Домой Общество Раманчук — ў Бабруйску

Раманчук — ў Бабруйску










Бабруйск наведаў патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук. Ён прэзентаваў сваю перадвыбарчую праграму ўсім, хто прыйшоў на сустрэчу, якая была арґанізавана пры судзеянні знакамітай грамадскай кампаніі «Гавары праўду».

Яраслаў Раманчук стаў першым з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, хто наведаў Бабруйск. Ён з’явіўся перад прысутнымі ў больш нефарматным выглядзе: чорная майка, светлыя штаны, карычневыя красоўкі. Разам са спадаром Яраславам Бабруйск наведаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі сп. Анатоль Лябедзька. Удваёх яны прэзентавалі перадвыбарчую праграму кандыдата ад АГП пад назвай «Мільён працоўных месцаў для Беларусі».

Так як сп. Раманук паводле сваёй адукацыі з’яўляецца эканамістам, то яго праграма мае адпаведны акцэнт на эканоміку. Усе сферы жыцця беларускага грамадства хай тое культурнае ці сацыяльнае або нацыянальнае сп. Яраслаў аналізуе з пункту гледжання эканомікі. «Новыя працоўныя месцы гэта эканамічная аснова для падтрымкі традыцый, развіцця нацыянальнай культуры і мовы,« гаворыцца ў праграме сп. Раманчука.

У нас ёсць аснова праграмы гэта эканамічная платформа, казаў Яраслаў Раманчук тым, хто прыйшоў яго паслухаць. І наш лозунґ «Мільён працоўных месцаў для Беларусі» рэальны і карысны для кожнага. Бо нават пенсіянеры не змогуць атрымліваць належную пенсію, калі не будзе досыць працоўных месцаў.

Адным з плюсаў надыходзячых прэзідэнцкіх выбараў, па меркаванні Анатоля Лябедзька і Яраслава Раманчука, з’яўляецца тое, што дзеючы прэзідэнт ужо зґубіў былую падтрымку Крамля.

Пра гэта сведчыць нядаўні фільм пракрамлёўскага тэлеканала НТВ «Хросны бацька», гаворыць сп. Лябедзька.

Увогуле ж АГП выступае за тое, каб вылучыць ад усіх апазіцыйных партый адзінага моцнага кандыдата. У сваёй жа кампаніі яны плануюць арыентавацца перш за ўсё на тых выбарнікаў, якія яшчэ не вызначыліся ў сваім выбары.

Напрыканцы мерапрыемства адна з актывістак кампаніі «Гавары праўду» Алена Мядзведзева сімвалічна ўручыла Яраславу Раманчуку і Анатолю Лябедзька кніжкі Ўладзімера Някляева.

Байкатаваць выбары мы збіраемся толькі ў тым выпадку, гаворыць сп. Лябедзька, калі прапусцяць толькі неканкурэнтназдольных кандыдатаў. У любым іншым мы будзем ісці да пераможнага канца.

Дарэчы, сустрэча з Яраславам Раманчуком праходзіла ў новым офісе бабруйскай партыйнай структуры АГП. Падчас выбараў яго плануюць выкарыстоўваць як інфармацыйны цэнтр, што значна ўзмоцніць пазіцыі сп. Яраслава ў прыватнасці і Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўвогуле.

Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота аўтара

Наша даведка:

Яраслаў Раманчук нарадзіўся ў местачку Сапоцкін Гарадзенскага раёна. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, аспірантуру Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы пры БДУ. Працаваў выкладчыкам, журналістам, дырэктарам прадпрыемства, аналітыкам. Быў галоўным спецыялістам камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання.

Яраслаў Раманчук з’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў і кніг на эканамічную тэматыку. Аўтар канцэпцыі інтэграцыі Беларусі ў ЕС, а таксама партнёрства Беларусі і Расіі.

Сябра Міжнароднага таварыства індывідуальных свабод. Лаўрэат міжнародных прэмій, у тым ліку штогадовай узнагароды Свабоды ISIL ад 2003 года, прэміі імя сэра Энтані Фішэра ад 2006 года і прэміі Тэмплтона ад 2007 года.

Са студзеня 2009 года ўваходзіць у склад міжведамаснай працоўнай групы пры Савеце міністраў, якая займаецца распрацоўкай плана дзеянняў па развіцці краінавага маркетынгу Рэспублікі Беларусь.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя