Домой Главные новости У Бабруйску з’явіўся першы беларускамоўны клас: пакуль там адзін вучань

У Бабруйску з’явіўся першы беларускамоўны клас: пакуль там адзін вучань

У гэтым годзе ў бабруйскай школе № 17 паўстаў першы беларускамоўны клас у горадзе. Пакуль там толькі адзін вучань – Сцяпан Хадарэнка.

«Бабруйскі кур’ер» распытаў бацьку першакласніка, Глеба Хадарэнка, пра першыя ўражанні ад беларускамоўнага навучання сына.

у Бабруйску з'явіўся першы беларускамоўны клас, пакуль там адзін вучань, у бабруйскай школе № 17, паўстаў першы беларускамоўны клас у горадзе

«Заканадаўства ў нас кажа аб тым, што калі бацькі выбралі беларускую мову – іх дзеці мусяць навучацца па-беларуску»

Сцяпану зараз сем гадоў. У мінулым годзе мы не аддалі яго ў школу, бо беларускамоўнага класу не было і мы не ведалі, што трэба, каб ён з’явіўся. Год я збіраў інфармацыю, быў гатовы да таго, што будуць нейкія спецыфічныя патрабаванні. Мне здавалася, што шансаў вельмі няшмат. Многія казалі, што трэба мінімум восем чалавек ці дзесяць, але ж гэта не падцвердзілася. Аказалася, усё значна прасцей – пішаш заяву, кажаш, што ў Беларусі гэта можна зрабіць.
Заканадаўства ў нас кажа аб тым, што калі бацькі выбралі беларускую мову – іх дзеці мусяць навучацца па-беларуску. Мне вельмі дапамог досвед іншых людзей, якія рабілі адпаведныя захады ў сваіх гарадах.

У чэрвені я прыйшоў у школу, кажу ўжо трэба набіраць групы. Пытаю: ці ёсць іншыя заявы? Кажуць – няма. Я адказаў, што адна ёсць. Мне сказалі – будзем рабіць.

«Зараз ані сярэдняй, ані вышэйшай беларускамоўнай адукацыі ў нас няма»

Пакуль што месяц прайшоў і цяжка нешта адзначыць. Але ў Сцяпана добрая настаўніца. Яна сапраўды ведае беларускую мову. Апошнія 15 гадоў яна працавала з рускамоўнымі дзеткамі, але сама яна з бабруйскага раёна, скончыла беларускамоўную школу, потым навучалася ў МДУ ім. Куляшова ў Магілёве, што адметна, навучалася ва ўніверсітэце яна таксама па-беларуску. Напэўна гэта апошняе пакаленне, якое мела такую магчымасць. Бо зараз ані сярэдняй, ані вышэйшай беларускамоўнай адукацыі ў нас няма.

у Бабруйску з'явіўся першы беларускамоўны клас, пакуль там адзін вучань, у бабруйскай школе № 17, паўстаў першы беларускамоўны клас у горадзе

Ці былі дагэтуль спробы стварыць беларускамоўныя класы ў Бабруйску?

Наколькі я ведаю, ў Бабруйску беларускамоўных класаў няма з 50-ых гадоў. У мяне яшчэ быў спадзеў, што, магчыма, дзесьці у вёсках у бабруйскім раёне навучанне вядзецца па-беларуску, каб мой Сцяпан не вучыўся адзін.
Але аказалася, што ў бабруйскім раёне беларускамоўных класаў няма, а ёсць толькі ў кіраўскім. І зараз гэты клас таксама зачыняецца. У беларускамоўным класе было дзесяць вучняў, з іншай вёскі, дзе зачынілі школу, прыйшло пяць рускамоўных вучняў, і клас зрабіўся рускамоўным.

«Зараз Сцяпан навучаецца звычайна тры гадзіны ў беларускамоўным класе, а адна гадзіна – музыка, маляванне ці труд праходзіць разам з іншымі дзеткамі»

Гэты год Сцяпан будзе залічаны як вучань рускамоўнага 1 «А» класа, а на наступны год, спадзяюся, адчыніцца 2 «В», і гэта будзе ўжо паўнавартасны беларускамоўны клас. Зараз Сцяпан навучаецца звычайна тры гадзіны ў беларускамоўным класе, а адна гадзіна – музыка, маляванне ці труд праходзіць разам з іншымі дзеткамі.

Канешне, усе родзічы, бабулі вельмі перажывалі і думалі, што ён там будзе ў адзіноце сядзець, але гэты месяц паказаў, што яму цікава.
Я запрашаю ўсіх бацькоў, якія жадаюць, каб іх дзеці навучалі па-беларуску, ў гэты клас. Зараз гэта сапраўды адукацыя вышэйшага ўзроўню – у настаўніцы ёсць час распавесці ўсё дэталёва.

Ніякіх праблем з рускай мовай у Сцёпы, канешне, няма, бо рускамоўнае асяроддзе ў яго паўсюль. У школе ён вывучае рускую мову адну гадзіну на тыдзень.

у Бабруйску з'явіўся першы беларускамоўны клас, пакуль там адзін вучань, у бабруйскай школе № 17, паўстаў першы беларускамоўны клас у горадзе

«Я сам заўсёды хацеў размаўляць па-беларуску»

Я бачу, што ў грамадстве адбываюцца нейкія зрухі датычныя моўнага пытання. Больш моладзі прыходзіць нават у Бабруйску на курсы Мова Нанова.
Я заўсёды хацеў размаўляць па-беларуску, але паўставала пытанне – з кім мне размаўляць, не хапала менавіта штодзённай практыкі. Сярод маіх сяброў вельмі мала беларускамоўных.
Магчыма адыграла ролю тое, што ў мяне была добрая настаўніца беларускай мовы яшчэ ў школе. Яна здолела прывіць мне любоў як да мовы, так і да нашай гістарычнай ды культурнай спадчыны.

Дачка майго сябра з Менску пайшла ў беларускамоўную гімназію. Яго расповеды пра навучанне па-беларуску таксама на мяне паўплывалі.

Сям’я мая размаўляе па-расейску. Але ж адно пытанне навучыцца размаўляць, а зусім іншае – думаць на мове. Мы ўсё-ткі нарадзіліся на гэтай зямлі.

Я зараз падцягваю і свой узровень беларускай мовы, бо мне ж трэба дапамагаць сыну. Я ўпэўнены, што за чатыры гады ён засвоіць курс мовы і зможа вольна на ёй размаўляць. Роднае яно і ёсць роднае.

 

Падрыхтавала Ганна Дусь

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя