Домой Видео Таццяна Барысік і Міхась Булавацкі. Сустрэча ў Бабруйску

Таццяна Барысік і Міхась Булавацкі. Сустрэча ў Бабруйску

19 чэрвеня прайшла прэзентацыя чацвёртага выпуску альманаха Магілёўскай абласной арганізацыі Саюза Беларускіх пісьменнікаў «Брама». Правялі літаратурную вечарыну празаік і перакладчык Міхась Булавацкі і пісьменніца, паэтка, лаурэят прэміі Гедройца 2015 года Таццяна Барысік.

На пачатку імпрэзы Міхась Булавацкі распавёў гісторыю з’яўлення альманаха «Брама», які выходзіць раз на год, і сёлета пабачыў свет ужо чацвёрты выпуск. Пісьменнік зазначыў, што гэты нумар адметны тым, што ягоныя аўтары «углядаюцца ў блізкую і далёкую гісторыю нашай краіны», пішуць на гістарычныя тэмы. У пацверджанне сваіх словаў Булавацкі зачытаў два абзацы з апавядання Віталя Еўмянкова «Гетман».

У «Браме» сабраныя як празаічныя творы, так і вершы. Аўтары ў асноўным з Магілёўшчыны. У новым выпуску, сярод іншых,  можна прачытаць апавяданні пісьменніка з Глуску Наума Сандамірскага, Сяргея Украінку і ягоныя «Смехаёчкі», мастака Базыля Камарова. Пра Камарова спадар Булавацкі асобна адзначыў, што «ён умее пісаць карціны не толькі фарбамі, але і словам».

Ёсць у новай «Браме» апавяданне рэдактара «Бабруйскага кур’ера» Анатоля Санаценкі – «Фата-маргана».

Бабруйчанам і жыхарам Бабруйскага раёна будзе цікава прачытаць апавяданне Ўладзіміра Ліўшыца пра нашага земляка, пісьменніка Платона Галавача, растралянага камуністамі.  Ліўшыц напісаў «Лёс чалавека і пісьменніка» на падставе аповедаў дачкі Галавача.

Таццяна Барысік распавяла, што ў альманаху змешчаныя тры ейныя апавяданні: «Сябра мой чарнабровы», «Аматар роднай прыроды», «Задні мост камсамолкі». Два з іх – «Сябра мой чарнабровы» і «Задні мост камсамолкі» у нейкай ступені аўтабіяграфічныя, зазначыла пісьменніца. На вечарыне Таццяна Барысік прачытала гасцям свае новыя вершы.

Падрабязней пра прэзентацыю глядзіце ў нашым відэасюжэце.

Таццяна Барысік, Міхась Булавацкі, сустрэча ў Бабруйску
Міхась Булавацкі.

 Таццяна Барысік, Міхась Булавацкі, сустрэча ў Бабруйску

Таццяна Барысік, Міхась Булавацкі, сустрэча ў Бабруйску

Таццяна Барысік, Міхась Булавацкі, сустрэча ў Бабруйску
Таццяна Барысік.
 Таццяна Барысік, Міхась Булавацкі, сустрэча ў Бабруйску
Таццяна Барысік.
Таццяна Барысік, Міхась Булавацкі, сустрэча ў Бабруйску
Альманах «Брама».

 

Марына Міхневіч