Домой Культура У Бабруйску прайшоў канцэрт «АKUTE»

У Бабруйску прайшоў канцэрт «АKUTE»

Фото Андрея ШОБИНА.
Фото Андрея ШОБИНА.
Фото Андрея ШОБИНА.
Фото Андрея ШОБИНА.
Фото Андрея ШОБИНА. 16 верасня ў байкер-пабе «Качэўнік» прайшоў канцэрт магілёўскага рок-гурта «AKUTE». Гэтая каманда, якая складаецца з трох чалавек, была ўтворана параўнальна нядаўна — у 2008 годзе, і за гэты час дамаглася вялікіх поспехаў. Музыкі — пераможцы розных фестываляў. Адно з яскравых дасягненняў гурта — перамога ў «Рок-каранацыі — 2011» у намінацыі «Рок-прарыў».

На рахунку «AKUTE» ужо два альбомы. Магілёўцы — таксама аўтары саўндтрэкаў, у тым ліку — да фільма «Вышэй за неба».

У Бабруйск з музыкаў прыехалі Станіслаў Мытнік і Раман Жыгараў. Свае песні яны выканалі ў акустычным варыянце, што надало іх выступу асаблівы каларыт. Наогул, музыку гэтай каманды адрознiвае арыгiнальнае гучанне, сакавіты, атмасферны саўнд і прыгожыя гітарныя рыфы. Што ж да тэкстаў — гэта пранізлівая лірыка, прасякнутая лёгкай меланхоліяй. Як тут не ўспомнiць знакомiты брытанскi гурт «Placebo», дарэчы, на канцэрце якой у якасці разагрэву і будуць выступаць магілёўцы 22 верасня ў Палацы спорту. Выконвае свае песні «AKUTE» на беларускай мове.

Публіка, якая сабралася ў «Качэўнiку», прымала гасцей вельмі цёпла, за што і падзяквалі бабруйчан музыкі гурта. Канцэрт быў зусім невялікім, але атрымаўся слаўна. Свае песні магілеўцы выканалі з вялiкiм пачуццём. Слухачы не хацелі адпускаць каманду і папрасілі выступіць «на біс». У выніку, на развітанне «AKUTE» выканала яшчэ дзве песні. Зрэшты, музыкі паабяцалі ў бліжэйшы час зноў прыехаць у наш горад, на гэты раз з вялікай праграмай.

Пасля канцэрту мы крыху пагутарылі з салістам гурта Станіславам Мытнікам на тэмы беларускай мовы, фільма «Вышэй за неба», вострых пытанняў сучаснасці і іншага.

— Станіслаў, як Вы ацэньваеце стан беларускай мовы ў краіне? На жаль, днямі ў інтэрнэце давялося чытаць меркаванне маладых людзей, якія сцвярджалі, што беларуская мова — гэта мёртвая мова, непрыдатная для ўжывання. Што вы на гэта скажаце?

— На мой погляд, не ўсе так дрэнна. Так кажа тая моладзь, якая не размаўляе на гэтай мове, таму ей так здаецца. На самой справе ўсе добра. Людзей, якiя размауляюць па-беларуску, шмат. I трэба, как iх было больш. Будзе вельмі добра, калi хтосьцi паслухае нашыя песнi и пачне размаўляць на беларускай мове. Хоць мы i не ставiм перад сабой такой мэты. А проста спяваем так, як iдзе знутры.

— Што азначае назва вашай групы?
— У перакладзе з нямецкага, «akute» азначае востры — вострая хвароба, нейкае вострае пытанне, вось у гэтым сэнсе.

— А якія пытанні на сёння для вас найбольш вострыя?
— Ну, напрыклад, развіццё паляўнічага турызму для іншаземцаў у Беларусі. Мы дазваляем за грошы замежнікам адстрэльваць нашых зубраў, сімвал нашай краіны.

— Вашыя песнi гучаць у фiльме «Вышей за неба». Ваша меркаванне пра гэты праект?

— Вельмi добры фiльм. Калi яго яшчэ не здымалi, нам выслалi сцэнар, я яго прачытаў, мне вельмi спадабалася. А потым, калi яго глядзiш, параўноўваеш тое, што ты ўяўляў, i нам спадабалася як ўсе атрымалася. Там здымалiся вельмi добрыя хлопцы, i мы паказвалi iм, як трэба сябе весцi на сцэне. Наш гурт быў як вобраз таго, што рабiлася там. Хутка павiнен выйсцi клiп па матывах гэтага кiно на песню «Зорка».

— Якая ў вас адукацыя?

— Я — эканамiст, Раман — юрыст, наш бубнач — прадпрымальнiк.

— Цi ёсць у вас музычная адукацыя?

— Я вучыўся граць на гiтары, Раман навучаўся ў музычнай школе.

— Што вы ўкладаеце у свае песнi? Гэта нешта перажытае цi нейкiя вобразы?

— Для кожнага гэта свае. Раман пiша тэксты, я iх спяваю. Кожны ўкладвае сюды ўласны сэнс.

— Дзякуй вам — і за канцэрт, і за адказы на пытанні.

 

Вольга АСОКIНА
Фото Андрея ШОБИНА