Андрусь і ягоная каманда» – Наталля Адамовіч

Урачыстае адкрыццё прыпынка адбылося падчас мясцовага фестываля народнай культуры «Глушанскі хутарок», што сёлета праходзіў шостага кастрычніка.

Напярэдадні, у апошнія дні верасня, прыпыначны шапік размалявалі мастакі Аляксандр Благій, вядомы пад псеўданімам KONTRA, і Юлія Лазоўская. Цяпер на яшчэ нядаўна пустых сценах месцяцца партрэт Адамовіча і ягонае выказванне пра родную Глушу з аповесці «Vixi».

Падчас прэзентацыі Наталля Адамовіч зазначыла, што, перш за ўсё, яна вельмі рада, што такі арт-аб’ект паўстаў, і што яна сама ніколі б не дадумалася б да яго. Таму, падкрэсліла дачка пісьменніка, героі падзеі – Андрусь Архіпенка і ягоная каманда, якая з вясны працавала над тым, каб прыпынак з’явіўся.

 у Глушы, прайшла прэзентацыя, «Прыпынак Адамовіча», на Бабруйшчыне
Андрусь Архіпенка з банерамі, прысвечанымі Алесю Адамовічу
 у Глушы, прайшла прэзентацыя, «Прыпынак Адамовіча», на Бабруйшчыне
Наталля Адамовіч
у Глушы, прайшла прэзентацыя, «Прыпынак Адамовіча», на Бабруйшчыне
Таццяна Караткевіч

Перад гасцямі таксама выступіла старшыня Глушанскага сельсавету Марыя Сушчанка. Яна сказала, что Алесь Адамовіч – брэнд Глушы і ўсёй Беларусі, таму памяць пра яго трэба папулярызаваць.

у Глушы, прайшла прэзентацыя, «Прыпынак Адамовіча», на Бабруйшчыне
Выступае Марыя Сушчанка

Аўтар ідэі арт-аб’екта памяці Адамовіча – бабруйчанін Андрусь Архіпенка. Пра тое, што Глушы неабходны нейкі памятны знак, які б распавядаў, што тут правёў дзяцінства і юнацтва Алесь Адамовіч, Андрусь задумваўся даўно. Актывіста вельмі непакоіла, што дагэтуль няма ні помніка пісьменніку, ні нават шыльды. Так, даўно вядуцца размовы пра стварэнне музея Адамовіча ў Глушы, але на гэта ўсцяж няма грошай. І калі мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць свайго славутага земляка, то госці Бабруйшчыны нават не маюць магчымасці даведацца, чыя гэта малая радзіма. Андрусю прыйшла ідэя, што аўтобусны прыпынак можа стаць ідэальным памятным пунктам і адначасова «гідам» па мясцінах Адамовіча.

Да Андруся далучыліся іншыя неабыякавыя бабруйчане, і ў выніку паўстала ініцыятыва па стварэнні турыстычнай кропкі «Прыпынак Адамовіча». Сябры ініцыятыўнай групы зладзілі конкурс праектаў па афармленні прыпынка.

Ідэю падтрымалі мясцовыя ўлады – Глушанскі сельсавет і Бабруйскі райвыканкам. Андрусь падкрэслівае, што для яго было важна наладзіць супрацоўніцтва з раённай адміністрацыяй, і што ён хацеў давесці, што ўзаемадзеянне грамадскай супольнасці і ўладаў магчымае.

Услед за прыпынкам з’явіцца помнік Адамовічу і віртуальны музей

Наступны крок па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча ў Глушы – усталяванне помніка. Гэта яшчэ адна ініцыятыва Андруся Архіпенкі, якая нарадзілася нават раней за прыпынак. Яшчэ напачатку бягучага года актывіст збіраў подпісы за стварэнне пад Бабруйскам сквера Алеся Адамовіча разам з бюстам пісьменніка. Потым, у траўні на платформе «Талака» абвесціў краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў на помнік. Сабралі 9600 BYN, чаго хапае на выраб помніка і аплату працы скульптара .  Папярэдні макет бюста вырабіў Уладзімір Мелехаў. Цяпер над помнікам працуюць Генэк Лойка і Яўген Білей.

Каб помнік усталяваць, трэба яшчэ атрымаць неабходныя ўзгадненні з мясцовымі ўладамі. Андрусь вельмі спадзяецца, што атрымаецца гэта зрабіць да наступнага года. Таксама трэба дамовіцца з райвыканкамам што да месца размяшчэння помніка, бо тут узнікла непаразуменне. Андрусь і Наталля Адамовіч хочуць усталяваць бюст і зрабіць сквер каля будынка аптэкі, у якім працавала маці Адамовіча, і дзе плануецца адкрыць музей. Мясцовыя ўлады лічаць, што найлепшым месцам для бюста будзе пляцоўка каля Глушанскага дома культуры. Знайсці кампраміс пакуль не атрымоўваецца. Андрусь упэўнены, што помнік мусіць стаяць каля будучага музея, бо так ён прывабіць увагу да будынка і неабходнасці яго захавання і мемарыялізацыі.

Размовы пра стварэнне ў былой аптэцы ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна, дзе працавала маці Алеся Адамовіча, музея, вядуцца даўно. У лютым 2016 года раённыя ўлады адкрылі дабрачынны рахунак для збору сродкаў на музей. На сённяшні дзень сабрана крыху меньш за 6 тысяч даляраў, што не пакрывае і дзесятую частку патрэбнай сумы. Іх не хапае нават на распрацоўку праектна-сметнай дакументацыі. 5 тысяч даляраў з ахвяраванняў – гэта ўнёсак Святланы Алексіевіч, які яна зрабіла ў лістападзе 2016 года.  Будынак аптэкі тым часам прыходзіць у заняпад, што прызнаюць і мясцовыя ўлады.

Пакуль да рэальнага музея далёка, сябры ініцыятывы «Прыпынак Адамовіча» думаюць пра віртуальны. Зараз ідэя такога музея ўдзельнічае ў конкурсе сацыяльных праектаў «Social weekends», прагаласаваць за яе можна да 21.00 сёмага кастрычніка.

Алесь Адамовіч – беларусі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзяяч. Нарадзіўся трэцяга верасня 1927 года. Дзяцінства правёў ў Глушы пад Бабруйскам. Там жа на свае вочы пабачыў Другую сусветную вайну. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Вёў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Падтрымліваў стварэнне Беларускага народнага фронта. Намагаўся раскрыць праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, быў са-старшынёй Міжнароднага фонда «Дапамога ахвярам Чарнобыля». Вядомыя ягоныя творы «Я з вогненнай вёскі», «Хатынская аповесць»,  «Вайна пад стрэхамі», «Апакаліпсіс па графіку» і іншыя.

Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня 1994 года, пахаваны ў Глушы.

Падрабязней пра адкрыццё «Прыпынка Адамовіча» глядзіце ў нашым відэасюжэце

 

Марына Маўчанава

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя