Касіры кінатэатра «Таварыш»: Вольга Дзмітрыеўна Дзергачова і Наталля Аляксандраўна Малец
Кантралёр кінатэатра «Таварыш» Валянціна Аляксееўна Абраменка
Святочныя стэнды ў кінатэатры «Таварыш»
На сцэне кінатэатра «Таварыш» ідзе інтэнсіўная падрыхтоўка да святкавання 85-годдзя беларускага кіно
З дапамогай вось такой старой тэхнікі паказваюць фільмы ў кінатэатры «Таварыш»
Кінамеханік Валянціна Уладзіміраўна Вячэра
Тут можна бавіць час у чаканні фільма
17 снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускага кіно. У сувязі з гэтай датай мы вырашылі распавесці пра найбольш цікавыя старонкі з жыцця двух буйных бабруйскіх кінатэатраў: «Таварыш» і «Мір».
Кінатэатр «Мір» распачаў сваю працу ў 1965 годзе. А ўжо ў новым тысячагоддзі пачалося абнаўленне састарэлай тэхнікі, якая не адпавядала патрэбам сучаснасці, праводзіліся касметычныя рамонты ўнутры і звонку будынка. У выніку прагляд кінастужак стаў больш прыемным. Асаблівасцю кінатэатра з’яўляецца яшчэ і тое, што каб праглядзець кінастужку, не абавязкова туды хадзіць: работнікі могуць устроіць паказ, напрыклад, у дзіцячым садку.
— Раней, перад пачаткам кінасеансу, у нас на другім паверсе выступаў духавы аркестр, — кажа дырэктар кінатэатра «Мір» спадарыня Ала Гарбузава. — Можа варта аднавіць гэтую традыцыю? — рэзюміруе яна.
Зараз на другім паверсе знаходзіцца більярдная зала. У ёй жадаючыя могуць бавіць свой час у чаканні кінастужкі. А геймеры могуць пагуляць у папулярную прыстаўку Sony Playstation.
А вось самы старэйшы існуючы кінатэатр у нашым горадзе — «Таварыш». Ён быў пабудаваны ў траўні 1940 года.
— За гэтыя гады ў нас змянілася ўсё, — кажа выканаўца абавязкаў дырэктара спадарыня Надзея Жудро. — З’явілася найноўшая сістэма гуку Dolby Digital. У гэтым годзе мы зрабілі поўны касметычны рамонт першага паверха. Штогод у верасні мы ладзім анімаёўкі (дзіцячыя анімацыйныя фільмы).
Таксама штомесяц праводзяцца розыгрышы прызоў. Спонсарамі гэтага мерапрыемства з’яўляюцца розныя камерцыйныя ўстановы, напрыклад, «Best-Club» ці кавярня «Тэатральная».
Акрамя прагляду фільмаў і гульні ў Sony Playstation тут можна пагуляць у аэрахакей.
У наступным годзе кінатэатр «Таварыш» будзе адзначаць 70-годдзе, а кінатэатр «Мір» адсвяткуе 50-гадовы юбілей. Таму абодва кінатэатры інтэнсіўна рыхтуюцца да гэтых дат. Аднак там не забываюць і пра надыходзячыя святы: Ражство, Новы год, а таксама Дзень беларускага кіно. Да гэтых свят падрыхтаваны адпаведныя праграмы. Напрыклад, у кінатэатры «Мір» для дзяцей рыхтуюць навагоднія тэатральныя лялечныя прадстаўленні, якія будуць ладзіць перад сеансам кінастужак. А ў кінатэатры «Таварыш» маленькіх гледачоў парадуюць Дзед Мароз са Снягуркай, ролі якіх будуць выконваць кантралёры.
Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота аўтара