Домой Аляксей Ненадавец Таямнічы лесавік

Таямнічы лесавік

Прапануем вашай увазе некалькі артыкулаў пра лесавіка.

Аляксей Ненадавец, блог, міфалогія, лесавік

Зноў перад намі паўстае традыцыйная ўжо сітуацыя, калі  нейкай прасторы патрэбен быў гаспадар. У даным выпадку такім абсягам (даволі значным, асабліва ў старадаўнія часы) з’яўляліся першастваральныя лясныя масівы. Для іх адпаведна быў уведзены свой цар, якому надаваліся празмерныя паўнамоцтвы, уласцівасці, вядома, магчымасці. Называлі яго ў народзе па-рознаму. Ул. Даль падае наступныя словы: «лясны, лесавік, лесавы, лешы, ляшак».

Сустракаліся «лясны гаспадар», «цар», «лясны дзядуля», «дзядзька», «лясны херувім», а таксама «шалун»,  «зыбачнік», «вадзіла», «блудзень» і г.д.

А. Кіркор паведамляе, што яго звалі не іначай, як «лешы». Ён жа дадае: «Лесавік заўсёды кульгавы і лысы, а таму часта завецца гэтым імем, таксама як і «ліхім», «нялёгкаю», «нячыстым» і г. д. Іх шмат парод: ёсць калдыга, кляскун, дабрахот і інш.»

У «Этнаграфіі Беларусі» знаходзім лесуна, лесавіка, пушчавіка. У «Міфах народаў свету» зафіксаваны: лешы, лесавік, ляшак, баравік. Лешым называюць яго М. Нікіфароўскі, Дз. Ушакоў, М. Забылін, Дз. Зяленін, М. Арлоў дадае ў гэты пералік варыянты: лесавік, лесавы, ляшак, ляснік, лясун, а месцам жыхарства нават проста лес. Пераважная большасць даследчыкаў зафіксавалі ўсё ж назву «лесавік». Яе мы сустракаем у У. Дабравольскага, Я. Ляцкага, Е. Раманава.

Такім чынам, мы бачым, што назваў у лесавіка і іх усемагчымых форм было зашмат, але асноўная функцыя ў іхняга носьбіта ад гэтага не змянялася –  ён павінен быў валадарыць у лясных абшарах.

А. Багдановіч пісаў: «Над лясамі і ўсім, што ў іх, валадарыць лешы… Ростам ён роўны з дрэвамі таго лесу, у якім раз­гульвае. Ён можа павялічвацца і памяншацца, прыстасоўвацца да велічыні дрэваў. Ён надзвычай дужы, і калі разгуляецца ў лесе ў час буры, то з коранем вырывае магутныя дубы, высцілаючы свой шлях у лесе, каб ніякая сіла не магла дабрацца па яго слядах да яго логава. А жыве ён у так званым матачніку – сярэдзіне пушчы, недаступнай для звычайнага чалавека.

Матачнік абкружаны непраходным лесам, завалены ламаччам, акрамя таго, вакол яго багністыя балоты, якія не замярзаюць і ў самыя суровыя маразы. Тут жыве лешы са сваімі звярамі і птушкамі. Усе буйныя звяры туды ідуць паміраць; яны толькі ведаюць патаемныя сцежкі, па якіх можна дабрац­ца да матачніка».

Я. Ляцкі падкрэсліваў: «Лесавік такі ж вялікі як самыя высокія дрэвы; ён падобны на чалавека, але можа крычаць, як птушка, выць, як звяры, і плакаць, як дзіця… Але гэта толькі ў лесе; як толькі ён выходзіць з лесу, усе гэтыя бачныя атрыбуты знікаюць, і пра яго прысутнасць можна меркаваць толькі па вялізным цені…» Гэтае сведчанне пацвярджаецца наступным: «Лясун, лесавік – вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах. На­зываўся таксама «пушчавік». Яго ўяўлялі ў выглядзе вялізнага (у рост дрэва) старога чалавека з белым, як бяроста, тварам, з вялікімі вачыма, у звярынай шкуры.

Лясун мог нібыта паказваць грыбныя і ягадныя мясціны, наганяць у бок паляўнічага звяроў і птушак, выбіраць бортнікам месца для ўстаноўкі калод, а таксама прымусіць чалавека доўга блукаць на адным месцы. Каб вярнуць таго, хто заблудзіўся, лесуна задобрывалі, на скрыжаванні лясных сцежак клалі хлеб з соллю і сала».

Уяўлялі яго сабе нашы продкі па-рознаму, але амаль заўсёды ў антрапаморфным выглядзе: твар лесавіка цямнейшы, чым у чалавека, вочы блішчаць, а бровы і векі ўвогуле адсутнічаюць. Валасы на галаве сівыя, доўгія, блытаныя. Адзначалі, што ён рыжы і ў востраканечнай шапцы, што ўвесь чыста аброс імхом. Казалі, што валасы маглі быць і зялёнага колеру, барада даўжэйшая, а рукі-ногі лахматыя.

Е. Раманаў сцвярджаў: «Лесавік уяўляецца чалавекам вялізнага росту – «з дрэва», у лапцях і з доўгаю пугаю ў руках. Ён звярыны пас­тух і вечна варагуе з паляўнічымі, усяляк адводзіць іх у бок ад дзічыны і дапамагае заблудзіцца. У гэтым яму дапамагаюць і чэрці, адгукаючыся рэхам на вокліч тых, хто заблудзіў. Рэха – галасы чарцей. Калі заблудзішся, трэба сесці і разуцца. Левы лапаць абуць на правую нагу, а правы на левую».

Згадвалася толькі пра тое, што лесавік з’яўляўся валадаром лесу і апекуном лясных птушак і звяроў, але ж былі яшчэ многія, больш абстрактныя характарыстыкі гэтага дэманалагічнага персанажа.

Напрыклад, М. Нікіфароўскі пісаў «Абсяг дзейнасці лешага –  уся лясная плошча ад узлеску да ўзлеску, з усімі ўзгоркамі нізінамі, ярамі, палянамі, за выключэннем вадаёмаў, дзе маецца асобны нячысцік – вадзянік, У глыбіні гэтай тэрыторыі знаходзіцца дом лешага, дзе жывуць яго жонкі і дзеці. Сам жа ён дома не сядзіць — больш вандруе, адпачывае і начуе ў выпадковых мясцінах: на вершалінах высокіх дрэваў, у дуплах, у густых зарасніках, у ламаччы, у бураломах, у лагчынах і прадоннях. Хаця лешы здольны прымаць розныя воблікі, ператварацца ў любыя прадметы свайго абсягу, але часцей за ўсё паўстае ў вобразе старога з белым, як бяроста ці воск, ніколі не загарэлым тварам, з вялізнымі цьмянымі вачыма свінцова-сіняга колеру, якія нерухомыя і ніколі не закрываюцца. Адны кажуць, што лешы мае сплюшчаны, рабром наперад, доўгі твар, доўгую – клінам – бараду, адно вока і адну нагу пятою наперад. Калі ж ён ператвараецца ў звычайнага чалавека, то… пазнаць яго можна толькі па тым, што левае крысо адзення ў яго будзе накрываць правае, г. зн. зусім іначай, чым у хрышчоных людзей, а правае вока будзе нерухомае і заўсёды большае, чым левае».

Параўноўваючы чутае-перачутае ад іншых, патрыярхальны чалавек самастойна аналізаваў гэтыя варыянты, узбагачаючы іх уласным майстэрствам успрыняцця і пераказу.

«Лесавік можа прымаць выгляд знаёмага чалавека (яшчэ жывога ці памершага). Але нават у такіх выпадках яго лёгка распазнаць, бо ён мае зычны голас,  ён паўтарае апошнія словы суразмоўцы, часта свішча і спявае.

Акрамя гэтага, лесавік, калі размаўляе з чалавекам, то не глядзіць на яго. І яшчэ, лесавік ў чалавечым абліччы абавязкова павінен быў суправаджацца чорным сабакам». Лесавік любіць жартаваць, перакідваючыся ў сасну. Можа паказацца не толькі дрэвам, але і белым мохам, пнём, купінай, грыбам, ператварацца ў птушку ці звера: цецерука, мядзведзя, зайца, дзікага казла, жарабца, сабаку і г.д. Нават калі ён мае чалавечы выгляд, то абавязкова «прыхарошаны» прызнакамі звера: ён махнаты, у яго рогі, казловыя ногі. Лесавік мог з’яўляцца і ў выглядзе ветру, віхуры. Лічылася, што гэтыя прыродныя стыхіі толькі лесавік і ўтварае.

 

Працяг – будзе.        

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя