Домой Аляксей Ненадавец Спагадлівасць Вадзяніка

Спагадлівасць Вадзяніка

беларуская міфалогія, дэманалогія, Аляксей Ненадавец, блог, спагадлівасць Вадзяніка

(Працяг. Глядзіце папярэдні блог на гэтую тэму)

Сустракаюцца выпадкі, дзе згадваецца пра тое, што вадзянік здольны ўхапіць далёка не кожнага чалавека.

Як адзначаў Дз. Зяленін, больш яго трэба асцерагацца тым, хто купаецца, асабліва апоўдні ці ноччу. Ратаваць тапельца таксама небяспечна: вадзянік можа разгневацца і адразу ці праз некаторы час утопіць таго, хто адняў ягоную ахвяру.

Аб гэтым жа пісаў і Дз. Ушакоў: «Вадзянік – пераважна злая істота, ён імкнецца зацягнуць на глыбіню купальнікаў і ўтапіць іх. Асабліва небяспечным з-за гэтага з’яўляецца купанне апоўдні і апоўначы: купацца без перахрышчвання сябе крыжам небяспечна, асабліва ўранні ці ў вельмі позні час дня».

У гэтых выпадках вадзянік застаецца вадзяніком і нават не падразумяваецца нейкая спроба падмены валадара воднай прасторы якой іншай дэманалагічнай істотай.

Затое зрэдку згадваўся другі факт – такі вадзянік прама суадносіўся з нячысцікам (нячысцікамі), чортам (чарцямі), і тут ужо ўвогуле адсутнічала нейкае разуменне міфалагічнага персанажа як вадзянога цара ці валадара і атаясамліванне з такой істотай, якая ў вуснай народнай творчасці з’яўляецца носьбітам самых адмоўных рыс, характэрных як людзям, так і міфалагічным персанажам.

«У вадзе сядзіць чорт у выглядзе чорнага сабакі, які заваблівае да сябе людзей. Часам выходзіць ён на бераг у выг­лядзе чалавека. Каб прывабіць да сябе купальшчыкаў, вядзе іх на глыбіні, зацягвае на дно, выпівае з іх дух, цела кідае, і яно выплывае на паверхню, але як бяздушны труп.

Плывучы на лодцы, хрысцяць сябе і ваду, каб не ўбачыць таго чорнага сабаку. Хто яго ўбачыць, павінен плюнуць на чатыры бакі свету і павярнуць галаву са словамі: «І чэрці ад Бога моц узялі!»  Узірацца ў яго – гэта значыць добраахвотна аддаць яму сябе на здабычу. Ён усюды знойдзе і ўтопіць калі-небудзь, хай сабе і ў малой вадзе, у рове ці багне».

З даўніх часоў адназначна сцвярджалі, што вадзянікоў не баяліся, а хутчэй наадварот, з імі пастаянна хаўрусавалі пчаляры і млынары.

«Механік, які будуе вадзяныя млыны, а затым і млынар абавязаны знацца з вадзяніком і ўсяляк з ім ладзіць. У адваротным выпадку вадзянік не раз сарве млын пры пабудове і ў будучым будзе яго псаваць і ламаць. Звычайна вадзяніку даюць залог: закідваюць у плаціну жывую курыцу, хаця патрабуецца хрысціянская душа. У этнаграфічных запісах з Гродзенскай губерні ёсць сведчанні, што ў мінулыя… часы ў аналагічных выпадках закопвалі жывых сірот. Пчаляры таксама прадаюць сваю душу вадзяніку, каб мець шмат пчол, мёду і воску. Пра такіх пчаляроў кажуць, што ў іх «носі нешта ёсць».

Справа ў тым, што з даўніх часоў у народзе назіралася дзіўная з’ява – чалавека, які вылучаўся сярод іншых нейкімі незвычайнымі здольнасцямі, заўсёды абвінавачвалі ў сувязях з нячыстай сілай. Тлумачэнне таму, што ён мог зрабіць рэч, якая была не пад сілу астатнім, або прымусіць працаваць на сябе водную стыхію, было адно – яму актыўна дапамагае чорт.

Для млынароў адпаведна такім памочнікам быў вадзянік. Чым іншым можна растлумачыць, напрыклад, тое, што млы­нар трымаў млын на самім вадаёме і не баяўся, што яго разбурыць вадзянік? Мала гэтага, чалавек яшчэ і значны прыбытак атрымліваў ад свайго занятку, жыў лепей за іншых. Гэта дава­ла падставы і для аналагічных заключэнняў.

А. Афанасьеў аўтарытэтна заяўляў: «На ўсялякім млыне жыве па аднаму вадзяніку, і нават болей, усялякі вадзянік заведвае сваім колам. Млынар абавязкова павінен быць варажбітом і сябраваць з нячысцікамі, інакш справа не пойдзе на лад».

Ад таго млынара атрымлівалі чароўную ўласцівасць –  заўсёды ўтрымлівацца на вадзе.

Я. Ляцкі пісаў: «Паводле агульнапрынятай думкі, млынары сябруюць з вадзянікамі і карыстаюцца іх паслугамі для паспяховага вядзення сваёй справы і ў тых выпадках, калі неабходна дапамога звышнатуральнай сілы… Падзьме млынар на ваду, пашэпча яму аднаму вядомыя словы – і справа зроблена, жаданне выканана. Зносіны ж з нячыстым адбіраюць у млынара магчымасць загінуць ад вады: менавіта млынары ніколі не тонуць».

 

Працяг – будзе

 

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя