Домой В стране Топ-10 беларускіх тэрарыстаў

Топ-10 беларускіх тэрарыстаў

129 год назад, 13 сакавіка 1881 года, рэвалюцыянер-народаволец Ігнат Грынявіцкі падарваў расійскага цара Аляксандра ІІ. Ён быў, бадай, першым у гісторыі ў шэрагу беларускіх тэрарыстаў. Tut.by прыгадаў іншыя найбольш рэзанансныя імёны і здарэнні.

Ігнат Грынявіцкі. Нарадзіўся ў 1855 (56) годзе ў маёнтку Басін Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Калінаўка на Магілёўшчыне). Трэцяга сакавіка 1881 года на набярэжнай Кацярынінскага канала ў Пецярбургу, дзе спынілася карэта Аляксандра II, прагучаў магутны выбух. Цар і тры чалавекі з ягонага атачэння былі забіты, яшчэ шасцёра атрымалі цяжкія пашкоджанні. Бомбу ў самадзержца кінуў 25-гадовы беларускі шляхціч Ігнат Грынявіцкі, які таксама атрымаў смяротныя раненні.

Іван Пуліхаў. Мінчук Іван Пуліхаў, у гонар якога названа адна са сталічных вуліц, быў сынам прысланага з Курску каморніка. Да рэвалюцыйнага руху ён далучыўся падчас навучання ў Пецярбургу, за што быў высланы пад нагляд паліцыі дадому. У Мінску хлопец становіцца актыўным дзеячам мясцовай арганізацыі Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

30 кастрычніка 1905 года мінскі губернатар Курлоў загадаў расстраляць мірную шматтысячную дэманстрацыю мінчукоў, у выніку чаго загінула блізу ста чалавек. Мінскія эсэры вынеслі Курлову смяротны прысуд, выканаць які ўзяліся Іван Пуліхаў і дачка генерал-лейтэнанта артылерыі Аляксандра Ізмайловіч. Спроба забойства губернатара 27 студзеня 1906 года на плошчы перад Петрапаўлаўскім саборам (зруйнаваны ў 1937 годзе) не ўдалася, і праз месяц Пуліхава павесілі ў двары Пішчалаўскага замка, вядомага сёння як «Валадарка».

Барыс Каверда. Сёмага чэрвеня 1927 года на варшаўскім вакзале быў застрэлены пасол СССР у Польшчы Пётр Войкаў, вядомы сваім удзелам у расстрэле сям’і імператара Мікалая ІІ. Забойцам апынуўся 19-гадовы Барыс Каверда.

Доўгія дзесяцігоддзі імя Каверды было ахутана таямніцай. Расійскія эмігранцкія і савецкія выданні называлі яго «манархістам» і «белагвардзейцам», беларускія гісторыкі «беларускім патрыётам». Беларус з паходжання, Каверда, як і дзве ягоныя сястры, спачатку навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі, але палічыў вучнёўскі асяродак надта пракамуністычным. Даследнік ягонага жыцця Валянцін Грыцкевіч прыйшоў да высновы, што «забойства савецкага дыпламата да беларускіх справаў дачынення не мае».

Кірыл Арлоўскі. Адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Заходняй Беларусі і падчас Вялікай Айчыннай вайны, гаспадарчы дзеяч. Герой Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны пяццю ардэнамі Леніна, двума ардэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга. Гэта вытрымкі з доблеснай біяграфіі ўраджэнца вёскі Мышкавічы, што на Магілёўшчыне, Кірыла Арлоўскага, які быў адным з герояў БССРаўскай прапаганды. Праўда, з распадам СССР і адкрыццём архіваў яго вобраз значна пацьмянеў.

У цынічнай справаздачы сталінскага баявіка Кірыла Арлоўскага (Аршынава), які 72 разы пераходзіў савецка-польскую мяжу, гаварылася: «З 1920 па 1925 ггады па ўказанні Разведупра працаваў на тэрыторыі ЗБ. За адзін толькі 1924 год па маёй ініцыятыве і асабіста мною забіта больш за 100 чалавек».

Алена Мазанік. У часе Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі тэрарыстычныя акты былі адным з метадаў барацьбы савецкіх падпольшчыкаў ды партызан супраць нацыстаў і калабарантаў. Верагодна, самая гучная акцыя адбылася, а першай гадзіне ночы 22 верасня 1943 года, калі ва ўласным ложку быў падарваны генеральны камісар Генеральнай акругі «Беларусь» Вільгельм Кубэ. Выбухоўку для галоўнага нацыста акупаванай Беларусі падклала ўраджэнка Пухавіччыны Алена Мазанік, якая працавала ў яго прыбіральшчыцай. Падпольная аперацыя па ліквідацыі Кубэ, за выкананне якой Мазанік, а таксама яе памочніцы Осіпава і Траян атрымалі зоркі Героя, набыла ў СССР легендарную афарбоўку.

