Домой Без рубрики Распачаўся конкурс буктрэйлераў «Глядзі і чытай» па творах Алеся Адамовіча

Распачаўся конкурс буктрэйлераў «Глядзі і чытай» па творах Алеся Адамовіча

 «Прыпынак Адамовіча», ініцыятываАрганізатары – ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча». Прыём заявак ужо ідзе.

Што такое буктрэйлер і чаму Адамовіч?

Буктрэйлер – гэта не проста анонс да кнігі, гэта кароткае аўтарскае відэа, якое інтрыгуе, чапляе, заахвочвае гледача прачытаць кнігу.

«Мы разумеем, што свет змяняецца вельмі хутка. Нягледзячы на гэта, у творах Алеся Адамовіча падымаецца шмат тэм, праблем, актуальных дагэтуль, – кажуць арганізатары конкурса. – Каб прыцягнуць яшчэ больш увагі да ягоных тэкстаў, каб на працы гэтага аўтара звярнула сваю ўвагу моладзь, мы прапануем аб’яднаць літаратуру і тэхналогіі».

Як прыняць удзел у конкурсе?

Падаць заяўку могуць усе жадаючыя. Узрост і ўзровень валодання камерай, мантажом не маюць значэння. Але найперш цікава і карысна паўдзельнічаць будзе:

  • аматарам творчасці Алеся Адамовіча – падзяліцеся сваімі улюбёнымі кнігамі з іншымі праз відэа-вобразы;
  • пачынаючым рэжысёрам, сцэнарыстам, аператарам – заявіце пра сябе ў творчай супольнасці Беларусі;
  • школьнікам і студэнтам – перадайце свае эмоцыі ад твораў Алеся Адамовіча праз мабільнае кіно;
  • блогерам – прасоўвайце сябе і свой блог праз кантэнт новага фармата.

Як стварыць буктрэйлер і прыняць удзел у конкурсе?

  • Выбраць твор Алеся Адамовіча
  • Вызначыцца з фарматам і тэматыкай (гульнявы, анімацыйны, канцэптуальны і г.д.)
  • Напісаць сцэнар і раскадроўку
  • Зняць відэа, запісаць аўдыя, падабраць ілюстрацыі і зрабіць подпісы (пры неабходнасці)
  • Змантаваць канчатковы варыянт буктрэйлера
  • Азнаёміцца з правіламі правядзення Конкурса і запоўніць анкетку ўдзельніка да 15 ліпеня 2019 года ўключна
  • Верыць у перамогу і чакаць вынікаў конкурса
  • Увосень 2019 года прыехаць на ўрачыстую прэзентацыю на малой радзіме Алеся Адамовіча ў Глушы, пазнаёміцца з аднадумцамі, атрымаць узнагароду і / ці парадаваццца за калег.

Прызы і бонусы для пераможцаў і ўдзельнікаў

Прыём заявак на конкурс працягнецца да 15 ліпеня 2019 года. Пераможцы будуць вызначаныя ў трох намінацыях:

  • Лепшая ідэя/сцэнар для буктрэйлера
  • Лепшая аператарская праца і мантаж
  • Гран-пры за лепшы сцэнар і тэхнічнае выкананнне

Сярод журы – прадстаўнікі як літаратурнай супольнасць Беларусі, так і кінаіндустрыі.

Пакуль жа, да сканчэння конкурса і вызначэння пераможцы, запланаваныя майстар-класы і сустрэчы з рэжысёрамі і літэратарамі, а таксама экскурсіі на малую радзіму Алеся Адамовіча ў Глушу.

Найлепшыя працы будуць прэзентаваныя і ўзнагароджаны на этнаграфічным фестывалі «Глушанскі хутарок» у Глушы на пачатку восені 2019 года.

Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы. А таксама – вядомасць, бо конкурс будзе шырока асвятляцца ў медыях. Акрамя, удзел у конкурсе і запланаваных у ягоных рамках сустрэчах і майстар-класах дапамогуць атрымаць новыя веды, падвысіць майстэрства.

Арганізатары конкурса – ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча» – кажуць, што конкурс – гэта чарговы крок на шляху ўшанавання імя Алеся Адамовіча, вяртання яго з забыцця, прыцягнення ўвагі да ягонай творчасці. Летась актывісты дамагліся ператварэння звычайнага аўтобуснага прыпынка ў Глушы ў арт-аб’ект, прысвечаны Адамовічу, сабралі сродкі на помнік пісьменніку.

«Леташні вынік натхнў нас на новыя ідэі і дзеянні, – кажа Андрусь Архіпенка, лідар каманды. – У нашых планах стварэнне інтэрактыўнага музея ў будынку былой аптэкі і турыстычнай інфраструктуры, брэнда для пасёлка Глуша. Каб заставацца на слыху, прыцягваць новых людзей у наша праект, папулярызаваць творчасць Адамовіча, мы вырашылі правесці гэты творчы конкурс. Паводле твораў Адамовіча было знята шмат кінакарцін. Чаму б не працягнуць гэтую традыцыю і не паспрабаваць паглядзець на знаёмыя сюжэты ў святле новага часу і тэхналогій?».

Сачыце за навінамі пра конкурс у сацсетках: https://www.facebook.com/login/?next=https%3A%2F%2Fwww.facebook.com%2Fgroups%2Fadamovich.by

https://vk.com/adamovichby

 

Марына Міхневіч