Домой Культура У Бабруйску пройдзе творчая сустрэча з дачкой Алеся Адамовіча

У Бабруйску пройдзе творчая сустрэча з дачкой Алеся Адамовіча

у Бабруйску, пройдзе творчая сустрэча, з дачкой Алеся Адамовіча
Наталля Адамовіч. Фота з сайта http://6tv.by/

Імпрэза адбудзецца ў нядзелю, 5 жніўня, у тайм-клубе «1387».

Наталля Адамовіч распавядзе гасцям пра свайго бацьку, пакажа фотаздымкі з сямейнага архіву, адкажа на пытанні, што цікавяць бабруйчан.

Сустрэча пройдзе ў падтрымку кампаніі па ўсталяванні ў Глушы помніка Алесю Адамовічу.

Ад пачатку траўня і амаль да канца чэрвеня на краўдфандынгавай платформе «Талака» вёўся збор сродкаў на бюст пісьменніка. Атрымалася сабраць 9600.   Гэтага хопіць на аплату працы скульптара,  выраб пастамента, адліўку помніка з бронзы.

Папярэдні макет бюста вырабіў скульптар Уладзімір Мелехаў. Цяпер над помнікам працуюць скульптары Генік Лойка і Яўген Білей.

Калі нічога не перашкодзіць, адкрыццё помніка плануецца прымяркаваць да дня народзінаў пісьменніка 3 верасня, альбо да 25-й гадавіны ягонай смерці 26 студзеня 2019 года. Бюст будзе ўсталяваны ў Глушы, на пляцоўцы каля будынка аптэкі, у якой некалі працавала маці Алеся Адамовіча, і дзе мусіць паўстаць музей літаратара.

Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 верасня 1927 года ў в.Канюхі ў Менскай вобласці. Але з самага ранняга дзяцінства жыў разам з бацькамі ў Глушы, якую лічыў сваёй малой Радзімай. Тут жа ён хацеў быць пахаваным. Што і здарылася ў 1994 годзе – 26 студзеня пісьменнік памёр ад інфаркта.

Алесь Адамовіч вядомы як яскравы публіцыст, які не баяўся падымаць самыя вострыя сацыяльныя, грамадскія, палітычныя пытанні. Шмат у чым менавіта дзякуючы Алесю Адамовічу беларусы і свет даведаліся праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы.

Пяру Адамовіча належаць такія кнігі, як «Вайна пад стрэхамі», «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга», «Я з вогненнай вёскі», «Vixi», сцэнар да фільма «Ідзі і глядзі» (у 2017 годзе фільм быў адзначаны ўзнагародай 74-га Венецыянскага кінафестываля) і шмат іншых твораў.

Сустрэча з Наталляй Адамовіч распачнецца а 14-й гадзіне. Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя.

Адрас тайм-клуба «1387»: вул.Чангарская, д.54.

Уваход вольны.

 

Марына Міхневіч