Домой Общество Сустрэлі вясну на «Беларускім падворку»

Сустрэлі вясну на «Беларускім падворку»

Цяжкасці са слыхам, якія маюць дзеці з Бабруйскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, не замінаюць ім спяваць і радавацца надыходу вясны. Школа дапамагае вучням не толькі пераадолець праблемы са здароўем, але і дакрануцца ўласнымі рукамі да беларускіх традыцыяў і гісторыі.

Згодна традыцыйным беларускім звычаям — адмысловымі гульнямі, загадкамі, песнямі ды танцамі — сустрэлі вясну 19 сакавіка навучэнцы школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху, дзе навучаюцца каля ста дваццаці дзяцей. Пры спрыянні дырэктара школы Людмілы Кадулінай і настаўнікі, і вучні шануюць народныя традыцыі ды ствараюць вакол сябе адпаведную атмасферу.

У гэтым навучальным годзе ў школе ўзнік адмысловы «Беларускі падворак». Яго пабудавалі на ўзор сялянскай хаты, самастойна сабралі прадметы народнага побыту ды пачалі вывучаць фальклор. Вось як Людміла Міхайлаўна пракаментавала намаганні свае і сваіх супрацоўнікаў у гэтым накірунку:
— Прыйшла ідэя зрабіць функцыянальную зону, каб, працуючы, дзеці даведваліся пра нашыя беларускія традыцыі. Гэта не тое, што ім проста распавядуць, бо са словаў ім будзе складана ўспрыняць… Сапраўды, ідэя належыць мне, але мы ведаем, што любая ідэя можа проста лунаць у паветры, пакуль не знойдзе творчых людзей, якія змогуць яе пераўтварыць у жыццё. Такім чалавекам стала выкладчыца беларускай мовы Антаніна Іванаўна Міцура.

Антаніна Іванаўна з задавальненнем адгукнулася на прапанову кіраўніка:
— Я ўсё ж вясковы жыхар, таму працаваць па стварэнню беларускага падворка мне было вельмі цікава. Дый зараз не менш цікава.

Цікава і дзецям, якія навучыліся выкарыстоўваць «экспанаты» народнага быту на падворку, створанага ўласнымі рукамі. Напрыклад, малоць збожжа жорнамі ды атрымліваць з яго муку. А потым — расчыняць цеста і пячы сапраўдны хлеб. Вось і на сустрэчы вясны некаторыя з іх актыўна дапамагалі пячы бліны, гатаваць бульбу, смажыць сала ў пячы. А ўсе без выключэння з асалодай частаваліся прыгатаванай ежай пасля актыўных гульняў пад час святкавання, прама на паветры побач з беларускім падворкам.

На дасягнутым школа-інтэрнат не спыняецца. Пад дахам навучальнай установы педагогі плануюць стварыць этнаграфічны музей беларускай культуры.

Антон ПУЦІЛА

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя