Домой Аляксей Ненадавец Розныя па росту

Розныя па росту

Працяг. Пачатак тэмы тут: http://babruysk.by/tayamnichy-damavik/

Аляксей Ненадавец, блог, міфалогія, дамавік

Маглі згадваць пра маленькага смяшлівага дзядульку, паросшага валасамі, ці, наадварот пра здаравеннага старога ростам пад столь, у белых вопратках. У некаторых мясцінах яго уяўлялі старым чалавекам у чырвонай рубашцы з вогненнымі вачыма.

А. Афанасьеў падае такі партрэт дамавіка: «Увесь аброс густой поўсцю і мяккім пухам; нават далоні і падэшвы ў яго ў валасах, толькі твар ля носа і вачэй – голы. Лахматыя падэшвы яго адбіваюцца зімою на снезе; а далонню дамавік гладзіць начамі сонных і тыя адчуваюць, як кусаецца яго рука. Калі ён гладзіць цёплай і мяккай рукой – гэта прадракае шчасце, а калі халоднай і кусачай – тады быць гору.

У Чысты чацвер дамавік паказваецца ці лахматым – да дабра, ці голым – да бяды. Ёсць прыкмета: у каго рукі, ногі і  грудзі абраслі густымі валасамі, таму жыць багата; у вёсках дзяўчаты ходзяць гадаць на жывёльны двор: калі першая злоўленая авечка лахматая, то і жаніх будзе багаты, а калі голая – то бедны».

Некаторыя дзеянні і ўчынкі дамавіка ўспрымаліся продкамі, як своесаблівыя прадказанні, да якіх абавязкова трэба ўважліва адносіцца. Так, напрыклад, лічыцца, што калі дамавік паказваецца ў гневе, то гэта да бяды. Гаварылі, што калі дамавік ідзе наперадзе свайго гаспадара, то таму пагражае смерць, а калі ззаду, то – вялікая бяда, гора.

Гэта ж самае падкрэслівалі тыя каму некалі даводзілася бачыць дамавіка ў гаспадаровай шапцы, – то гэта таксама да смерці чалавека. Сцвяржалі, што ён можа з’яўляцца і напярэдадні нейкіх важных падзей у людскім жыцці: перад вяселлем, перад вайной і г.д. Прадказваючы сумныя падзеі дамавік і сам паводзіць сябе адпаведна – плача, стогне, галосіць, прыгалошвае, пакідае сінякі на целе хатніх, дакранаеца да іх, пад час сну, халоднай рукой. Калі дамавік  стукаецца ў акно днём, то гэта да блізкага пажару, прыгае днём са страхі – да бяды, калі пачынае вельмі шчыра завіхацца ля жывёлы, то гэта да яе падзяжу. Да прадказання добрых падзей – ён скача, смяецца, выкрыквае нешта вясёлае, гладзіць лахматай  цёплай рукой.

Сяляне былі ўпэўнены, что дамавік запроста можа папярэдзіць чалавека і вывесці яго з-пад «удару» лёсу. У старажытных беларусаў дамавік быў падобны на невялічкага і смяшлівага чалавечка, які ў пэўных выпадках мог быць злым і  сярдзітым.

3-за свайго смяшлівага характару, калі толькі добра сцямнее, дамавікі б’юць у сцяну, стукаюць па лесвіцах, ляскаюць дзвярыма, кідаюць у рэдкіх праходжых камянямі і лістотай, сцягваюць з сонных коўдру, тушаць агонь, здольныя перакуліць у гаспадыні вядро з толькі што выдаен­ым малаком, а пасля ўсяго гэтага здалёк даносіцца злы і непрыемны смех.

Нярэдка дамавік блытае ў коней грывы, а у людзей ускудлачвае валасы, ды так моцна, што потым ніякім грэбнем расчасаць нельга.

М. Нікіфароўскі пісаў наступнае: «Часцей за усё дамавік прымае чалавечы выгляд: тады ён — тоўсты, сярэдняга росту мужчына з паўсівою лапацістаю барадою, з прыгожым дабрадушным тварам, блакітнымі адкрытымі вачыма; валасы на галаве раскудлачаны, часткова спускаюцца на лоб; за выключэннем часткі твару вакол вачэй і носа, усё цела яго, нават далоні і падэшвы пакрыты, нібы пушком, мяккаю поўсцю, зусім чалавечыя кіпці яго даўгаватыя і нейкія асабліва халодныя, што адчуваецца, калі дамавік гладзіць. Часам ён — глыбокі стары, ростам з сямігадовае дзіця, са зморшчаным тварам, белаю, як снег, барадою, сіважоўтымі валасамі на галаве, з фасфарычным бляскам вачэй, ад якіх ідуць у бакі палосы святла».

Ён таксама адзначаў: «Ёсць рэдкія дамы і сем’і, дзе да­мавік часта і падоўгу утрымлівае прыняты чалавечы выгляд. Тады ў залежнасці ад пары года і надвор’я ён носіць, то цёплае, то лёгкае адзенне. Але летам і зімою ён ходзіць босы, без шапкі, надзявае яе толькі перад смерцю гаспадара, калі часова прысядае на яго месца, бярэцца за яго работу».

Народныя дарадцы нават вызначылі дакладнае месца жыхарства дамавіка: «Звычайным месцам знаходжання дамавіка лічыцца запечны кут, адкуль ён заходзіць у падполле, у падпечча, дзе бавіць час з мышамі і курамі. Любімым жа месцам яго ў запечным куце служыць менавіта тая лінія злучэння за­печных сцен, заўсёды насупраць кута, адкуль ён пазірае на сям’ю ў час поўнага збору яе за сталом, на сямейнай радзе, на прыёме гасцей, для чаго ён высоўваецца над паверхняю печы па грудзі. Калі няма патрэбы, дамавік апускаецца на самы ніз запечнага кута, дзе звычайна дрэмле.

Акрамя месца ў хаце, дамавік туліцца ў сенцах, на гарышчы і ў клеці, калі там летняю парою большы час знаходзіцца і сям’я. Тут ён садзіцца на жэрдачку, на палок, на малочную скрыню, на жорнавы пастаў ці на ўбіты ў сцяну драўляны кручок.

Дзе ні размесціцца дамавік, ён будзе сядзець у нерухомым забыцці, з якога не выводзяць яго ні петушыны спеў, ні малітоўныя воклічы людзей, ні кіданне прадметаў з месца на мес­ца, ні нават зварот да яго. І толькі тады ён адхіліцца злёгку ўбок, калі кінуты прадмет асабліва брудны (як, напрыклад, знятыя з ног лапці, анучы…)».

У У. Дабравольскага чытаем наступнае: «Стары дзядуля дамавік (ён многім уяўляецца вельмі старым паважным старцам з доўгай барадой) клапоціцца пра гаспадарова дабро і блізка да сэрца прымае ўсе яго інтарэсы: ён усюды суне свой нос, яму да ўсяго ёсць справы… Нябачна ад людзей у чалавечым жытле вядуць дамавікі свае існаванне, п’юць, ядуць, смуткуюць і радуюцца, нараджаюцца і паміраюць. Галоўнае месцазнаходжанне дамавіка – у хаце за прыпечкам, ён жа бывае і за печкай і ў пячуры. «Вылез, як чура з пячура» (народная прымаўка. – А. Н.). Дамавікі нас бачаць, а мы іх – не».

 

Працяг – будзе. 

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя