Домой Аляксей Ненадавец Таямнічы дамавік

Таямнічы дамавік

Мы працягваем серыю публікацый на тэму беларускай міфалогіі й дэманалогіі.

 

Аляксей Ненадавец, блог, дамавік, беларуская міфалогія, дэманалогія

Даўней вельмі паважаўся культ продкаў. Мёртвых шанавалі, можа, нават болей, чым жывых. Атрымалася так, што культ продкаў паступова раздвоіўся. 3 аднаго боку, нябачная для чалавечага вока душа далучалася да нябесных сіл, гэта мела асаблівае значэнне для тых земляробаў, у якіх не ха­пала дастаткова вады, каб вырасціць будучы ўраджай, бо ў іх усё залежала ад нябеснай вільгаці.

З другога боку, добрых, спагадлівых продкаў, дзядоў неабходна было звязаць з зямлёю, якая давала ўраджай. Гэта дасягалася шляхам спальвання трупаў нябожчыкаў і закопвання ў далейшым попелу ў зямлю і ўзвядзення над ім нейкай своеасаблівай мадэлі дома – «дамавіны».

Ці не адсюль пачынаецца радавод дамавіка, у карані якога мы спрабуем зазірнуць? На Беларусі адлюстраваннем продка-дзеда мог быць вертыкальны слуп метры на 2-3 вышынёю, які звычайна ставіўся на верхні вянок зруба і падпіраў сабою самы верх дома.

У тыповым вобразе дамавіка злучаны ўсе галоўныя, характэрныя рысы заможнага, сапраўднага гаспадара-патрыярха. Ён – самая старэйшая і ганаровая асоба ў сям’і ўласніка, да якой і належыць па ўзыходзячай лініі як прабацька (дзед), які заклаў некалі аснову ачага і сабранаму пад адзіную страху саюзу сваякоў: гэтая роднасная сувязь для першабытных пляменаў ніколі не здавалася штучнаю, ненатуральнаю, а наадварот, у яе глыбока верылі, яе пастаянна адчувалі.

Яшчэ адзін след існаваўшага некалі культу продкаў – фантастычны вобраз Чура, ці Шчура (Цура). Магчыма, гэта мог быць нейкі шануемы або ўвогуле абагаўляемы продак – родапачынальнік. На вялікі жаль, культ гэты прама не засведчаны, затое маецца мноства ўскосных даных, паводле якіх можна гаварыць пра тое, што ён сапраўды існаваў.

Воклічы «Чур!», «Цур мяне!» азначалі хутчэй за усе заклён, заклік Чура на дапамогу. Яны захаваліся і зараз, але толькі ў дзіцячых гульнях. Імкненне засцерагчыся ад усялякіх нечысцяў пры дапамозе Чура, або Шчура, сведчыць пра тое, што чалавек стараўся з гэтым імем разам ахоўваць нейкія родавыя межы. Дзеяслоў «цурацца» ўказвае на нейкую адмежаванасць, абасобленасць. На тое, што Чур, ці Шчур, быу не хто іншы ў разуменні нашых продкаў, як сам продак, указвае рускае слова «пращур». Нельга адназначна сцвярджаць, што выява шануемага людзьмі Чура, ці Шчура, рабілася з дрэва, адсюль і словы «чурка» (рус), «цурбалак» (бел.) – абрубак дрэва.

Не выключана, што гэтыя драўляныя атрыбуты – і просты слуп у хаціне, і выява ўсёмагутнага Цура, ці Шчура, — з’яўляліся своеасаблівымі ахоўнікамі жылля чалавека, а не толькі нагадваннем пра душы продкаў. Бо гаспадар жа ў першую чаргу думаў пра сваё выратаванне і выратаванне ўласнай сям’і, а потым ужо пра ўсё астатняе.

Жывучы ў пастаянным страху перад сіламі прыроды, адчуваючы, што ён пакуль што не здольны іх правільна зразумець і растлумачыць (на раннім этапе наш далёкі продак, відаць, нават баяўся задумвацца над гэтым), патрыярхальны чалавек за лепшае для сябе палічыў стварыць нейкія  супрацьлеглыя сілы адмоўным  міфалагічным персанажам. На іх пастаянна спадзяваўся, звязваў з імі ўсялякія  надзеі на выратаванне, бо што такое паморкі і пошасці , тагачаснаму жыхару не трэба было асабліва тлумачыць. Спашлёмся на рэальны факт, на паморак, які адбыўся ў Полацку ў 1092 г., калі эпідэмія выкасіла мноства жыхароў горада. Адзінае, што маглі супрацьпаставіць палачане гэтай хваробе, дык  тое, што хаваліся па ўласных да­мах, старанна зачыняючы вокны і дзверы бо думалі, што іхнія  хатнія дамавікі і абярэгі выратуюць іх ад немінучай смерці. На жаль, гэта мала каму дапамагло.

Такім чынам, можна адзначыць, што падставы для нараджэння міфічнага персанажа – дамавіка – нашым продкам дала, па-першае, ахоўная, засцерагальная функцыя дамавіка; па-другое, свята аберагаўся культ продкаў, які даў магчымасць з’явіцца агульнавядомаму святу Дзяды і ад якога таксама мог пайсці дамашні ахоўнік; па-трэцяе, вобраз Чура, ці Шчура, у многім нагадвае апісанне дамавіка, які ў значна пазнейшы час займеў шэраг усемагчымых назваў.

Паводле А. Афанасьева, «беларусы называюць яго вазілаю ці баганом». А. Багдановіч як прыклад прыводзіць шырока вядомую назву – «хатнік». У. Дабравольскі зафіксаваў былічку, дзе згадваецца «гаспадар», у М. Шаховіча – «дамавой». У. Васілевіч падае ў гэтым пераліку «падпечніка» і «хопліка». Нам сустракаліся назвы «клетнік», «дваравы», а яшчэ «гумнік» або «хлеўнік»,  «суседка».

Прыведзеныя назвы найбольш ужывальныя на тэрыторыі Беларусі, у многіх жа славянскіх народаў дамавік таксама меў мноства назваў. С. Токараў пісаў: «Нарэшце, апошні перажытак старажытнага сямейна-родавага культу продкаў – гэта вера ў дамавіка, якая захавалася да нашых дзён, асабліва ва ўсходніх славян, дзе сямейна-патрыярхальны ўклад трымаўся значна даўжэй. Дамавік (домовик, доможил, хозяин, суседко і інш.) – гэта нябачны ахоўнік сям’і; паводле народных вераванняў, ён ёсць у кожным доме, жыве звычайна пад печчу, пад парогам; чалавекападобны; сочыць за гаспадаркай, дапамагае працалюбівым гаспадарам, але карае лянівых і неахайных; патрабуе павагі да сябе і дробных  ахвярапрынашэнняў».

 

Працяг – будзе.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя