Домой Общество Школа, бывай!

Школа, бывай!





12 чэрвеня ў Бабруйску прайшлі выпускныя вечары.

У гэты дзень усе шкаляры афіцыйна скончылі навучанне ў школе, атрымалі атэстаты сталасці і ўрачыста адсвяткавалі гэтую падзею. Як заўсёды, на ўрачыстых вечарынах было шмат разнастайных нумароў і праграм. Усё рабілася так, каб выпускнікі назаўсёды запомнілі свой апошні дзень у школе.

Неад’емнай часткай мерапрыемства з’яўляецца ўрачыстае ўручэнне атэстатаў. Сёлета да атэстатаў у падарунак прыкладаўся яшчэ і сюрпрыз ад МТС — у адмысловым канверце ляжалі віншаванне і падарункавая сім-карта, якую трэба было толькі актывізаваць.

Пасля афіцыйнай часткі былі салодкія сталы. Каб гэтыя сталы раптам не ператварыліся ў горкія, у кожнай школе дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі, якія строга сачылі за тым, што п’юць выпускнікі, іх бацькі і настаўнікі. Ва ўсім горадзе з васямнаццатай гадзіны перасталі прадаваць алкагольныя напоі.

Падчас застолля настаўнікі і бацькі гаварылі сказаныя на дарогу словы, жадалі сваім дзецям усяго самага найлепшага. Галоўным, канешне, было пажаданне, каб выпускнікі паступілі туды, куды хочуць і сталі выдатнай зменай сваім бацькам.

Як настольныя стравы, так і святочная праграма ў кожнай школе былі рознымі. Некаторыя школы запрашалі тамаду, блазнаў, некаторыя рабілі ўсё толькі сваімі сіламі.
Пасля ўсіх гулянняў, па традыцыі, усе ішлі сустракаць росквіт на раку. Але гэтую сустрэчу сапсавала дрэннае надвор’е: з-за хмар сонца не было бачна. Аднак гэта не сапсавала святочнага настрою шкалярам.

Яўген ВАСЬКОВІЧ
Фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя