Домой Происшествия У Бабруйску адбыўся выбух у жылым доме

У Бабруйску адбыўся выбух у жылым доме

Першага снежня, каля адзінаццатай гадзіны раніцы, ў Бабруйску ў жылым доме № 49 па вуліцы Ульянаўскай адбыўся моцны выбух ґазавага балона. Ахвяраў сярод людзей няма. Вядуцца працы па ліквідацыі наступстваў выбуху і высвятленню яго чыннікаў.

Выбух адбыўся ў першым пад’ездзе дома. Месца здарэння было ачэплена, за “кардон” міліцыянтаў не прапускалі нават мясцовых жыхароў. Якія-хаця каментары супрацоўнікі міліцыі даваць адмовіліся, спасылаючыся на тое, што ўсе занятыя. У гэты ж час міліцыянты клалі ў машыну чалавека без прытомнасці.

— На трэцім паверсе паднята пліта, — кажа адна з жанчын, што стаяла ля кардону міліцыянтаў. — Пашкоджаны перакрыцці на лесвічнай пляцоўцы. Таксама лесвіцы ў надламаным стане. На першым і другім паверсе павыбіватыя ўсе ўваходныя дзверы. Працоўныя ж былі на пятым паверсе, а выбух адбыўся на першым.

Стала вядома, што ў гэтым пад’ездзе праводзіў працы гарвадаканал. Дзеля таго, каб не мерзлі балоны, іх закацілі ў пад’езд. Там адбылася зваротная рэакцыя, у выніку якой ґазавы балон выбухнуў, а балон з кіслародам толькі абгарэў і выляцеў вонкі. Выбух быў такой моцы, што павыбівала шкло не толькі ў першым, але і ў другім пад’ездзе, а таксама ў кватэрах трэцяга. Уваход у пад’езд увесь чорны ад куродыму.

— Тут ва ўсім пад’ездзе пашкодзіла дзверы ліфта — ад першага да дзявятага паверху, — кажа чалавек, брат якога працаваў там у гэты момант, — сам жа ліфт абарвала і ён увайшоў у зямлю. Ніхто пры гэтым не загінуў, бо якраз у гэты момант у іх быў перапынак. Зваршчыка, я ведаю, выносілі ўсяго чорнага, але ніякіх пашкоджанняў у яго не было. Добра, што не выбухнуў балон з кіслародам…

Невядома па якіх чынніках, ліфт у другім пад’ездзе таксама не працаваў. А на дзявятым паверсе шкло вынесла разам з рамай. Амаль адразу ж пачалі ліквідаваць наступствы аварыі: зашклілі вокны людзям, у якіх яны выляцелі з-за выбуху; пачалі ўсё прыбіраць. Было эвакуявана больш за сто чалавек. Усіх жыхароў паклікалі ў бліжэйшую сярэднюю школу, дзе з імі сустрэўся мэр горада Дзмітрый Бонахаў.

Яўген ВАСЬКОВІЧ

Прошло 5 дней после взрыва. 6 декабря 2010.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя