Домой Общество Што маем — ня беражэм, ці Хто ў Бабруйску Іван, які не...

Што маем — ня беражэм, ці Хто ў Бабруйску Іван, які не памятае сваяцтва?





Трэцяга лютага Бабруйск наведаў старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Пад час яго паездкі сябрамі таварыства быў праведзены агляд будынку былога іезуіцкага касьцёла (гаўптвахты) на тэрыторыі крэпасьці. Гэта старэйшы будынак Бабруйска, які быў пабудаваны ў 1747 годзе, яшчэ да падзелаў Рэчы Паспалітай і да будаўніцтва, зразумела, бабруйскай крэпасьці. Адзіны будынак, які захаваўся з усяго старажытнага Бабруйска!..

Але на жаль, сёньня ён знаходзіцца ў аварыйным стане. Агароджа расчынена, тэрыторыя навокал засыпана сьмеццем Уваход у касьцёл забіты, але адчынены сутарэньні і выбітыя вокны.

Пасьля дзьвух пажараў, якія моцна яго пашкодзілі, праз дзіры ў страсе яго залівае дажджамі і засыпае сьнегам. Вось тут і ўзнікае думка: магчыма тых грошай, якія былі змарнаваны на рэканструкцыю боя расейскіх і французскіх жаўнераў на Дзень Незалежнасьці ў 2012 годзе, хапіла б каб залатаць дах і забіць вокны старажытнага будынка? Або проста прыбраць сьмецце ў бастыёнах крэпасьці?

Дарэчы, па некаторых звестках, менавіта ў гэтым касцёле быў ахрышчаны будучы класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч!

Таварыствам былі дасланыя тры лісты ў Міністэрства культуры, пракуратуру і бабруйскі гарвыканкам з просьбай: «Даручыць упаўнаважаным спецыялістам Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь скласці пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні » А таксама «прадставіць інфармацыю аб тым, якія мерапрыемствы па захаванні вышэйназванай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці запланаваны Бабруйскім гарвыканкамам у бягучым 2013-м г. (ў выкананне п. 2 ар. 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь»).

25 лютага прыйшоў адказ з Міністэрства культуры, у якім мінкульт «вучыць» бабруйчан таму, якія функцыі ўскладзены на мясцовыя выканаўчыя органы. А наш зварот, тым часам, адфутболівае ў магілёўскі аблвыканкам.

Праўда паведамляе, што ў красавіку запланавана праверка і больш нічога істотнага!
А пракуратуры, і бабруйскаму гарвыканкаму наогул няма што адказаць.

Дык якія мерапрыемствы па захаванні будынка былога іезуіцкага касьцёла запланаваны Бабруйскім гарвыканкамам у бягучым 2013-м годзе?

Пытанне застаецца ранейшым

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя