Домой Аляксей Ненадавец Шматлікасць назваў лесавіка

Шматлікасць назваў лесавіка

Працяг. Пачатау тут: http://babruysk.by/tayamnichy-lesavik/

 

Таму і атрымлівалася такая колькасць усемагчымых варыянтаў, сярод якіх даследчыкі знаходзілі найбольш істотнае, важнае, характэрнае. У прыватнасці, Ул. Даль пісаў: «Лясны, лесавік, лесавы, лешы, ляшак-лясны дух, пужака, як дамавік, палявік, вадзянік; лешы спявае голасам без слоў, б’е ў ладкі, свішча, аукае, рагоча, перакідваецца ў мужыка з торбай, у ваўка, у філіна, абыходзіць праходжых і мужыкоў, прымушаючы іх блукаць; пазбаўляюцца ад гэтага, апрануўшы ўсю вопратку навыварат, звяры, асабліва зайцы, у яго падпарадкаванні…  Лешы жыве вострагаловы, кудлаты. Лешы нямы, але галасісты, без шапкі, валасы зачэсаны налева, кафтан зашпільваецца направа, брывоў і веек няма. Лешы падыходзіць грэцца да вогнішчаў, але хавае твар. Зводзіць дзяцей, якія пракляты бацькам-маткаю».

Дз. Ушакоў даводзіў крыху іншае: «Лешы можа быць у выглядзе жывёліны — чырвонага пеўня, ваўка, зайца, парасяці – і ў выглядзе чалавека: голы з доўгімі белымі вала­самі і  барадою, з зялёнымі вачыма; сустракаецца і велічны вобраз старога з сівою барадою і ў кароне. Росту лешы агромністага, з дрэва і вышэй, але можа быць і маленькім; часта мае пры сабе бізун ці дубіну. Можа быць у выглядзе звычайнага чалавека, старога ў чырвонай світцы» .

У А. Кіркора знойдзем наступнае сведчанне: «Паходжанне лешых такое ж, як і ўсюды. Яны родныя з дамавікамі, вадзянікамі, з русалкамі з паветранымі д’ябламі (віхурамі – словам, з усім, што вядома на Беларусі пад агульнай назвай «чарцё, чартоўе, чартоўня») …Лешыя – гэта тыя духі, якія ўпалі ў лясы. Яны пасяліліся ў лясных гушчарах. У іншых месцах яны з надыходам маразоў хаваюцца ў пекле і толькі з вясною з’яўляюцца на паверхні. Беларускія лешыя, прынамсі большасць з іх, не баяцца маразоў і застаюцца на ўсю зіму. Наадварот, у моцную сцюжу яны больш чым калі палохаюць і наводзяць жах на людзей. Некаторыя нават ператвараюцца ў дэманаў зімовых завірух. Лешы роўны з самымі высокімі дубамі і іншымі дрэвамі, але калі паявіцца на паляне, ён роўны з травою. Беларусы сцвяржаюць, што рост яго менавіта і залежыць ад вышыні тых  дрэваў, паблізу якіх ён стаіць ці праходзіць. Беларускія лешыя часам прымаюць аблічча лясных цмокаў, г. зн. змей, якія высмоктваюць з кароў малако. Лешы – цар лясоў. У кожнага ёсць свой участак, яны пільнуюць, аглядаюць іх, і не абыходзіцца без таго, каб не адбывалася спрэчак і боек між суседнімі ўладальнікамі ўчасткаў. Лешы, як і русалка, любіць гайдацца на галінах дрэваў, і ў яго, як і ў русалкі, валасы зялёныя».

Пра тое, што лесавік звязаны з нячысцікамі, сведчыць наступная інфармацыя: «Лешы здольны перадаваць галасы ўсіх жыхароў свайго краю – ад мядзведжага рыку да піску камара ўключна; калі ж ён падае свой уласны голас, голас нябачнай істоты, то ці глушыць чалавека, ці лашчыць пяшчотным шэптам, каб выканаць мэты свайго каварства. Але якім бы не быў гэты голас, вопытны слых разбярэ ў ім дзікія пералівы, злоснае папіскванне нячысціка…

Лешы — дзікі, няўмольны нячысцік, якога можна падмануць, калі назавеш пры ўваходзе ў лес няправільны кірунак мяркуемага шляху ці апранеш на ўзлеску адзенне навыварат. Калі гэта не зроблена, лешы адразу падступаецца да ахвяры і зласліва цешыцца з яе пакут, збіўшы з належнага напрамку. Ён прымушае чалавека кружыць па лесе некалькі гадзін, праходзіць па адным і тым жа месцы па некалькі разоў, заводзіць у глыбіню лесу, у самы гушчар; калі ж ахвяра страціць усякую развагу і даходзіць да адчаю, лешы злосна рагоча, і яго рогат чуваць за вёрст сорак па акрузе. Часам па папярэдняй дамоўленасці з вадзяніком ці балотнікам ён прыводзіць сваю ахвяру да іх, у іх уладанні, нягледзячы што іншым разам лешыя і вадзянікі – непрымірымыя ворагі, прычым вадзянік заўсёды першым напаскудзіць лешаму».

