Домой Видео У Бабруйску прайшоў фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» (дададзена відэа)

У Бабруйску прайшоў фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» (дададзена відэа)

У мерапрыемстве прынялі ўдзел літаратары, перакладчыкі, выдаўцы, біблеісты, філосафы, музыкі, а таксама – чытачы, аматары кнігі, літаратуры, мастацтва…

Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» праходзіў 13-га красавіка ў бабруйскім тайм-клубе «1387». «Прадмова» – гэта некамерцыйны грамадзянска-адукацыйны праект, накіраваны на развіццё інтэлектуальнага асяроддзя. Акрамя Бабруйска мерапрыемствы «Прадмовы» праходзілі таксама і ў іншых гарадах Беларусі – Мінску, Полацку, Гродне, Гомеле…

фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі
Павал Баркоўскі, філосаф, адзін з арганізатараў фэсту

Бабруйская праграма фестываля была надзвычай насычанай і праходзіла ў фармаце нон-стоп. Пасля прэзентацыі выданняў для дзяцей ад выдавецтва «Тэхналогія» бабруйчанам была прадстаўлена гістарычная кніга Уладзіміра Лякіна «Последние защитники Великого Княжества». Гэта ілюстраванае навукова-папулярное выданне, у якім распавядаецца аб жаўнерах, структуры, абмундзіраванні, узбраенні і баявым шляху апошніх ваенных фармаванняў Вялікага Княства Літоўскага.

фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі
Паліна Качаткова

Пасля выступу празаіка, літаратуразнаўцы, даследчыка творчасці Максіма Багдановіча Паліны Качатковай, якая прачытала некалькі ўрыўкаў з сваёй будучай кнігі, адбылася прэзентацыя перакладу Эвы Томпсан «Песняры імперыі» з удзелам перакладчыцы Таццяны Нядбай. Праца ўяўляе сабой аналіз імперскага дыскурсу Расіі з перспектывы посткаланіяльнай тэорыі. У ёй аналізуецца расійскі нацыяналізм, прасочваецца станаўленне Імперыі ў расійскай гістарыяграфіі XVIІI стагоддзя і літаратуры XIX–XX стагоддзяў, у савецкім літаратуразнаўстве і прэсе, а таксама звяртаецца ўвага на постсавецкую гістарыяграфію і літаратуру.

фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі
Выступае Ірына Дубянецкая

Доктарка тэалогіі, біблеістка і перакладчыца Ірына Дубянецкая прачытала лекцыю «Несмяротнасць як дар i смяротнасць як выбар у бiблейскай гiсторыi Саду».

Нажаль, у праграме фестываля адбыліся змены. Планавалася прэзентацыя кнігі нашага земляка – вядомага журналіста Эдуарда Мельнікава «Возвращение в Бобруйск». У ёй аўтар распавядае падрабязнасці свайго юнацтва і савецкага жыцця ў 1950–1960-х гадах, якое праходзіла ў нашым горадзе. Але сустрэча, па тэхнічных прычынах, пакуль не адбылася…

фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі
Ігар Раханскі

Кіраўнік праектнага бюро Беларускага аддзялення ICOMOS (міжнародная рада па захаванню помнікаў і выдатных мясцін) Ігар Раханскі прачытаў лекцыю «Праблема захавання культурнай спадчыны». Па яго словах, усе архітэктурныя аб’екты ствараюцца з утылітарнымі мэтамі. І да таго часу, пакуль яны не становяцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, павінна прайсці некалькі абавязковых этапаў, сярод іх – спыненне іх прамых функцый, заняпад… На пытанне «Як вырашыць праблему бабруйскага касцёла?», лектар адказаў, што трэба дамаўляцца і стварыць праектную дакументацыю; на яго думку, гэта галоўны спосаб вырашэння канфліктаў, звязаных з захаваннем гістарычнай спадчыны.

фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі
Аляксандр Сарна, Павел Баркоўскі і Ліля Ільюшына

Затым адбылася дыскусія беларускіх філосафаў «Паміж Сцылай філасофіі і Харыбдай літаратуры”. Павел Баркоўскі, Ліля Ільюшына і Аляксандр Сарна разважалі аб месцы філасофіі: яна бліжэй да наукі альбо да літаратуры? Адназначна адказаць на гэта пытанне было цяжка, бо, па словах гасцей, мяжа паміж імі адсутнічае.

фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі
Прэзентацыя ПЭН-цэнтра: Таццяна Нядбай (злева) і яе намеснік Марыя Мартысевіч

Кіраўніца ГА ПЭН-цэнтр (праваабарончая недзяржаўная арганізацыя, якая аб’ядноўвае прафесійных пісьменнікаў, паэтаў і журналістаў) Таццяна Нядбай разам са сваімі калегамі прэзентавала арганізацыю і яе праекты. Госці распавялі аб прэміі Гедройца, Шэрмана, Арсенневай і літаратурных праектах, аб тым, што арганізацыя выступае за адмену смяротнага пакарання і заклікае ўлады паважаць правы чалавека.

Літаратарка Марыя Мартысевіч прэзентавала сваю кнігу – эпісталярную паэму «Сарматыя». У гэтым творы апісваецца гісторыя кахання, якая мела месца невядома калі і невядома дзе.

Наступны госць – пісьменнік Павал Касцюкевіч – прачытаў лекцыю пра Стары Запавет «Давід: забойца, рэкецір і цар», у  сваёй востраіндывідуальнай інтэрпрэтацыі біблейскіх падзей і персанажаў. Літаратар прысвяціў свой выступ да 500-годдзя Скарынаўскай Бібліі.

Скончыўся фестываль музычным сэтам ад гурта «Морквоцвет».

Увесь час, пакуль праходзілі мерапрыемствы «Прадмовы», у памяшканні тайм-клуба працавалі кніжныя выставы.

фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі

фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі

фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі

фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі

фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі
Выступае «Морквоцвет»
фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі
Гітарыст гурта «Морквоцвет» Павел Рыжкоў
фестываль, «Прадмова», Бабруйск, кнігі
Арганізатары, партнёры, удзельнікі Фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова»

 

Васіль Кулікоў
Відэа Віктара Масаловіча, Антона Пуцілы

Фота Віктара Масаловіча, Анатоля Санаценка
і Антона Пуцілы