Домой В регионе У Бабруйску адкрылася «Акадэмія 50+» – першы ў горадзе адукацыйны праект для...

У Бабруйску адкрылася «Акадэмія 50+» – першы ў горадзе адукацыйны праект для сталых людзей

Цягам першага семестра на чатырох навучальных курсах студэнты будуць знаёміцца з гісторыяй Бабруйска, спазнаваць сябе праз творчасць, вучыцца правільна харчавацца і карыстацца сучаснымі гаджэтамі.

Заснавальнікі «Акадэміі» – ужо вядомыя бабруйчанам па іншых цікавых ініцыятывах сужонкі Святлана і Алег Красныя. Ідэя належыць Святлане. А рэалізаваць праект дапамог гарадзенскі Ўніверсітэт залатога века, які яшчэ ў 2010 годзе адкрылі Лана і Вітаўт Руднікі. Яны прыехалі на ўрачыстае адкрыццё бабруйскай «Акадэміі», распавялі, што першыя крокі бабруйскіх калег нагадваюць ім тое, як распачынаўся УЗВ.

Бабруйск, «Акадэмія 50+», адукацыйны, праект, сталыя, людзі
Першапраходцы праграмаў па адукацыі сталых людзей у Беларусі — Лана і Вітаўт Руднікі

«Прыкладна такое ж памяшканне, столькі ж людзей», – зазначыла Лана Руднік, дырэктарка ЎЗВ, на цырымоніі адкрыцця «Акадэміі 50+».

А цяпер гарадзенцы прапаноўваюць больш за 50 курсаў сваім навучэнцам. Сёлета Ўніверсітэт набраў студэнтаў ужо ў 11 раз. Агулам навучэнцамі гарадзенскага праекта былі больш за 300 чалавек.

Першы семестр бабруйскай «Акадэміі 50+» уключае 4 курса : «Вандроўкі ў часе і прасторы» (краязнаўства, гісторыя Бабруйска), «Тэрапія творчасцю» (псіхалагічны курс), «Хімія здароўя», «Смарт-школа для пачаткоўцаў» (знаёмства з сучаснымі прыладамі і інтэрнэтам). У будучыні арганізатары плануюць дадаць замежныя мовы і іншыя цікавыя курсы.

Бабруйск, «Акадэмія 50+», адукацыйны, праект, сталыя, людзі

Стаць студэнтам «Акадэміі» мог любы ахвотны ва ўзросце 50 гадоў і вышэй. Кошт навучання – 15 рублёў на месяц.

Універсітэты залатога ці трэцяга веку – вельмі распаўсюджаная сёння з’ява ў еўрапейскіх краінах. Першая такая ўстанова паўстала ў 1973 годзе ў Францыі, і з таго часу па свеце адкрываюцца ўсё новыя і новыя праграмы па адукацыі сталых людзей. У Беларусі першапраходцамі сталі менавіта ўзгаданыя вышэй Лана і Вітаўт Руднікі і іхні «Універсітэт залатога веку». Сёння, акрамя Горадні, яшчэ тры падобныя ўстановы працуюць у Мінску і Кобрыне. Бабруйская «Акадэмія» стала пятай адукацыйнай установай для людзей сталага ўзросту ў Беларусі.

У нашым відэсюжэце вы можаце пабачыць, як прайшла цырымонія адкрыцця «Акадэміі 50+», а таксама гісторыю пра адну са студэнтак – бабруйчанку, спадарыню Ганну Панову.

Бабруйск, «Акадэмія 50+», адукацыйны, праект, сталыя, людзі
Выступае ансамбль «Дыез» Бабруйскага медычнага каледжу
Бабруйск, «Акадэмія 50+», адукацыйны, праект, сталыя, людзі
Спяваюць салісткі ансамблю «Дыез» Бабруйскага медычнага каледжу

 

Марына Маўчанава
Фота Аляксандра Багдановіча
Відэа Віктара Масаловіча