У «Жывапіснай старыне» пададзена наступнае: «Лесавік — пярэварацень. Істотная яго рыса, што ён мяняецца ў росце і прымае разнастайнае аблічча: у лесе лесавік ідзе – ён з лесам роўны, па лузе ці па полі — ён з травой і былінкай роўны. А часам ён хаваецца пад былінку, кветку ці лісток дрэва; у лесе лесавік хаваецца ў дупло і пад каранямі выварачаных бураю дрэваў; наогул лесавік прыстасоўваецца да навакольнага асяроддзя. З’яўляецца лесавік і дзядулем, і красой-дзяўчынай, і прыгожым мужчынам, і зверам, і птушкай і заманьвае спадарожнікаў ісці за сабою ў непралазны гушчар лесу, адкуль цяжка выбрацца.

Ён рагоча, крычыць дзікім голасам, сцябае пугаю; парою, не паказваючыся з гушчару, кліча падарожніка па імені знаёмым голасам; падарожнік збочвае з дарогі і ідзе на голас: аддаляючыся ўсё далей і далей у глыбіню лесу».

Сведчанне  пра тое,  што лесавік ходзіць у абавязковым суправаджэнні шматлікіх звяроў і птушак, знаходзім у А. Багдановіча: «Калі лешы разгульвае па сваіх уладаннях, яго суправаджаюць зграі звяроў і чароды птушак, асабліва совы, пугачы, вароны і сарокі. Галава яго пакрыта доўгімі кучарамі і нагадвае вершаліну хвоі; вялізнае тулава апранута ў звычайныя шкуры – воўчыя і мядзведжыя – поўсцю навыварат; рукі-ногі тоўстыя і моцныя, як ствалы дубоў, вочы гараць, як у воўка ці савы. Ён «ржэць», рагоча, калі вясёлы; ваўком вые, калі сумны; рыкае, як мядзведзь, калі злосны, а часам дзіка павісквае. Ён пляскае ў далоні, і ад гэтага трэск ідзе па лесе. У руках ён, здаецца, трымае вялізную дубіну, якой стукае па дрэвах, таму, маўляў і чуецца ў лесе грукат. Паводле другой версіі, у руках у яго доўгі бізун, якім ён стукае, падганяе сваіх  спадарожнікаў» .

У руках, акрамя бізуна, ён мог трымаць паляўнічы ражок (рог), якім падаваў каманды звярам, птушкам і лясным наведвальнікам. Асабліва пільна адносіўся да паляўнічых, глядзеў каб тыя не білі многа дзічыны, не свавольнічалі ў лесе пры гэтым лесавік спяваў песні на розныя галасы, гаўкаў сабакам, крычаў птушынымі галасамі, а, раззлаваўшыся, мог завесці паляўнічага ў такі глухі куток, адкуль таму потым трэба было выбірацца не адзін дзень.

Здараецца часам, што лешы ўступае ў сумеснае жыццё з жанчынаю, якую ён трымаў у лясных сховішчах, не паказваючы сваім  надзіва  раўнівым братам.  «Вынікам  такога  сумеснага жыцця, – пісаў М. Нікіфароўскі, – з’яўляецца дабрадзейнае лешаня, бескарыслівы слуга людзей, чаго, аднак, сам бацька і іншыя не дапускаюць, а пры яўнай упартасці лешаняці губяць яго».

Мала гэтага, сцвярджалася, што быццам бы той чалавек, які дапаможа лесавіку з ягонай жонкай гадаваць дзіця-немаўля, атрымае пазней значную дапамогу ўжо ад самога ляснога гаспадара: «Звышнатуральныя веды і багацце атрымліваюць ад лесавіка тыя, хто зробіць якую-небудзь паслугу яго дзецям, накрые іх, калі знойдзе ў лесе голых.

Усім уласціва павер’е, што ў лесавікоў ёсць дзеці, а некаторыя нават бачылі іх: ляжаць яны голыя ў люльках, падвешаных да галін елкі ці хвоі. Калі ўбачыш такое дзіця, трэба што-небудзь з сябе зняць, накрыць дзіця і несці. З’явіцца жанчына, якая будзе ўбівацца, упрошваць аддаць ёй дзіця, абяцаць за яго выкананне любога, але аднаго жадання. I вам раскажуць прыклад, што сапраўды такі чалавек разбагацеў  дзякуючы знойдзенаму ў лесе дзіцяці, а такі – атрымаў чарадзейныя веды і зрабіўся знахарам…»

Іншая справа, што такое здаралася выпадкова, і тады ніякага асуджэння ці абурэння ў словах інфарматараў не адчувалася: «Хто ўбачыць лесавічыху ў час родаў, той павінен што-небудзъ накінуць, не хрысцячыся і не чытаючы малітвы, на народжанае дзіця і адразу ж пайсці.

Лесавічыха пойдзе за гэтым чалавекам і ўсё ж будзе пытацца, што яму трэба: грошай ці добрага жыцця. Хто папросіць у яе грошай, то яна адразу ж насыпле яму поўны прыпол грошай, якія пры выхадзе з лесу ператвараюцца ў вуголле. Але хто будзе гаварыць, што яму нічога не трэба, той ўсё жыццё будзе карыстацца поспехам ва ўсіх справах.

Таму народ кажа пра таго, хто жыве ў багацці, што, напэўна, ён бачыў лесавічыху ў час родаў. Толькі шчаслівы чалавек можа бачыць лесавіка і лесавічыху апранутымі ў добрае адзенне, калі хто ўбачыць лесавіка ў кепскім адзенні – не будзе шчасця. Мужчыны, калі ўбачаць лесавічыху і пачуюць яе голас, пачынаюць сумаваць і худнеюць».

 

Працяг – будзе.