Домой Видео У Бабруйску адкрыўся VII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі

У Бабруйску адкрыўся VII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі

Конкурсную праграму адкрыў спектакль «Сымон-музыка» Віцебскага нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

У першы дзень лістапада ў нашым горадзе адкрыўся VII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Бабруйскі тэатральны форум хоць і носіць статус «рэспублiканскага», насамрэч, даўно ўжо выйшаў за межы Беларусі. У гэтым годзе ў конкурснай праграме «Спектакль тэатра драмы» прымуць удзел 12 спектакляў з 11-ці тэатраў, у тым ліку замежных – з Расеі, Украіны і Грузіі.

Упершыню на фестывалі выступіць тэатр з Грузіі – Дзяржаўны прафесійны драматычны тэатр горада Горы імя Георгія Ерыставі… Характэрна, што праграма сёлетняга фестывалю цалкам складзена з твораў сучасных аўтараў. Большасць пастановак гледачы ўбачаць цягам шасці дзён на галоўнай фестывальнай пляцоўцы – асноўнай сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Але не толькі – некаторыя спектаклі пройдуць на малой сцэне тэатра, ў Раённым цэнтры культуры і Палацы мастацтваў.

У трэці раз у рамках фестывалю будзе працаваць Творчая лабараторыя, арганізатарамі якой з’яўляюцца Цэнтр беларускай драматургіі сумесна з Цэнтрам эксперыментальнай рэжысуры. Куратары цяперашняга праекта – тэатразнаўца Анастасія Васілевіч і рэжысёр Таццяна Траяновіч. У рамках яе пройдуць чыткі п’ес сучасных аўтараў, пакажуць эскізы будучых спектакляў, правядуць лекцыі і майстар-класы. Усе імпрэзы лабараторыі адкрытыя для гледачоў і будуць бясплатнымі.

Вядучыя ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фэсту – акцёры бабруйскага тэатра – Павел Мікулік і Вольга Мацвеева прадставілі ўсе спектаклі з фестывальнай афішы. Поўная зала сустрэла апладысментамі членаў журы конкурсу на чале з яго старшынёй – загадчыцай аддзела тэатральнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктарам мастацтвазнаўства Веранікай Ярмалінскай.

Права адкрыць фестываль вядучыя даручылі старшыні бабруйскага гарвыканкама Аляксандру Студневу. Прывітальную прамову да ўдзельнікаў фестывалю нацыянальнай драматургіі ён зачытаў на беларускай мове. Таксама вітальныя адрасы ад кіраўніцтва сваіх ведамстваў прамовілі начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Беларусі Ірына Дрыга і начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стальмашок.

Бабруйск, фестываль, нацыянальнай, драматургія
Вітальны адрас да ўдзельнікаў фестывалю зачытвае начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стальмашок

Ну, а першы фестывальны вечар адкрыўся спектаклем «Сымон-музыка» ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з Віцебску. Віцябляне прадставілі на суд гледача сваю леташнюю прэм’еру, прысвечаную 100-годдзю напісання знакамітай паэмы аўтара, чыё імя носіць тэатр. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам знакавага для «коласаўцаў» спектакля выступіў мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў.

Пастаноўшчыкі бліскуча справіліся са складанай задачай ажывіць на сцэне паэтычны тэкст стогадовай даўніны класіка беларускай літаратуры. Жанр спектаклю яны вызначылі, як «Мелодыя парванай струны». І, сапраўды, у аўтараў атрымалася паказаць драму музыканта, творцы, «чалавека без скуры», якая паўстала цалкам актуальнай і для нашых дзён. Зразумела, у спектаклі шмат музыкі і жывога вакалу, харэаграфіі і пластыкі. Атмасферна і вельмі функцыянальна выкарыстаны бедная, на першы погляд, сцэнаграфія і цудоўная відэаінсталяцыя да спектаклю.

Бабруйск, фестываль, нацыянальнай, драматургія
«Сымон-музыка». Сымон (арт. Дзмітрый Каваленка)
Бабруйск, фестываль, нацыянальнай, драматургія
«Сымон-музыка». Сымон (арт. Дзмітрый Каваленка) і Ганна (арт. Паліна Крашэўская)
Бабруйск, фестываль, нацыянальнай, драматургія
«Сымон-музыка». Ганна (арт. Паліна Крашэўская) і Сымон (арт. Дзмітрый Каваленка)
Бабруйск, фестываль, нацыянальнай, драматургія
«Сымон-музыка». Жабрак (народны артыст БССР Тадэвуш Кокштыс) і Сымон (арт. Дзмітрый Каваленка)
Бабруйск, фестываль, нацыянальнай, драматургія
«Сымон-музыка». Фрагмент спектаклю
Бабруйск, фестываль, нацыянальнай, драматургія
«Сымон-музыка». Стары (народны артыст БССР Тадэвуш Кокштыс) і Сымон (арт. Дзмітрый Каваленка)

Гледачы сустрэлі першы фестывальны спектакль сапраўднай авацыяй. Букетам ад гаспадароў фестывалю ганараваўся выканаўца галоўных роляў (Стары, Курыла, Жабрак і Дзед Даніла) – народны артыст БССР Тадэвуш Кокштыс, які ў гэтыя дні адзначыў свой 85-гадовы юбілей. Больш падрабязна аб першым фестывальным вечары глядзіце ў нашым відэасюжэце.

 

Антон Пуціла
Відэасюжэт аўтара і Віктара Масаловіча
Фота Віктара Масаловіча