Домой Анатолий Санотенко Святы горад юзерафф, Або Бабруйск – у інтэрнэце

Святы горад юзерафф, Або Бабруйск – у інтэрнэце

                             СВЯТЫ ГОРАД ЮЗЕРАФФ,
                         АБО БАБРУЙСК – У ІНТЭРНЭЦЕ

(Другая глава рамана «Надзвычайныя прыгоды Вацлава   Прынцыпу, або –  Бабруйск і яго жЫвёлы»)

Чытаць  па-руску: http://babruysk.by/19121-2/

 

Над небом глубым

Есть город золотой

С прозрачными воротами

И яркою звездой.

 

А в городе том сад,

Всё травы да цветы,

Гуляют там животные

Невиданной красы.

       Анри Волохонский

 

 

Калі ўсё гэта пачалося – невядома.

Але – пачалося.

Бабруйск і ня чакаў такога шчасця.

Але яно прыйшло.

Не хацеў такой «вядомасці».

Але – «прачнуўся» знакамітым…

Зрэшты, прыблізныя «часы і тэрміны» вядомыя: пачатак 2000-х.

Менавіта тады па тэрыторыі былога СССР стала распаўсюджвацца, як нейкі галюцынагены грыбок, субкультура «падонкафф».

Культура з прыстаўкай «контр-».

Пачалася гэтая «зараза» з «олбанскага йезыга», то бок – мовы.

Ну, памятайце, – па-русскі кажучы: аффтар жжот, криатифф, пешы ещщо, аццки сотона, перевед, медвед…

Але мала хто ведае, што словы, якія цалкам сабе ўвайшлі ва ўжытак, – «гатычна», «гламурна», «ржунимагу», «фтему», «фтопку», – таксама адтуль, з албанскай мовы крэатыффных падонкафф.

І як апафеоз – «У Бабруйск, жЫвёла!».

Туды, туды! І – неадкладна.

Каго толькі не пасылалі ў гэты святы горад!..

Не ўсе, праўда, даехалі.

Апошнія, хто дабраўся, слалі «сваім» тэлеграмы і эсэмэскі: «Бабруйск перапоўнены. Вяртаюся. Твая жЫвёла».

І ўсё ж – адкуль гэта «шчасце»? Чаму, прашу прабачэння, ня Прапойск, ня Жабінка, ня Жлобін, ня Урупінск які-небудзь, а менавіта – Бабруйск?

У чым сакрэт?

Быць можа, гэта:

«– Знайшлі дурняў! – віскліва крычаў Панікоўскі. – Вы мне дайце Сярэднярускае ўзвышша, тады я падпішу канвенцыю.
– Як? Усё ўзвышша? – заявіў Балаганаў. – А ці не даць табе яшчэ Мелітопаль ў прыдачу? Або Бабруйск?

Пры слове «Бабруйск» сход хваравіта застагнаў. Усе згаджаліся ехаць у Бабруйск хоць зараз. Бабруйск лічыўся выдатным, высококультурным месцам». (Ільф і Пятроў. «Залатое цяля»).

Добрая спроба. Вельмі блізка.

Цяпло, цяпло. Але – ня горача.

Дзе тут жЫвёлы, пытаемся?! Іх не згадваюць!

Ні Панікоўскі, ні Балаганаў, ні ўсе астатнія «дзеці лейтэнанта Шміта», будучы «сумленнымі прайдзісветамі», на гэтае «званне» ніяк не падыходзяць. Каб пасылаць іх туды – у гэтай якасці.

Мары трапіць у Бабруйск – марамі, але справядлівасць усё ж – па раскладзе.

А мы людзі справядлівыя.

Увогуле, ідзем далей.

І вось нам трапляецца на раздарожжы – ня волат-малайчына, – на кані і з кап’ём, які пакутліва думае: «туды аль сюды», – а просты савецка-рускі пісьменнік Уладзімір Сарокін.

І што ж мы чытаем у яго гістарычна старажытным, ў 1984 годзе напісаным, апавяданні «Дарожнае здарэнне»?

А тое самае!

Патрэбнае нам!

«Чалавек, які нарадзіўся і вырас у Расіі, не любіць сваёй прыроды? Не разумее яе прыгажосці? Яе заліўных лугоў? Ранішняга лесу? Бязмежных палёў? Начных пошчакаў салаўя? Восеньскага лістападу? Першай парошы? Ліпеньскага сенакосу? Стэпавых прастораў? Рускай песні? Рускага характару? Бо ты ж рускі? Ты нарадзіўся ў Расеі? Ты хадзіў у сярэднюю школу? Ты служыў у войску? Ты вучыўся ў тэхнікуме? Ты працаваў на заводзе? Ты ездзіў у Бабруйск? Ездзіў у Бабруйск? У Бабруйск ездзіў? Ездзіў, а? Ты ў Бабруйск ездзіў, а? Ездзіў? Чаго маўчыш? У Бабруйск ездзіў? А? Чаго косіш? А? Заела, так?»…

І гэтак далей, ужо менш цэнзурна.

Што можна сказаць… Ну, наконт «Бабруйска ў Расеі» Ўладзімір наш свет Сарокін відавочна пагарачыўся. Але – добра: спішам гэта на непаліткарэктныя 80-х гады…

Увогуле, зачапіўся тады гэты «пейсатель» языком за Бабруйск.

Фройд яго разьбярэ – чаму.

З іншага боку, – ну, зачапіўся і зачапіўся – што тут такога? Чаго толькі з рускімі пісьменнікамі не здараецца…

Села вось калісьці сямейства Пушкіных абедаць – то Аляксандр Сяргеевіч з крэсла ўпадзе, то Наталля Мікалаеўна. Таксама – драма, калі падумаць…

Ці яшчэ гісторыя… Ішоў аднойчы Пушкін па Неўскім праспекце і раптам спатыкнуўся аб Гогаля, што там ляжаў…

Як той казаў: хтосьці б распавёў – не паверыў бы…

Але гэтая літаратурная фантазія таварыша Сарокіна, гэтае «Дарожнае здарэнне» мела для Бабруйска, як казалі раней на партыйных сходах, далёка ідучыя наступствы.

Паколькі ў выніку хвацкія аффтары, што шастаюць з падробленымі нікамі-аватарамі ў святым, жыватворчым ЖЖ (у «свету» – Жывым Часопісе), натхніліся гэтай славеснай пэрвэрсіяй расійскага пісьменніка.

Таксама – у свой час – спатыкнуліся аб яе, прыгледзеліся – аб што, уяўленне разгулялася і – панеслася з усіх бакоў:

«У Бабруйск, жЫвёла!»