Валеры Фабрыкант. 21 жніўня 1992 года Канаду скаланула злачынства, якое лічыцца адным з самых крывавых у гісторыі краіны. Дацэнт універсітэта Канкордыя (Манрэаль) Валеры Фабрыкант у калідоры навучальнай установы расстраляў чатырох калегаў-прафесараў з паляўнічай стрэльбы. Як стала вядома потым, Фабрыкант нарадзіўся ў 1940 годзе ў Мінску, дзе вывучыўся на фізіка (матэматыка) і займаўся навукай. У 1979-м ён іміграваў адразу ў ЗША, а адтуль у Канаду, дзе ўладкаваўся на машынабудаўнічы факультэт універсітэта Канкордыя.

Аляксандр Зюлькоў. 11 чэрвеня 1996 года 43-гадовы псіхапат Аляксандар Зюлькоў захапіў ў закладнікі 15 дзяцей і дзвюх выхавацелек сталічнага дзіцячага садка 511. Пагражаючы самаробным выбуховым прыстасаваннем, ён запатрабаваў сустрэчы з генпракурорам Беларусі, маскоўскім адвакатам і здымачнай групай расійскага тэлеканала. У выніку перамоваў з тэрарыстам супрацоўнікі «Алмаза» дабіліся вызвалення дзяцей, пасля чаго Зюлькова ліквідавалі. Толькі потым стала вядома, што выбухоўка ў дыпламаце, які мужчына трымаў у руцэ, мусіла спрацаваць пры поўным згінанні і разгінанні пальца.Першага кастрычніка 1997 года ў пад’ездзе ўласнага дома ў Магілёве быў забіты старшыня дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці Яўген Мікалуцкі. Закладзеная ў смеццеправод бомба была прыведзена ў дзеянне з дапамогай радыёсігнала. У афіцыйным некралогу канстатавалася, што Мікалуцкі «загінуў у выніку тэракта». Трох магілёўцаў, абвінавачаных у арганізацыі забойства, асудзілі. Чацвёрты, маёр КДБ у адстаўцы, згодна з афіцыйнай версіяй, наклаў на сябе рукі ў следчым ізалятары Магілёўскага УУС.

Пасля суду, які адбываўся пры зачыненых дзвярах, Ала Мікалуцкая, якая падчас выбуху знаходзілася побач з мужам, заявіла: «Я ведаю, што заказчык ходзіць на волі Забойства майго мужа гэтае палітычнае заказное забойства».

Андрэй Місюра. У снежні 2005 падчас контртэрарыстычнай аперацыі ў Іспаніі было затрымана 16 ісламістаў, блізкіх да Аль-Каіды. Іх абвінавацілі ў вярбоўцы і навучанні баявікоў і тэрарыстаў-смяротнікаў. Сярод затрыманых нечакана апынуўся 30-гадовы беларус Андрэй Місюра, які хаваўся пад імёнамі Сяргей Малышаў і Амін аль-Ансары.

У Мінску земляка прызналі. Выявілася, што ён скончыў геафак БДУ, дзе на ваеннай кафедры навучаўся па спецыяльнасці «хімічныя войскі», прыняў іслам і ў 1999 годзе з’ехаў за мяжу.

Як паведамлялі СМІ са спасылкай на іспанскія спецслужбы, яшчэ напрыканцы 1990-х Місюра стаў даверанай асобай кіраўніка затрыманай групы іракца Абу Суфіана, які ў сваю чаргу ўваходзіў ў найбліжэйшае атачэнне «тэрарыста 2» Абу Мусаба аль-Заркаўі. Сцвярджалася, што беларус, які адказваў ў баявікоў за хімічную зброю, атрымаў ваенную адукацыю ў Чачні, а духоўную у Пакістане. Нібыта, ён ваяваў за Аль-Каіду ў Пакістане і Азербайджане ды раз’яджаў па Еўропе, навучаючы баявікоў вайсковай справе.

Мінскі падрыўнік. Найбуйнейшы тэракт у гісторыі суверэннай Беларусі адбыўся чацвёртага ліпеня 2008 года. Самаробнае выбуховае прыстасаванне, начыненае металічнымі дэталямі і ўладкаванае ва ўпакоўку соку, спрацавала, а палове на першую ночы на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў, дзе праходзіў святочны канцэрт ў гонар Дня Незалежнасці. На прылеглай да сцэны тэрыторыі знаходзілася каля паўмільёна чалавек. На шчасце, ніхто не загінуў, аднак за дапамогай да медыкаў звярнуліся 54 чалавекі, 47 з якіх былі шпіталізаваныя. Падчас следства супрацоўнікі праваахоўных органаў узялі адбіткі пальцаў у больш, як 1,3 мільёнаў жыхароў Беларусі. Больш за 100 чалавек прайшлі па справе ў якасці падазраваных. З пяці першапачатковых версій злачынства засталося дзве.

Tut.by

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя