Домой Видео У Бабруйску затрымалі каля 40 чалавек, у тым ліку – шмат журналістаў...

У Бабруйску затрымалі каля 40 чалавек, у тым ліку – шмат журналістаў (Адноўлена, дададзена відэа)

Некаторым з затрыманых спатрэбілася медычная дапамога…

26 сакавіка, а 12-й гадзіне, у Бабруйску на плошчы Перамогі планавался вулічная акцыя – у тым ліку супраць затрыманняў на Дзень Волі.

Аднак, людзей на плошчу фактычна не прапускалі.

За пару гадзін да мітынга там з’явіліся некалькі аўтазакаў, дзесятак міліцэйскіх машын ды людзей у цывільным.

Колькасць прадстаўнікоў сілавых структур значна перавышала тых, хто сабраўся на акцыю, нават з улікам простых мінакоў. Ад самага пачатку мерапрыемства пачаліся і масавыя затрыманні. Людзей выцягвалі з крамаў, гвалтоўна запіхвалі ў аўтазакі.

Адна жанчына падыйшла да міліцыянтаў і запытала «Што тут адбываецца?» – у адказ яе проста скруцілі і закінулі ў аўтазак.

«Гэта было як у фільме жахаў. Натоўп міліцыянтаў-касманаўтаў бег па вуліцах, ўсіх запар хапалі і цягнулі ў аўтазакі. Сярод затрыманых былі падлеткі, у тым ліку – дзяўчынкі, выпадковыя мінакі.

Праз некаторы час пасля ўсяго мы бачылі бабуль, якія ішлі па плошчыі, і абмяркоўвалі, як міліцыя хапае нявінных людзей. «Складаецца адчуванне, што людзі пачынаюць разумець, што адбываецца ў краіне!» – распавядаюць відавочцы падзей.

Літаральна на самым пачатку акцыі быў затрыманы галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка. А праз кароткі прамежак часу АМАП схапіў і іншых прадстаўнікоў СМІ – аператара Віктара Масаловіча, журналіста Андрэя Шобіна, журналіста-фрылансера, блогера Дзяніса Носава.

Калі людзей пачалі масава запіхваць у аўтазакі, рэштка натоўпа рушыла да помніка Бабру. Невялікая калона скандавала «Жыве Беларусь!». Адразу за імі пабег і АМАП. Мінакі пачалі хавацца ў крамах па вуліцы Сацыялістычнай. Многіх гэта не ўратавала. Міліцыянты ўрываліся ў крамы, кавярні і «набівалі» машыны новымі затрыманымі.

«Аднаго мужчыну забралі проста з крамы, калі ён купляў куртку. Нас пасадзілі ў аўтазак і прывезлі да УУС, – распавяла парталу Tut.by Святлана Галоўкіна. – Адной жанчыне патрэбная дапамога, ёй адбілі бакі. У іншай пяцігадовы сын застаўся адзін дома. Яна прасіла перадаць мужу ключы ад кватэры, але супрацоўнікі міліцыі адмовіліся».

Сярод затрыманых актывіст Эдуард Грынявецкі: «Мы выйшлі з кавярні, калі побач прабягалі мітынгоўцы. Літаральна праз 10 секундаў у кавярню ўварваўся АМАП. Усіх паклалі на падлогу. Дваіх чалавек, у тым ліку і Эдуарда скруцілі і забралі. На маёй памяці ў Бабруйску такога яшчэ не было», – распавёў сябр затрыманага актывіста.

Сярод затрыманых – лідар прафсаюза СПБ Міхаіл Кавалькоў. Таксама супрацоўнікі міліцыі затрымалі журналістаў Дзмітрыя Суслава (газета «Коммерческий курьер»), Святлану Галоўкіну і Аляксандра Чугуева (газета «Вечерний Бобруйск»).

У бабруйскі УУС было дастаўлена каля 40 чалавек. Людзі сядзелі ў актавай залі. Іх выклікалі па адному на складанне пратаколу апытання, а затым – на размову з падпаўкоўнікам міліцыі Андрэем Малахавым.

Прынамсі, чатыры разы давялося выклікаць хуткую дапамогу да затрыманых. Яшчэ ў аўтазаке стаў губляць прытомнасць перажыўшы пэўны час таму інфаркт міякарда Віктар Масаловіч, у якога моцна падскочыў ціск. Але медыкі, рызыкуючы жыццём журналіста, чамусьці адмовіліся дастаўляць яго ў медычную ўстанову.

Аднаго з пенсіянераў, якому было каля 70 гадоў, усё ж забралі ў шпіталь.У яго забалела сэрца… Медычную дапамогу аказалі і збітаму падчас затрымання мужчыне, гвалтоўна выцягнутаму з гандлевага цэнтра «Сілуэт» у той час, калі ён з жонкай набываў там сабе куртку.

Але гэта збіццё не было апошнім для сапраўды няўдачлівай сям’і!.. Як стала вядома пазней, абураны расповедам па тэлефоне пра падзеі з бацькамі, іхні сын прыехаў у дзяжурнаю частку, дзе пачаў паводзіць сабе занадта эмацыйна. Там жа, па словах бацькоў, ён быў настолькі моцна збіты супрацоўнікамі міліцыі, што патрапіў на бальнічны ложак!..

Пасля гутаркі ў міліцыі Святлану Галоўкіну, Аляксандра Чугуева і Дзмітрыя Суслава адпусцілі без складання пратаколаў, а потым – Дзяніса Носава і Анатоля Санаценку.

Апошнімі з журналістаў сыйшлі Андрэй Шобін і Віктар Масаловіч. Іх пратрымалі агулам каля шасці гадзін. Прагучалі выбачэнні Андрэя Малахава, але гэта ніколькі не апраўдвае супрацьзаконныя дзеянні міліцыянтаў, якія могуць падпадаць пад дзеянне дзвух артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

Артыкул 198. «Перашкаджэнне законнай прафесійнай дзейнасці журналіста» і артыкул 426. «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

Адзіным з затрыманых 26 сакавіка на нясклаўшымся «Маршы недармаедаў», каго міліцыя не адпусціла дадому і распачала адміністрацыйную справу, стаў Аляксей Данілейка. На судзе высветлілася, што хлопцу паставілі ў віну ўдзел у акцыі 12 сакавіка. Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пяці базавых велічынь.

 Бабруйск, мітынг, затрымалі, чалавек, журналісты, Анатоль Санаценка
Полицейское государство. Бобруйский вариант-1
Бабруйск, мітынг, затрымалі, чалавек, журналісты, Анатоль Санаценка
Полицейское государство. Бобруйский вариант-2
Бабруйск, мітынг, затрымалі, чалавек, журналісты, Анатоль Санаценка
Полицейское государство. Бобруйский вариант-3
Бабруйск, мітынг, затрымалі, чалавек, журналісты, Анатоль Санаценка
Задерживают журналистов «Бобруйского курьера» Андрея Шобина, Виктора Масаловича…
Бабруйск, мітынг, затрымалі, чалавек, журналісты, Анатоль Санаценка
По площади Победы прогуливаются местные чиновники. Но их почему-то не задержали…

 

Ганна Дусь,

Антон Пуціла

Фота Анатоля Санаценкі,

Марыны Маўчанавай

Відэа Віктара Масаловіча

 

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя